Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дра́ла; даць драла ’даць цягу’ (БРС, Нас., Касп., Шат.). Відавочна, звязана з дзеясловам драць у значэнні ’ўцякаць’ (параўн. рус. удра́ть, удира́ть ’уцякаць’).

Дра́ма ’драма’ (БРС). Рус. дра́ма, укр. дра́ма. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. δρᾱμα. Слова запазычана праз лац. drama або ням. Drama (так Фасмер, 1, 535). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 183) мяркуе, што для рус. мовы пасрэднікам было іменна лац. слова. Прыметнік драматы́чны, рус. драмати́ческий, укр. драмати́чний запазычаны з ням. dramatisch або франц. dramatique (Фасмер, 1, 535; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 183–184).

Драмату́рг ’драматург’ (БРС). Рус. драмату́рг, укр. драмату́рг. Запазычанне (праз рус.?) з франц. dramaturge (а гэта з грэч. мовы). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 184–185.

Драматы́чны. Гл. дра́ма.

Драма́ць ’драмаць’ (БРС, Шат., Сл. паўн.-зах.). Рус. дрема́ть, укр. дріма́ти, польск. drzemać, чэш. dřímati, серб.-харв. дре́мати, балг. дре́мя, ст.-слав. дрѣмати. Прасл. *drěmati ’тс’. Роднаснымі формамі лічацца лац. dormire ’спаць’, ст.-інд. drâti ’тс’, грэч. δαρθάνω ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 537; Бернекер, 1, 223–224; Траўтман, 60; Трубачоў, Эт. сл., 5, 108.

Дранцве́ць ’дранцвець’ (БРС, Касп.), дрантве́ць ’тс’ (Сцяшк., Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. drętwieć ’тс’ (у польск. мове гэта ўтварэнне ад прыметніка drętwy, лексема ў польск. мове вельмі архаічная, але ізаляваная і этымалогія яе не вельмі пэўная; гл. Слаўскі, 1, 165).

Драп ’драп (тканіна)’ (БРС). Рус. драп, укр. драп. Запазычанне з ням. Drap (< франц.) або прама з франц. drap ’тс’ (< с.-лац.). Гл. Фасмер, 1, 535; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 185–186.

Дра́паць ’драпаць, драць’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), ’уцякаць’ (Нас.), драпану́ць ’хутка ўцячы’ (Касп.). Прасл. *drapati ’драпаць, драць’: рус. дра́пать, дря́пать, укр. дра́пати, дря́пати, польск. drapać, чэш. drápati, славац. driapať, балг. дра́пам, серб.-харв. дра́пати і г. д. У некаторых слав. мовах развілося значэнне ’ўцякаць’ (польск., рус., бел.). Дзеяслоў *drapati звязаны з прасл. *dьrati. Параўн. Фасмер, 1, 535; Бернекер, 1, 220; Трубачоў, Эт. сл., 5, 101–102.

Драпе́жны ’драпежны’ (БРС, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. drapieżny ’тс’ (запазычанне ўжо ў ст.-бел. мове, гл. Булыка, Запазыч., 101). З польск. мовы ўзяты і шматлікія вытворныя: драпе́жыць, драпе́жства (Нас.), драпе́жнік, драпе́жніцкі, драпе́жніцтва (БРС); яны вядомы і ў ст.-бел. мове (Булыка, там жа). Насуперак Трубачову (Эт. сл., 5, 102) ст.-рус. драпежити з’яўляецца звычайным паланізмам. Здаецца, Слаўскі (1, 161) лічыць бел. драпе́жны, драпе́жыць роднаснымі з польск. лексемамі, што вельмі няпэўна.

Драпірава́ць ’драпіраваць’ (БРС). Рус. драпирова́ть, укр. драпірува́ти. Бел. і ўкр. словы ўзяты з рус. мовы. У рус. мове гэта запазычанне з ням. drapieren (< франц.) або непасрэдна з франц. draper. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 186.