Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Драбяза́ ’драбяза, дробязь’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), драбіза́ (Бяльк.), ’дробныя адходы саломы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. далей дробязга́ ’тс’ (Касп.), драбазга́ ’дробязь’ (Байк. і Некр.), драбязго́вы ’дробязны’ (БРС), драбязі́ць ’ісці дробным крокам’ (БРС). Пад праформай *drobězgъ Трубачоў (Эт. сл., 5, 118) аб’яднаў вялікую групу слоў тыпу бел. (укр. дрі́бʼязок, рус. дробезга́, польск. drobiazg, ст.-чэш. droběz і г. д.). Зыходным з’яўляецца дзеяслоў *drobiti і яго гняздо; суфіксацыя — *‑ězgъ. Ст.-бел. дробязкгъ, дробязокъ ’дробязь’ запазычаны, паводле Булыкі (Запазыч., 102), з польск. drobiazg.

Дра́га ’драга’ (БРС). Рус. дра́га, укр. дра́га. Праз рус. мову слова запазычана з франц. drague ’тс’ (< англ.). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 181.

Драгама́н ’драгаман’ (БРС). Рус. драгома́н, укр. драгома́н. Запазычанне з усх. моў: з араб. мовы ў Егіпце, дзе форма targūman была ўзята еўрапейцамі (параўн., напр., ням. Dragoman). Першакрыніцай з’яўляецца асірыйскае targūmanu ’тс’. Гл. Клюге, 140.

Дра́гба ’дрыгва’ (Касп., Сл. паўн.-зах., Яшкін). Таго ж паходжання, што і дрыгва́ (гл.), г. зн. з зыходнага *dręg‑ (> *дряг‑ > драг‑). Форма драгба́ па свайму каранёваму вакалізму (а < ʼа < ę) стаіць бліжэй да зыходнага *dręg‑, чым дрыгва́ (дзе адлюстроўваецца сувязь не з *dręg‑, а з *drьg‑, *drъg‑; параўн. бел. дрыжа́ць, укр. дрижа́ти). Суфіксальная частка (-ба) адлюстроўвае ўплыў слоў са старым фармантам -ба (прасл. *‑ьba). Параўн. драгва́ (Нас., Шат., Бяльк.), дрыгба́ (Сл. паўн.-зах.). Гл. Фасмер, 1, 545 (аб бел. дрягва́). Іншая версія ў Трубачова, Эт. сл., 5, 139 (праформа *drъgъva; няпэўна).

Драгу́н ’драгун’ (БРС). Рус. драгу́н, укр. драгу́н. Першакрыніца — франц. dragon (< лац.). Гл. Фасмер, 1, 533–534; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 181. У ст.-бел. мове слова (дракгунъ) вядома з XVII ст. і запазычана непасрэдна з польск. dragun < франц. Гл. Булыка, Запазыч., 101. Параўн. яшчэ Клюге, 140.

Дражні́ць ’дражніць’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Рус. дразни́ть, дражни́ть, укр. дражни́ти, польск. drażnić, чэш. (ст.-чэш.) drážniti, серб.-харв. дразнити. Прасл. *drazniti, магчыма, ад *draznь, вытворнага з суф. ‑znь ад асновы *dra‑. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 104 (з аглядам версій). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 534; Бернекер, 1, 221; Слаўскі, 1, 162; Махэк₂, 127.

Дражэ́ ’дражэ’ (БРС). Рус. драже́, укр. драже́. Запазычанне (праз рус. мову) з франц. dragée ’тс’. Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 182.

Дра́іць ’драіць’ (БРС). Рус. дра́ить ’тс’. Запазычанне (праз рус. мову) з гал. draaien ’круціць’. Гл. Фасмер, 1, 534.

Драко́н ’дракон’ (БРС). Рус. драко́н, укр. драко́н. У ст.-рус. мове (Максім Грэк) лічыцца запазычаннем прама з грэч. δράκων ’тс’. Паводле Фасмера (1, 534), у іншых выпадках у рус. мове гэта запазычанне з лац. dracō, ‑ōnis (< грэч.). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 183. Прыметнік драко́наўскі (драконаўскія законы) — запазычанне з франц. (магчыма, праз рус. мову) draconique або ням. drakonisch. У аснове ляжыць імя элінскага заканадаўца Дракона (Δράκων). Гл. Фасмер, 1, 535.

Драко́наўскі (драконаўскія законы). Гл. драко́н.