Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кватара́нт ’той, хто часова наймае жылое памяшканне ў домаўласніка’ (ТСБМ, КЭС, лаг.). Гл. кватэра.

Ква́тарга ’квадра, чвэрць месячнага перыяду’ (Нар. лекс.) (гл. квадра). Да кватарка са спарадычным к > г.

Ква́тарка ’квактуха’ (Мат. Гом.). Ад *квактарка < *квакт‑ ар‑ка. Але месца націску не характэрнае. Мы б чакалі націск на суфіксе (Сцяцко, Афікс. наз., 30).

Кваты́рка ’адлегласць паміж бэлькамі столі’ (Шушк.), ’чацвярцінка’ (ТС), ’засовачнае шкло ў акне, фортачка’ (Грыг., Рам., Радч., Кос.). Параўн. кватэрай (гл.).

Кватэ́ра1 ’частка жылога дома, якая складаецца звычайна з некалькіх пакояў і мае асобны выхад’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нас., Мал., Гарэц., Касп., Яруш., КЭС, лаг.). Гл. кватэра2.

Кватэ́ра2 ’квадрат, роўная чатырохвугольная плошча’, ’невялікі кавалак зямлі’ (Бяльк., Яшк.), ’частка акна’ (Нік. Очерки). Ст.-бел. кватера ’квадратная шыба’ (з 1593 г.). Праз польск. kwatera з с.-н.-ням. quartêr, якое ў сваю чаргу з с.-лац. quarterium (Булыка, Запазыч., 145). Пры гэтым мяркуюцца наступныя семантычныя пераходы: ’чвэрць’ > ’чацвёртая частка горада’ > ’чацвёртая частка ваеннага лагера’ > ’памяшканне’ (параўн. Слаўскі, 3, 472; ЕСУМ, 2, 415).

Кватэ́раваць ’часова жыць у каго-н., наймаючы кватэру, памяшканне’ (КЭС, лаг., Янк. I), ’размяшчацца, быць на пастоі (пра войска)’ (ТСБМ). Гл. кватэра1.

Кватэ́рачка1 ’фортачка’ (Мат. Гом.). Гл. кватырка.

Кватэрачка2 ’чвэрць штофа’ (Шн., Нас.). Да кватэра (гл.).

Кватэ́рка1 ’фортачка’, ’адтуліна ў коміне’ (Нас., Мат. Гом., Ян., Хар., Касп., Яшк.), ’палова акна’ (Нар. словатв.), ’частка столі паміж дзвюма бэлькамі’ (Яшк.). Гл. кватырка.

Кватэ́рка2 ’мера вадкіх або сыпкіх рэчываў, роўная чацвёртай частцы кварты’ (ТСБМ, ДАБМ, Шат., КЭС, лаг., Сержп. Грам.). Ст.-бел. кватерка, кватырка ’мера вадкасці’ (з 1690 г.) (Булыка, Запазыч., 145). З польск. kwaterka (Слаўскі, 3, 473).

Кватэ́рына ’дзвярная ці аконная створка’ (Нар. словатв.). Гл. кватэра2.

Ква́ўкаць ’квакаць’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. квакаць.