Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Глі́на ’гліна’ (БРС). Слова прасл. характару. Параўн. рус. гли́на, укр. гли́на, польск. glina, чэш. hlína, славац. hlina, в.-луж. hlina, н.-луж. glina, балг. гли́на, серб.-харв. гли́на. Прасл. *glina ’тс’. Падрабязны агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 123–124. Лічыцца роднасным з і.-е. мовамі. Параўн. грэч. γλίνη ’клей, клейкае рэчыва’ і некаторымі іншымі і.-е. формамі. Гл. Бернекер, 1, 304; Слаўскі, 1, 284; Траўтман, 92; Фасмер, 1, 412; Трубачоў, Эт. сл., 6, 125–126.

Гліст ’гліст’ (БРС). Слова, вядомае ў слав. мовах у двух варыянтах: *glista, *glistъ. Параўн. рус. глиста́, глист, укр. глиста́, глист, чэш. hlísta, hlíst, польск. glista, балг. глист, глиста́, серб.-харв. гли́ста, гли̑ст і г. д. У слав. мовах гэта лексема, акрамя ’гліст’, азначае таксама ’чарвяк, дажджавы чарвяк і да т. п.’ Лічыцца роднасным з прасл. лексемамі *glěvъ, *glьjь (гл. глей). Першапачатковае значэнне ’штосьці слізкае’. Агляд форм і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 128–129. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 284–285; Бернекер, 1, 304; далей БЕР, 4, 249.

Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́ца ’хвоя, адна хваінка’, укр. гли́ця ’хвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.

Гліцэры́н ’гліцэрын’ (ТСБМ). Рус. глицери́н. У бел. мове часцей ужываецца ў форме гліцэры́на. У такой жа форме слова раней было вядома і ў рус. мове (глицерина). Паводле Фасмера (1, 413), запазычанне з ням. Glyzerin ’тс’. Шанскі (1, Г, 94) мяркуе, што запазычанне магло быць як з ням., так і з франц. мовы. Але можна думаць, што бел. форма гліцэры́на хутчэй указвае на польск. мову як непасрэдную крыніцу запазычання. Параўн. польск. gliceryna.

Гло́бус ’глобус’ (БРС). Рус. гло́бус, укр. гло́бус. У рус. мове, паводле Фасмера (1, 414), запазычанне з ням. Globus (< лац. globus) або непасрэдна з лац. мовы. Шанскі (1, Г, 95) лічыць, што запазычанне мела месца хутчэй за ўсё з лац. мовы, але яшчэ ў дапятроўскую эпоху. У бел. мове, магчыма, з рус.

Глог ’глог’ (БРС). Рус. глог, укр. гліг, чэш. hloh, славац. hloh, польск. głóg, балг. глог, макед. глог, серб.-харв. гло̏г і да т. п. Прасл. *glogъ ’глог і пад.’ Звычайна тлумачаць як ’калючая расліна’ і ўзводзяць да і.-е. glō̆gh‑ ’востры, калоць’ (параўноўваючы з грэч. γλωχίς ’вастрыё, калючка’, γλῶχες ’асцюк коласа’). Гл. Бернекер, 1, 306; Траўтман, 91; Фасмер, 1, 414; Слаўскі, 1, 294–295. Іншыя тлумачэнні менш верагодныя (агляд іх гл. у Слаўскага, там жа; Фасмера; падрабязна ў Трубачова, Эт. сл., 6, 136–137). Махэк₂ (168) лічыць прасл. назву *glogъ словам субстратнага паходжання (з так званага «праеўрапейскага» субстрату).

Гло́каць. Гл. глакта́ць.

Гло́тка ’глотка’ (БРС., Касп., Бяльк.). Рус. гло́тка, укр. гло́тка ’тс’. Параўн. балг. глъ́тка ’глотка; глыток’, макед. голтка ’тс’. Фасмер (1, 415) адносіў да глото́к і параўноўваў з лац. glūtus ’глыток’, улічваючы магчымасць гукапераймання. Трубачоў (Эт. сл., 6, 159) лічыць вытворным ад асновы дзеяслова glъtati ’глытаць’. З пункту гледжання лінгвістычнай геаграфіі цікавым з’яўляецца той факт, што гэта лексема вядома толькі на абмежаванай тэрыторыі (няма ў зах.-слав. мовах) і яе можна аднесці да ліку праславянскіх дыялектызмаў. Гэта тым больш цікава, што дзеяслоў, ад якога ўтворана данае слова, вядомы на больш шырокай тэрыторыі (уключаючы і зах.-слав. мовы).

Глузд ’розум, развага’ (БРС). Рус. глузд, укр. глузд. Слова, якое вядома толькі ва ўсх.-слав. мовах (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 155–156). Архаічнасць структуры слова (можна меркаваць, што тут маем вынік першапачатковай экспрэсіўнай гемінацыі: *glud‑d‑ > *gluzd‑; гл. у Трубачова, там жа), нягледзячы на тое, што даная лексема зафіксавана на абмежаванай тэрыторыі, дазваляе аднесці яе да ліку праславянскіх. Суадносіцца з лексемамі *gluda, *gluta (так ужо ў Бернекера, 1, 309). Параўн. яшчэ глузды́ ў Касп.

Глум, глумі́цца, глумі́ць ’псаванне; адходы’, ’псавацца, псаваць’, ’жартаваць і да т. п.’ (БРС, Шат., Касп.). Вельмі разгалінаванае сямейства слоў, вядомае ва ўсіх групах слав. моў. Прасл. *glumiti (), *glumъ, *gluma (агляд вялікага матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 147–149). Зыходным для дзеяслова *glumiti лічацца назоўнікі *gluma, *glumъ, якія даследчыкі суадносяць з *glupъ. Услед за Бернекерам (1, 308) лічыцца роднасным са ст.-ісл. glaumr ’шумная забава’, ст.-англ. glēam ’забава, жарты, гульня’, грэч. χλεύη ’жарт’ і г. д. Іншыя версіі лічацца не вельмі надзейнымі. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 416; Слаўскі, 1, 296.