Гла́дкі ’гладкі’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк.). Рус. гла́дкий, укр. гла́дкий, польск. gładki, чэш. hladký, серб.-харв. гла̏дак, ст.-слав. гладъкъ ’тс’. Прасл. *gladъ‑kъ, прыметнік з асновай на ‑ŭ і суфіксам ‑kъ (у якім бачаць элемент з дэмінутыўным значэннем). Роднасныя формы: літ. glodùs, ст.-в.-ням. glat (ням. glatt) ’тс’, лац. glaber ’без валос, лысы’ (*ghlədh‑ro‑). Агляд форм гл. у Слаўскага, 1, 287. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 409; Траўтман, 90–91; Бернекер, 1, 300. Сюды і гладю́чы ’сыты, мажны’ (Сл. паўн.-зах.).
Гладу́н ’Herniaria L.’ (Кіс., БРС). Укр. гладу́н ’тс’ (Макавецкі, 178), гладу́нка. Апісанне гл. Нейштадт, Определитель, 235–236. Ад гла́дкі, *gladъkъ, але матывацыя няясная. Расліна ўжываецца як лекавая, таксама для прання шэрсці, мыцця сабак і г. д.
Глады́ш ’крынка, збанок без ручкі’ (БРС, Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), «обгладившийся, замасленный горшок, особенно употребляемый для молока» (Нас.), ’збан’ (Сцяшк. МГ), таксама гладышка (Сл. паўн.-зах.). Рус. гладыш ’тс’ (паводле СРНГ, 6, 182, зах. і паўн.-зах.), гладышка ’тс’ (паўд., Даль), укр. глади́шка ’тс’ (таксама гладу́ш, гладу́щик). Гэтыя словы фармальна звязаны са слав. *glad‑ кладкі’ (+ суф. *‑yšь, ‑yšь‑ka). Такое паходжанне названых лексем можна абгрунтаваць і семантычна. Але Трубачоў (Рамесл. терм., 219–220) мяркуе, што формы з глад‑ не спрадвечныя, а другасныя. Зыходным ён лічыць рэканструяваную прасл. аснову *latū̆‑, *latĭ‑, сувязі якой за межамі слав. моў няясныя. Мяркуем, што няма падстаў адмаўляцца ад простай і зразумелай этымалогіі: глады́ш < *glad‑yšь (да *gladъ‑kъ ’гладкі’). Адсюль і гладышыкі, ’жоўтыя гарлачыкі’ (Сл. паўн.-зах.).
Гладыя́тар ’гладыятар’. Рус. гладиа́тор, укр. гладіа́тор ’тс’. Бел. і ўкр. словы, мусіць, запазычаны непасрэдна з рус. мовы ў адносна новыя часы. Рус. гладиа́тор, паводле Шанскага (1, Г, 86), запазычана з лац. мовы (параўн. лац. gladiator ’тс’, вытворнае ад gladius ’меч’) прыкладна ў першай палавіне XVIII ст.
Гла́зіць ’глядзець; зяваць; сурочваць’ (Нас.). Рус. гла́зить ’тс’ (гл. СРНГ, 6, 187–188). Паколькі гэты дзеяслоў даволі шырока распаўсюджаны ў рус. мове, а ў бел., акрамя Насовіча, здаецца, больш нідзе не зафіксаваны і паколькі зыходная лексема глаз ’вока’ не характэрна для бел. мовы (глаз як запазычанне з рус. сустракаецца ў некаторых гаворках; параўн. Сл. паўн.-зах.), то можна меркаваць, што гэта запазычанне з рус. гла́зить. Адносна лексемы глазу́н ’разява, разявака’, зафіксаванай таксама толькі ў Насовіча, можна сказаць, што і яна ўзята з рус. глазу́н ’тс’ (гл. Даль), хоць і не выключаецца магчымасць самастойнага яе ўтварэння ў бел. мове на базе запазычанага гла́зіць.
Глазу́н ’разява, разявака’ (Нас.). Гл. гла́зіць.
Глазу́р ’сінька’ (Шатал.). Гл. глазу́ра.
Глазу́ра ’глазура’ (БРС), ’паліва’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. глазу́рь ’тс’ (на пачатку XIX ст. таксама глазу́ра; гл. Шанскі, 1, Г, 90). Бел. глазу́ра і рус. форма глазу́ра запазычаны з польск. glazura ’тс’ (параўн. Фасмер, 1, 410; Шанскі, 1, Г, 90), якое паходзіць з ням. Glasur. Бел. дыял. глазу́р ’сінька’, відаць, адлюстроўвае рус. форму глазу́рь. Сл. паўн.-зах. лічыць слова глазу́ра запазычаннем з рус.
Глакта́ць ’хлябтаць; піць непамерна’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. глохта́ть ’жадна піць’, таксама глокта́ть (гл. СРНГ, 6, 203–204). Паводле Фасмера (1, 415), кантамінацыя форм *glъtati і *lъkъtati. Параўн. яшчэ гло́каць (Нас.).
Гламава́ты ’прыдуркаваты’ (Шат.). Няяснае слова Можа, звязана з групай слоў, якія Слаўскі (1, 281) прыводзіць для польск. glamać ’чмякаць у час яды, неакуратна есці’ (серб.-харв. glamàzati ’багата і не да ладу гаварыць; абдурваць і да т. п.’) і якія ён лічыць гукапераймальнымі. Няпэўна. Параўн. яшчэ гламазда́ (гл.).