Трыу́льна ‘сытна’ (Сцяшк. Сл.), трыу́льно ‘тс’ (Сл. рэг. лекс.). Ад трывальны ‘пажыўны’ (гл. трываць) з мясцовай субстытуцыяй а > у пад націскам: трыву́ло ‘трывала’ (Сцяцко, БММ, 2, 204), параўн.: трывульную яду ўсе любяць (Даніловіч, Лінгв. краязн., 125); мясцовая форма, відаць, сведчыць аб білабіяльным характары в.
Трыу́мф ‘урачыстая сустрэча палкаводца і яго войска ў Старажытным Рыме ў сувязі з дасягнутай перамогай’, ‘бліскучы поспех, выдатная перамога’ (ТСБМ), ‘урачыстасць’ (Некр. і Байк.); ст.-бел. трыумфъ, триумфъ ‘урачыстасць з выпадку перамогі’ (1580 г.), мн. л. трыумпы (Золтан, Athila). Запазычана са ст.-польск. tryumf ‘тс’ або непасрэдна з лац. triumphus ‘трыумф’, ‘урачысты ўезд’ < вокліч triumpe! (які выкрыкваўся ў дзень свята ўрадлівасці) < ст.-грэч. νρίαμβος ‘гімн у гонар Вакха’, ‘які трыумфуе, святкуе’ < τρί‑ομφος ‘трайны крок’ (Вальдэ, 1906, 637–638; Фасмер, 4, 103; ЕСУМ, 5, 646; Булыка, Лекс. запазыч., 66).
Трыўны́ (трывны́й) ‘больш сытны’ (Клім.), з іншай суфіксацыяй трыўке́й ‘каларыйны, сытны’ (драг., Скар. НМ). Да трыва́ць (гл.), параўн. трыва́льнейшы ‘больш пажыўны, каларыйны’ (Скарбы₂), трыва́лкі ‘тс’ (Гіл.).
Трыфо́ль ‘вадзяная ці балотная расліна бабок, Menyanthes trifoliata L.’ (ТСБМ). Праз рускую мову (трифоль) з лац. trifolium ‘трыліснік, канюшына’. Параўн. чэш. дыял. třilistník, třulistník, паўд.-польск. trojan — звычайна ў расліны з кораня вырастаюць тры вялікія сакавітыя лісты (Махэк, Jména, 182; ЕСУМ, 5, 641).
Трыфу́нцік ‘дзіця, якое не набірае вагі да нормы’ (Жд. 1). Да тры і фунт, гл.
Трыхаму́днічанне, трыхаму́дства ‘пустаслоўе’ (Юрч. Мудр.). У выніку пераносу семантыкі з трахаму́ддзе ‘малакаштоўныя рэчы’, гл.
Тры́хі ў рыфмаваным выразе тры́хі да мні́хі ‘пра дарэмную трату часу’ (брагін., З нар. сл.). Параўн. укр. три́хи ‘трэнне; мітусня, клопат’, рус. три́ха, тры́ха ‘працёртая рэдзька’, ‘бульба, якая засталася на зіму ў зямлі’, што схіляе да думкі пра вытворчасць ад церці (аналагічна ЕСУМ, 5, 558). Другая частка выразу мае тыповы для рыфмовак пачатак з губным м і, відаць, блізкая па семантыцы да першай, магчыма, ад мяць, мну, як церці, тру (гл.), і ў такім выпадку толькі фармальна набліжаецца да мні́хі (< польск. mnich ‘манах’). Семантыка выразу дэманструе іранічныя адносіны да падобных заняткаў.
Трыхі́ны ‘паразіты ў свіным мясе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стома Мяст.). З новалацінскай навуковай наменклатуры thrichina ад грэч. τρίχινος ‘валасяны’ (ЕСУМ, 5, 642), параўн. валасень 5 (гл.).
Тры́ца ‘драўлянае колца ў калаўроце, праз якое шнурам перадаецца рух шпульцы’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.); тры́цык, крэ́цэк, тры́цік ‘тс’ (малар., Сл. Брэс., Уладз.). Яшчэ раней трыца ‘блок у шыбеніцы’, гл. Гардзееў, Магдэбургская Гародня. Мінск, 2008, 51. З польск. tryc, trycek, tryca, trycka ‘колца ў калаўроце’, ‘блок, на якім спускаецца ланцужок у гадзінніку’, а таксама ‘равок (выраз) у блоку, на які навіваецца шнур’, якія з ням. Tritze ‘хадавое кола’ (Фалінская, Sł. tkac., 2/1, 90; Вінцэнц). Меркаванні пра запазычанне стры́ца (гл.), тры́ца ‘калёсіка на калаўроце’ праз ідыш гл. Галай, БМ, 8, 54.
Трыціка́ле ‘збожжавая культура — гібрыд пшаніцы і жыта’ (ТСБМ). Штучнае ўтварэнне з лац. triti(cum) ‘пшаніца’ + (se)cale ‘жыта’.