Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дэманстра́цыя ’дэманстрацыя’ (БРС). Рус. демонстра́ция, укр. демонстра́ція. Лічыцца запазычаннем з польск. demonstracja (< лац. demonstratio). У рус. мове вядома ўжо ў Пятроўскую эпоху са значэннем ’доказ’. Фасмер, 1, 498; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 68.

Дэ́ндзі ’дэндзі’ (БРС). Рус. де́нди, укр. де́нді. У бел. мове, магчыма, з рус. Першакрыніцай з’яўляецца англ. dandy ’тс’. У рус. мове вядома ўжо ў першай палавіне XIX ст. Фасмер, 1, 498; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 70.

Дэ́нка ’дошка, на якой рэжуць сала’ (Сцяшк.), дэ́нко ’круглая драўляная накрыўка да бочкі’ (Сцяшк.). Як можна меркаваць, маючы на ўвазе гук э (замест о; зыходная форма *dъnъko; параўн. Брукнер, 91), гэта запазычанне з польск. denko (памяншальная форма ад dno < прасл. *dъno). Параўн. яшчэ дэ́нак, дэ́нка, дэ́нко, дэ́нца ’дошчачка, на якой рэжуць што-н.’ (Сл. паўн.-зах.; < польск.), дэ́нца (Шатал.), дэ́нка ’падстаўка пад патэльню’ (Жд. 2).

Дэ́нко ’круглая драўляная накрыўка да бочкі’ (Сцяшк.). Гл. дэ́нка.

Дэ́нтка ’камера веласіпеда’ (Сцяц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. dętka ’тс’ (утварэнне суфіксам ‑к(а) ад dęty ’дуты, надуты’).

Дэ́нца ’драўляная дошчачка, на якой крышаць сала, цыбулю’ (Шатал.). Гл. дэ́нка.

Дэпе́ша ’дэпеша’ (БРС). Рус. депе́ша, укр. депе́ша. Запазычанне з ням. Depesche ’тс’ (< франц.) або прама з франц. dépêche ’тс’ (аб гісторыі франц. слова гл. у Фасмера, 1, 499; гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 73).

Дэпо́ ’дэпо’ (БРС). Рус. депо́, укр. депо́. Запазычанне з франц. dépôt ’склад’ (< лац. depositum). Гл. Фасмер, 1, 499; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 74.

Дэпута́т ’дэпутат’ (БРС). Ст.-бел. (з XVI ст.) депутатъ. Паводле Булыкі (Запазыч., 92), ст.-бел. слова запазычана з польск. deputat (< лац.). Адносна рус. депута́т думаюць, што яно запазычана або з ням. Deputat (супраць Фасмер, 1, 499), або з с.-лац. deputatus (Фасмер, там жа, мяркуе, што рус. слова можа быць новаўтварэннем). Адносна сучаснага бел. дэпута́т няясна, ці яно працягвае ст.-бел. традыцыю, ці запазычана з рус. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 75.

Дэ́раш ’конь пэўнай масці’ (БРС), дэ́раш, дэ́рэш ’конь любой масці з прымессю іншага колеру’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. deresz ’тс’ (< венг. deres; аб польск. слове Брукнер, 87). Сюды і ге́раш ’дэраш (масць каня)’ (Сл. паўн.-зах.) < дʼераш (з менай дʼ > гʼ пры палатальным вымаўленні гука «д»). Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 144; MESz, 1, 619.