Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трэ́пкі ‘канцы [палатна] у кроснах’ (ТС), ‘кутасы’: настольніцы ткалі, трэпкі зацягалі (беласт., Сл. ПЗБ). Гл. трапкі́, страпкі.

Трэ́пля (тре́пля) ‘трапанне лёну, канапель’ (слаўг., Нар. словатв.). Дэвербатыў, узыходзіць да *trep‑ja > *trep‑ati > трапа́ць2 (гл.). Сюды ж трэ́пля ‘пустая гаворка, балбатня’ (Мат. Маг., Юрч. СНЛ).

Трэ́пнуць ‘нечакана ўдарыць, брыкнуць нагой (пра каня, карову)’ (Шат., Варл., Сцяшк. Сл.), ‘стукнуць’ (Мат. Гом.), трэпну́ць ‘тс’ (ТС), трі́пнуты ‘страпянуцца, уздрыгануцца’ (кам., ЖНС), трэпну́цца ‘тс’ (ТС). Аднакратныя дзеясловы да тро́паць, трэ́паць, трапа́ць, гл. таксама выклічнікі трэп‑трэп ‘брык-брык’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ‘стук-стук (пра сэрца)’ (ашм., Сл. ПЗБ).

Трэ́псы ‘махры вакол хусткі’ (кобр., ЛА, 4). Гл. трапасні; адносна канца слова спасылаюцца на магчымы ўплыў літ. trepséti, trepsénti ‘тупаць, стукаць нагамі’.

Трэ́пуцень экспр. ‘несур’ёзны, непаслухмяны чалавек’ (Руб.), сюды ж, магчыма, трэп — мянушка чалавека па прозвішчы Трыпуцень (Аляхн.). Відаць, звязана з трэпнуць, гл.

Трэ́пці ‘стаптаны, зношаны абутак’ (паст., Сл. ПЗБ; чэрык., ЛА, 4). Няясна; відаць, можа быць звязана з трэпаць (гл. трапаць2) ці трапятаць (гл.), параўн. польск. trzepiot, trzpiot ‘легкадумны, несур’ёзны чалавек’. Меркаванне Грынавяцкене — з літ. trèpčiai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 5, 142) — цяжка прыняць па фанетычных і лінгвагеаграфічных прычынах. Хутчэй кантамінацыя трэ́пы1 і тапці (гл.) або запазычанне з польск. trepcie (Вілен. сл.), мн. л. ад trepek, trepka ‘прымітыўны абутак на драўлянай падэшве, прымацоўваўся да нагі пры дапамозе раменьчыкаў’, гл. наступнае слова.

Трэ́пы1 ‘басаножкі’ (бяроз., Шатал., Зайка Кос., Скарбы), ‘паношаныя туфлі’ (Сцяшк.), ‘абутак на драўлянай падэшве’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл., Сл. Брэс.), ‘даўні сялянскі абутак на скураной, драўлянай ці іншай падэшве’ (Сл. ПЗБ), трэ́бы, тро́пы, дрэ́пы, трэ́пкі ‘дзеравяшкі’ (ЛА, 4), трэ́пэ ‘тапкі без лятаў’ (драг., Ск. нар. мовы). З польск. trepy, trepki ‘басаножкі, туфлі на драўлянай падэшве’ (у XVI ст. — ‘сандалі манахаў’), якія з ням. Trippe ‘сандал’, што да trippeln, trampeln, trappeln ‘тупаць’, ‘тупацець’, ‘перабіраць нагамі, ісці невялікімі крокамі’ (Брукнер, 576; Вінцэнц). Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 396) ставіць пад сумнеў чэшскае пасрэдніцтва з-за ніжненямецкага паходжання Trippe.

Трэ́пы2 ‘прыступкі, ступенькі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘прыстасаванне, прылада з зубцамі для пад’ёму бярвенняў’ (беласт., Ніва, 1975, 19 кастр.) Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 142), слова прыйшло праз літоўскую мову (дыял. trẽpai) з ням. Treppe ‘прыступкі, лесвіца’; хутчэй праз польск. trepy ‘дзве паралельныя жэрдкі, пруты або шнуры, злучаныя папярочкамі, якія служаць для ўзыходжання ці сыходжання’, што запазычана з нова-в.-ням. Treppe ‘прытулкавае прыстасаванне, лесвіца; прыступка’ (Вінцэнц). Параўн. трап2.

Трэ́пяць1 ‘багна, дрыгва’ (ваўк., Сцяшк.). Утворана ад дзеяслова *trepet‑ati > трапятаць (гл.) пры дапамозе суф. ‑ь з адцягненым значэннем ‘тое, што трапечацца, калышацца, пастаянна рухаецца’.

Трэ́пяць2 ‘тое, што вельмі белае’: трэпяць, аш у вочы коля сваёю бялізнаю (навагр., ЖНС), значэнне, відаць, кантэкстуальна абумоўленае. Да трапята́ць ‘мільгацець’ (гл.), утворана ад асновы, прадстаўленай у прасл. *trepet‑ati, пры дапамозе суф. ‑ь з адцягненным значэннем (як бел‑ь).

Трэск ‘сухі рэзкі гук, утвораны пры ламанні, трэсканні, разрыванні’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп.), ‘шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў’ (ТСБМ), ‘шуміха, пустыя размовы, балбатня’ (там жа), тры͡еск ‘трасканіна’ (Вруб.), трэ́скот ‘тс’ (ТС), трэск‑по́раск ‘шум, траскатня’ (Варл.). Укр. тріск, трі́скіт, тря́скіт ‘трэсканне, лясканне’, рус. треск, тро́скот ‘тс’, ст.-рус. трѣскъ ‘тс’, ‘гром’, польск. trzask, troskot ‘траскатня’, trzask‑prask ‘трах-бах, хутка’, чэш. třesk, třeskot, třaskot, славац. tresk ‘трэск’, ‘трэсь’, славен. trèsk ‘трэсь, лясь, бабах’, trésk ‘удар грому’, ‘шум’, харв.-чак. trȉjesak, trisk ‘гром’, серб. тре̂сак ‘трэск, гук, грукат’, тре̏с, трас ‘трэсь, бах’, балг. тря́сък ‘трэск, гром, грукат’, тряс ‘трах, лясь’, макед. тресок, трескот ‘трэск, грукат’. Прасл. *trěskъ на аснове гукапераймання, першапачаткова звязанага з громам і маланкай (Фасмер, 4, 99–100; ЕСУМ, 5, 645;), роднаснае літ. traškùs ‘крохкі’, traskà ‘крохкасць’, treškė́ti, traškė́ti ‘трашчаць, патрэскваць’, ‘ляскаць, цмокаць, цокаць’, лат. trašķis ‘шум, шоргат’, літ. tróškis ‘трэшчына’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 223; Покарны, 1072; Буга, Rinkt., 1, 488; 2, 573; Скок, 3, 502; Брукнер, 579); сюды ж далучаюць гоц. þriskan ‘малаціць’, ga‑þrask ‘ток’, нова-в.-ням. dreschen ‘малаціць’ (Сной₂, 781; Арол, 4, 100). Асновай для ўтварэння *trěskъ з’явіліся гукапераймальныя выклічнікі тыпу трэсь, польск. trzas, балг. тряс і ўтвораны на іх базе дзеяслоў *trěsk‑a‑ti і інш. (Борысь, 646–647). Сюды ж трэ́скацца ‘лопацца’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), ‘разрывацца ад крыку’ (Шат.), трэ́скаць ‘ламаць, утвараючы трэск’ (Нас.), ‘прагна есці’ (Нас., Бяльк., Растарг.), ‘есці хапаючы’ (Юрч. Сін.), ‘моцна ўдараць’ (петрык., Яшк. Мясц.), ‘лопаць’ (лях., Сл. ПЗБ), трэ́снуць ‘стварыць трэск’, ‘з трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну’, ‘разарвацца’, ‘моцна ўдарыць, стукнуць’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ‘кальнуць (пра прыступ вострага болю’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘надысці (пра моцны мароз)’ (Ян.); тры͡ескаті ‘лопацца, трэскацца’, тры͡еска ‘трэшчына, расколіна’ (Вруб.), трэ́сканне ‘трасканіна’ (Нас.), траскані́на, траската́нне, траскатня́, тръскані́на, трыскатня́, трасканя́ ‘працяглы трэск, шум, стук’, ‘бясконцая балбатня, пустыя размовы’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв.; мёрск., Нар. словатв.; рагач., паст., Сл. ПЗБ); траската́ць ‘балбатаць’ (Юрч. Вытв.), траскатну́ць ‘пусціць пагалоску’ (Юрч. СНЛ), тріскыта́ньнік, траску́н, траскату́н, траскацёлка ‘балбатун’ (Юрч. СНС, Юрч. Вытв., Юрч. СНЛ); траскуно́к, траску́нчык ‘дзіцё са звонкім голасам’ (Юрч. СНЛ), траску́нчык ‘сініца’ (слонім., Арх. Фед.), ‘моцны мароз’ (ТСБМ; мёрск., ЖНС), траску́н ‘тс’ (люб., ЛА, 2, ЛА, 5); траску́нчык ‘тонкі лёд’, трэску́шкі ‘дзіцячая гульня: дзеці бегаюць па маладым лёдзе, які моцна ўгінаецца і трашчыць’ (ТС); траску́шчы, трэску́чы ‘траскучы (пра мароз)’ (Жд. 2, ТС), трэ́сь! — пра трэск (полац., мсцісл., Нар. лекс., ТСБМ); ‘бух’, ‘хрусь, трэсь’, ‘хап’ (Сл. ПЗБ).

Трэ́ска ‘тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена; шчэпка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Прык., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., Др.-Падб., Растарг.), трі́ска ‘тс’ (кам., Бес., Горбач, Зах.-пол. гов.; Сл. Брэс.), tryèska ‘тс’ (Федар. 4), ст.-бел. треска ‘тс’, ‘стрэмка’, ‘парушынка’ (ГСБМ). Укр. трі́ска, трі́сочок ‘тс’, рус. тре́ска, треска́ старое ‘жэрдка, шост, палка’, новае ‘трэска, лучына для рашэцін пад тынк’, пск. тре́ска, мн. л. тре́ски ‘шчэпка, дранка’, ‘драўляныя асколкі’; польск. trzaska ‘трэска’, ‘стружка’, н.-луж. tśĕska, в.-луж. třĕska, чэш. tříska, славац. tríeska ‘тс’, ‘стрэмка’, славен. tréska, tŕska і trskà, харв. trijèska, чак. trîska, серб. тре̏ска, тре́ска ‘трэска; габлюшка’, балг. треска̀ ‘тс’, макед. треска, дыял. тра́ската ‘трэска, падпалка’, рус.- ц.-слав. трѣска. Прасл. *trěska ‘трэска’, ‘пацяруха’ (Сной₂, 788), роднаснае прасл. *trěskati ‘таўчы, біць, разбіваць’, *trěščiti ‘ўдарыць’ (Міклашыч, 361; Фасмер, 4, 100; Махэк₂, 658; Брукнер, 579; Голуб-Ліер, 492; ЕСУМ, 5, 645). Да трэск (гл.).