Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Глузд ’розум, развага’ (БРС). Рус. глузд, укр. глузд. Слова, якое вядома толькі ва ўсх.-слав. мовах (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 155–156). Архаічнасць структуры слова (можна меркаваць, што тут маем вынік першапачатковай экспрэсіўнай гемінацыі: *glud‑d‑ > *gluzd‑; гл. у Трубачова, там жа), нягледзячы на тое, што даная лексема зафіксавана на абмежаванай тэрыторыі, дазваляе аднесці яе да ліку праславянскіх. Суадносіцца з лексемамі *gluda, *gluta (так ужо ў Бернекера, 1, 309). Параўн. яшчэ глузды́ ў Касп.

Глум, глумі́цца, глумі́ць ’псаванне; адходы’, ’псавацца, псаваць’, ’жартаваць і да т. п.’ (БРС, Шат., Касп.). Вельмі разгалінаванае сямейства слоў, вядомае ва ўсіх групах слав. моў. Прасл. *glumiti (), *glumъ, *gluma (агляд вялікага матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 147–149). Зыходным для дзеяслова *glumiti лічацца назоўнікі *gluma, *glumъ, якія даследчыкі суадносяць з *glupъ. Услед за Бернекерам (1, 308) лічыцца роднасным са ст.-ісл. glaumr ’шумная забава’, ст.-англ. glēam ’забава, жарты, гульня’, грэч. χλεύη ’жарт’ і г. д. Іншыя версіі лічацца не вельмі надзейнымі. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 416; Слаўскі, 1, 296.

Глумі́ць, глумі́цца. Гл. глум.

Глу́пства ’дурасць, лухта, недарэчнасць’ (БРС, Касп.). Зыходзячы са словаўтваральных асаблівасцей (суфіксацыя), можна лічыць, што гэта слова запазычана з польск. мовы. Параўн. польск. głupstwo з ідэнтычнай семантыкай.

Глухі́ ’глухі’. Агульнаславянскае слова праславянскага характару. Параўн. рус. глухо́й, укр. глухи́й, чэш. hluchý, славац. hluchý, в.-луж. hłuchi, н.-луж. głuchy, польск. głuchy, балг. глух, макед. глув, серб.-харв. глу̑х, славен. gluh, ст.-слав. глоухъ. Прасл. *gluxъ. Асноўнае значэнне слова ’глухі’, але адзначаецца таксама ’пусты’, ’бясплодны і да т. п.’ Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 146. Аб гэтым слове напісана многа, але, паводле Трубачова (там жа, 146–147), найбольш пераканаўчым трэба лічыць тлумачэнне прасл. *gluxъ як экспрэсіўнай змены першапачатковага і.-е. *k̑lou̯s‑ (якое адносіцца да групы слав. слоў. *sluxъ, *slušati). Такое тлумачэнне даў у свой час Махэк₂ (170), які знайшоў у літ. мове адпаведныя дублетныя формы. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 417; Траўтман, 91; Слаўскі, 1, 295–296; Фрэнкель, 1, 159 і наст.

Глушы́ць. Да глухі́ (гл.).

Глы́ба ’глыба’ (БРС). Слова вядома толькі ў рус. і бел. мовах (гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 160). Паводле Трубачова (там жа), роднаснае слову *glyza (гл. глы́за). Ранейшая версія (роднаснасць з лац. glēba ’ком зямлі’), якую прапанавалі Брандт, РФВ, 22, 119; Бернекер, 1, 310; Фасмер, 1, 147, не вельмі верагодная, паколькі тут назіраецца неаднолькавы вакалізм.

Глыбо́кі ’глыбокі’ (БРС), укр. глибо́кий, рус. дыял. глыбо́кий, чэш. дыял. hlyboký, балг. дыял. глибо́к і г. д. Прасл. дыял. *glybokъ. Гэта вельмі архаічная форма, варыянт да *glǫbokъ ’тс’ (параўн. грэч. γλύφω, лац. glūbō). Гл. Фасмер, 1, 417–418; Трубачоў, Эт. сл., 6, 160. Параўн. глабіна́.

Глы́за ’глыба’ (БРС, Байк. і Некр.). Роднаснае слова (як і ў выпадку з глы́бай) знаходзіцца толькі ў рус. мове. Параўн. рус. глы́за ’глыба, ком’, якое засведчана ў многіх дыялектах рус. мовы. Трубачоў (Эт. сл., 6, 161–162) звязвае з *gluza, *gluzъkь (*gluza ’шышка’) і *glyba (гл. глы́ба). Раней Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) меркаваў, што гэта слова, магчыма, праславянскі дыялектызм бел. мовы, адзін са шматлікіх словаўтваральных варыянтаў агульнай зыходнай асновы, параўноўваючы глы́за з прасл. не толькі *glyba, але і *gluda (рус. глу́да), прасл. *gluta (славен. gluta).

Глыну́ць. Гл. глыта́ць.