Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кане́ц ’мяжа, ускраіна, край (вёскі, вуліцы, поля і г. д.)’, ’заканчэнне’, ’палавіна хаты’, ’фасад’, ’апошні момант чаго-небудзь’, ’смерць, гібель’, канцы́ ’астаткі нітак асновы’, ’нізка (грыбоў)’ (ТСБМ, Яруш., Яшк., Сцяшк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сержп. Грам.; валож., Жыв. сл.; Ян., Сл. паўн.-зах.). Укр. кінець, рус. конец, польск. koniec, н.-луж. kóńc, в.-луж. kónc, чэш. konec, славац. koniec, славен. kónec, серб.-харв. ко́нац, кона̏ц, макед. конец, балг. конец, конч, ст.-слав. коньць. Прасл. konьць ’канец, пачатак’, ’апошняя кропка’ < konъ (гл. Трубачоў, 11, 5–6; 10, 195–196). Роднасныя і.-е. адпаведнікі: лат. at‑kan ’зноў’, ст.-інд. kanī́nas ’малады’, kanyā́ ’цнатлівая’, с.-ірд. cinim ’узнікаю, находжу’, ст.-грэч. καινός ’новы’ (агляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 310; Слаўскі, 2, 418–419).

Канёк, парны лік канькі́ ’прыстасаванне для язды па лёдзе’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), як і канёк ’вільчык’ (ТСБМ; лаг., бяроз. Шатал.), — дэмінутыўная форма ад конь (гл.). Названы паводле знешняга падабенства (Фасмер, 2, 316; Шанскі, 2 (К), 299; Слаўскі, 2, 446). Першая лексема запазычана з рус. мовы.

Канёўнік ’хлеўны нячысцік, які займаецца коньмі і каровамі’ (Нік. Мяч.). Да конь (гл.), (аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 171). З такім жа суфіксам ‑ʼоў‑ка вядома слова памоўка ’дзве дошкі, прыбітыя да лат з абодвух бакоў франтона’ (драг., Нар. сл.).

Ка́нік ’бітон з кранам для адстойвання малака’ (Сцяшк.), да кан, кана (гл.).

Кані́кулы ’перапынак у занятках для адпачынку навучэнцаў’ (ТСБМ), драг. каніку́лэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц., вусн. паведамл.). Відавочна, запазычана з польск. kanikuła ’спякота’ і старое значэнне ’канікулы’, якое з лац. canīcula ’малы сабачка’ (у выражэнні diēs caniculāres) — ад назвы сузор’я Малога Пса і таго перыяду, калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор’і (з 22 ліпеня да 23 жніўня) і стаіць гарачае надвор’е; па гэтай прычыне быў устаноўлены перыяд адпачынку ад заняткаў. Форма мн. ліку на аналогіі з суткі (Фасмер, 2, 180; Шанскі, 2 (К) 44).

Ка́ніна, ка́нка ’льняны саламяны або з гнуткіх галінак (абшытых палатном) абручык вакол галавы замужняй жанчыны пад хусткай, на які накручвалі валасы’ (Маш.; слонім., Шн.; Тарн., Сакал.). Да тканіца < тканка (Помн. этнагр., 135).

Кані́стра ’плоскі бак з герметычнай накрыўкай для захоўвання вадкасцей’ (ТСБМ). З ням. Kanister < лац. canistrum ’плеценая з чароту карзіна’ < ст.-грэч. κάνιστρον ’тс’ < κάννα ’трыснёг’. Запазычанне з перыяду Вялікай Айчыннай вайны (Шанскі, 2 (К), 44).

Кано́н кану́н, кану́на ’сыта, куцця, абрадавая салодкая страва, якая гатуецца к памінкам’ (Нас., ТС, Вешт.; калінк., Мат. Гом.; бярэз., рагач., круп., чэрв., пух., калінк. Сл. паўн.-зах.); ’узаконенае правіла вышэйшай царкоўнай іерархіі’, ’спіс рэлігійных кніг’, ’царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята’ (ТСБМ). Укр. канун ’салодкая страва к фэсту’, канон; рус. смал. канон ’куцця з мёдам’, кастр. ’салодкае піва на ўсяночнай’, рус. канун ’маленне’, ’паніхіда’, ’дзяды’, ’першая гадавіна смерці’, ’памінкі’, ’куцця’, ’піва’, ’асвячоны мёд’, смал. кануна ’паніхіда’ і інш. Ст.-рус. канонъ (XII ст.), канунъ. Апошняя форма — народная. Запазычана з грэч. κανών ’палка, шнур, лінейка’. Разгляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 180–181.

Кано́плі ’расліна Cannabis sativa L.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.; навагр. Жыв. сл.; гродз., гом. брэст., Кіс.), канапля (Сержп., Грам., Яруш.; віц., маг. Кіс.), кыноплі́, канаплі́ (Бяльк.; Шат.), калопня, калапні ’тс’ (Яруш.; гродз., мін. Кіс.). Укр. конопля, рус. конопля, польск. konopie, каш. ku̯ónopla, н.-луж. konopje, в.-луж. konopje, чэш. konopě, славац. konope, славен. konóplja, серб.-харв. ко̀нопља, макед. коноп, балг. коно́п(ье). Прасл. konopja, konop(j)ь. Да інда-іран. *kana‑ ’насенная’. У якасці еўрапейскага культурнага слова выкарыстана форма *kana‑pus‑ ’мужчынскія каноплі’ (параўн. ст.-інд. púmān ’мужчына, самец’) > ’каноплі ўвогуле’, а для ’мужчынскай каноплі’ ўжывалася словаскладанне *pus‑kana > слав. poskonь (бел. і плоскуні). Больш падрабязна агляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 312; Слаўскі, 2, 423–426; Трубачоў, Эт. сл., 10, 188–193).

Кансе́рвы, размоўн. кансе́рва (адз. лік) ’прадукты харчавання, расфасаваныя ў герметычную тару’ (ТСБМ). Відавочна, з польск. konserva ’тс’ (XIX ст.), якое з італ. conserva ’захоўванне’ < conservare ’захоўваць у добрым стане’ < лац. cōnservāre ’захоўваць, берагчы’ (Слаўскі, 2, 428–429). Літаратурная форма ў мн. ліку — з рус. мовы.