Прысі́кацца (прысі́катысь) ’прыставаць, лезці ў бойку і пад.’ (Клім.). Укр. присі́катися ’прычапіцца, прыдрацца, прыстаць’, рус. дан., урал. присика́ться, приси́каться ’прыдзірацца, чапляцца’. Няясна. Прымаючы пад увагу агалосоўку кораня ва ўкраінскім слове, параўн. укр. присіка́ти ’прыпыняць’, з прысяка́ць да сячы́ (гл.). Распаўсюджаная ў славянскіх мовах семантычная мадэль ’біць, рэзаць, драць, калоць’ — ’прыдзірацца, быць сварлівым і да т. п.’, параўн. прыдзірацца, рус. подкалывать і інш.
Прысі́ліць 1 ’прывязаць, зрабіўшы зашмаргу (па тыпу сіла)’ (Мат. Гом.). Укр. приси́лити ’прывязаць’. Да сіло́ (гл.).
Прысі́ліць 2 ’прымусіць зрабіць што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб.), прісі́ліць ’прымусіць’, прісі́л ’гвалт; насілле, прымус’, прысі́ле́ньня ’прымус’ (Бяльк.). Рус. паўд.-зах. приси́лить ’прымусіць’, укр. приси́лувати, славац. prisiliť, серб.-харв. прѝсилити, славен. prisíliti. Да сі́ла, сіліцца (гл.).
Прыск ’іскра’, приски, пырски ’пырскі’ (Яруш.), пры́скі ’пырскі; кроплі вады, дажджу’; ’іскры’ (Бяльк.). Нулявы дэрыват ад пы́рскаць, пры́скаць. Гл. яшчэ пырскі, прысак.
Пры́скакам, пры́скыкам, прі́скъкъм, прі́кыкымі ’рабіць час ад часу, урыўкамі’ (Нас., Байк. і Некр., Юрч., Мат. Маг., Стан.; кругл., лёзн., горк., клім., ЛА, 5), пры́скыкым ’паспешна, спяшаючыся; асобнымі хвілінамі’ (Бяльк.), прыска́кам, прыско́кам, прыско́кым ’прыхваткамі, урыўкамі’ (міёр., брасл., ігн., паст., сен., талач., Сл. ПЗБ, Жыв. НС; ЛА, 5). Укр. при́скаком ’урыўкамі, прыхваткамі’, рус. смал. при́ско́ком ’час ад часу, калі-нікалі’. Да прыскакаць < скакаць. Першапачаткова Тв. скл. ад прыскок. Параўн. наскокам.
Прыска́кам ’падскокваючы’; перан. ’ахвотна’ (даўг., Сл. ПЗБ). Гл. папярэдняе слова.
Прыска́ліць у выразе прыска́ліць вочы (вока) ’прыжмурыцца’ (ТСБМ), прыска́льваць ’прыжмурваць’ (ТС), прыска́люватыся ’прыжмурвацца, нібы смеючыся ротам’ (драг., Нар. лекс.), прыска́ляный ’прыжмураны’ (Клім.). Гл. скаліць.
Прыскапа́цца ’прычапіцца; прывязацца’ (Пал., Растарг., Касп.), прыскі́пацца ’прычапіцца’ (нясвіж., Жд. 3). Рус. зах.-бранск. прископа́ться ’тс’, укр. прискіпа́тися ’тс’. Да скапа́ць ’калоць’ (гл.), да семантыкі параўн. прысі́кацца (гл.).
Прыскаўрэць ’прысохнуць’ (Касп.). Гл. скаурэ́ць.
Пры́скаць ’пырскаць, паліваць’ (Байк. і Некр., Бяльк., Ян.), пры́снуть ’пырснуць (аб дажджы)’ (Растарг.), пры́скаўка ’пульверызатар’ (Гарэц., Др.-Падб.); ст.-бел. прыснуты ’захвалявацца’, укр. при́скати ’пырскаць’, рус. пры́скать ’пырскаць; лопацца’, польск. pryskać ’пырскаць; разлятацца з трэскам, лопацца’, в.-луж. pryskać ’тс’, н.-луж. pśyskaś ’усковаць’, чэш. prýskati ’пырскаць’, славац. prýštiť ’біць струмянём’, серб.-харв. пр́скати ’пырскаць’, славен. pŕskati ’пырскаць’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’тс’. Прасл. *pyrskati, *pъrskati. Бліжэйшыя адпаведнікі літ. praũsti, praustù ’умываць’, prusnà ’пыса (у жывёліны)’, ст.-прус. В. скл. адз. л. prusnan ’твар’, лат. praũslât ’пырскаць’. Гл. Траўтман, 230; Фасмер, 3, 391; Махэк₂, 489; Бязлай, 3, 129; БЕР, 5, 827; ЕСУМ, 4, 576. Да семантыкі дзеяслова гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.
Прыскі́чыць ’прыціснуць, змусіць сілай’ (дзярж., Нар. сл.), ’захацець чаго-небудзь’ (там жа). Відаць, з прыспічыць (гл.).
Прыскле́плівацца ’прыставаць, чапляцца’ (Юрч.). Няясна; магчыма, корань той жа, што і ў заскле́плены ’запячатаны (пра мёд)’ (гл.), польск. zasklepić, zasklepiać ’залепліваць, запячатваць, склейваць’.