Ды́далем ’прахам’ («Хай яно дыдалем пойдзе!», Шат.), ды́далам ’у беспарадку’ (Сл. паўн.-зах.). Няясна.
Дызентэ́рыя ’дызентэрыя’ (БРС). Рус. дизентери́я, укр. дизентері́я. Запазычанне з ням. Dysenterie (а гэта з вучонай латыні < грэч.). Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 118.
Ды́кта ’фанера’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. dykta ’тс’ (паходжанне польск. слова няяснае; няма ў Слаўскага і Брукнера). Слова сустракаецца таксама ў форме ды́хта (Шат., Сцяшк.), дыхт (Сцяшк.). Параўн. польск. dychtować, dyktować (< ням. dichten, dicht ’шчыльны’; гл. Брукнер, 106), ст.-бел. дыфтоване (XVII ст.) ’ушчыльненне’ (Булыка, Запазыч., 104: < польск. dychtowanie < ням. dichten).
Дыктава́ць ’дыктаваць’ (БРС). Рус. диктова́ть, укр. диктува́ти. Ужо ў ст.-бел. было дыктовати, диктовати (з XVII ст.), якое Булыка (Запазыч., 103) лічыць запазычаннем з польск. dyktować (< ням. diktieren). Рус. диктова́ть, паводле Фасмера (1, 514), з ням. diktieren або франц. dicter (< лац. dictāre). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 120) для рус. слова бачыць непасрэдную крыніцу ў польск. dyktować (< франц. або лац.).
Дыкта́тар ’дыктатар’ (БРС). Ст.-бел. диктаторъ ’тс’ (вядомае з XVII ст.) Булыка (Запазыч., 96) лічыць непасрэдным запазычаннем з лац. dictator. Невядома, ці сучаснае бел. слова працягвае ст.-бел. традыцыю. Рус. дикта́тор Шанскі (1, Д, Е, Ж, 119) лічыць запазычаннем са ст.-слав. диктаторъ (з XII ст.); няпэўна.
Дыктату́ра ’дыктатура’ (БРС). Рус. диктату́ра, укр. диктату́ра. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 119–120), з ням. або франц. моў (з сярэдзіны XIX ст.): ням. Diktatur (< франц.), франц. dictature ’тс’.
Дыл, дыло́к ’самая мяккая мука пры сеянні, парашок’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 200–201), як і рус. дыл ’пыл, якое-н. расцёртае ў парашок рэчыва’, дыль ’мучное, хлебнае, крухмальнае рэчыва ў збожжы’, роднаснае літ. dūlis ’туман, пара’, dùlkė ’пылінка’: да і.-е. *dhū̆‑l‑ (Трубачоў, там жа, не згаджаецца з тлумачэннем Абаева: параўнанне з асец. формамі).
Ды́лда ’высокі, непаваротлівы, нязграбны чалавек’, засведчана ў Вілен., Ковен., Гродз. Мін. губ. (Нас.), ’высокі, сутулаваты’ (Шат.), ’даўгавязы чалавек’ (Бяльк.), ’высокі худы чалавек’ (Касп.); гл. і Сл. паўн.-зах.; рус. ды́лда ’тс’, таксама ’жардзіна’. Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19) этымалогіі рус. слова (бел. матэрыял ніхто раней не прыводзіў) лічыць непераканаўчымі і мяркуе, што гэта запазычанне з балт. моў; параўн. літ. dìlda ’непаваротлівы, неправорны чалавек’, лат. dilda ’дылда’ (Лаўчутэ, там жа, 19–20). Гл. яшчэ агляд версій у Фасмера, 1, 558.
Дылета́нт ’дылетант’ (БРС). Рус. дилета́нт, укр. дилета́нт. Для рус. крыніцай запазычання з’яўляецца ням. Dilettant або франц. dilettant ’тс’ (першакрыніца — італ. dilettante ’аматар’); так Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 121. Фасмер (1, 514)выводзіў рус. слова з ням. (< італ.) або прама з італ. Для бел. непасрэднай крыніцай трэба лічыць рус. слова.
Дыле́ць ’імжэць’ (Жд. 1). Няясна. Магчыма, звязана з дыл, дыло́к (гл.) ’мяккая мука, парашок’. Тады тут метафара (’дробны парашок, мука’ > ’дробны дожджык’ > ’імжэць’).