Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тэ́льманка гатунак бульбы (ПСл, Мат. Гом.). Відаць, ад уласнага імя Тэ́льман (нямецкі камуніст, забіты нацыстамі).

Тэля́чы ‘цялячы’ (беласт., Сл. ПЗБ; Вруб.), ст.-бел. телячий, целячий ‘тс’ (ГСБМ). Гл. цялячы, цяля.

Тэ́ма ‘галоўная думка, прадмет, змест твора; заданне’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй праз ням. Thema, якое, у сваю чаргу, з лац. thema < грэч. θέμα (Рэйзак, 655). Літаратуразнаўчы тэрмін, паводле Краснея (Прабл. бел. філал., 64), запазычаны з рус. тема ў пачатку XX ст., дзе замацаваўся з часоў Ламаносава, аднак паралельна з ім ужываўся ў XVIII ст. адпаведнік грэчаскай форме фема ‘тс’ (Фасмер, 4, 40; Арол, 4, 58; Кохман, 235). Беласт. тема́т (Вруб.) з польск. temat ‘асноўная думка’ з пераносам націску на канец слова.

Тэ́мбель ‘тоўсты свердзел’ (У. Калеснік). Гл. тэбель; відавочна, з другаснай назалізацыяй.

Тэмбр ‘акустычная афарбоўка гуку’ (ТСБМ), тэ́мбар ‘тс’ (Некр. і Байк.). Відаць, праз польск. tembr ‘тс’, што з франц. timbre (ЕСУМ, 5, 542: непасрэдна з французскай мовы).

Тэміе́жнік ‘прыгнятальнік’ (Сл. ПЗБ), тэміе́жыті ‘знішчаць, высякаць’ (там жа), ст.-бел. тямяжити ‘прыгнятаць’ (1598 г., ГСБМ). З польск. ciemiężca ‘тс’ з падляшскай фанетыкай і заменай арыгінальнага суфікса на рэгулярны для беларускай мовы суфікс ‑нік са значэннем ‘асоба мужчынскага полу па роду дзейнасці ці па схільнасці да чаго-небудзь’ або ўтвораны непасрэдна ад запазычанага дзеяслова. З польск. ciemiężyć ‘прыгнятаць, прыціскаць’, што да прасл. *temati ‘прыціскаць, душыць’ (Борысь, 80), гл. тамі́ць. ЕСУМ (5, 544) для адпаведнага запазычанага ўкр. темя́жити дапускае сувязь з тімʼя ‘цемя’.

Тэмп1 ‘ступень хуткасці, развіцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), те́мпо ‘тс’ (Вруб.). Еўрапеізм, пранікненне праз рускую мову (темп), дзе з XVIII ст. выводзіцца з ням. Tempo ці непасрэдна з італ. tempo < лац. tempus ‘тс’ (Фасмер, 4, 41; Арол, 5, 59); беластоцкае слова праз польск. tempo ‘тс’ таго ж паходжання.

Тэмп2 ‘гатунак бульбы’ (Брасл. сл.), тэ́мпа ‘тс’ (слонім., Расл. св.). Ад рэгіянальных варыянтаў назваў гатунку, першапачаткова тэмп (БелСЭ, 2, 464), гл. тэмп1.

Тэ́мпера ‘фарба, расцёртая на яечным жаўтку’ (ТСБМ). З рус. те́мпера ‘тс’, якое, у сваю чаргу, з італ. tempera.

Тэмпера́мент ‘тып псіхічнай дзейнасці’ (ТСБМ), тэмпэра́мент ‘тс’ (Некр. і Байк., Пятр.), ст.-бел. тэмпэраментъ ‘тс’ (1616 г., ГСБМ). Са ст.-польск. temperament ‘тс’, якое, у сваю чаргу, з лац. temperament ‘незалежныя суадносіны частак’ (Булыка, Лекс. запазыч., 128).

Тэмперату́ра ‘цеплавая характарыстыка’ (ТСБМ), ‘гарачка, павышаная тэмпература’ (смарг., Сл. ПЗБ), тэмпэрату́ра ‘тс’ (Некр. і Байк., Ласт.). З рус. температу́ра ‘тс’ ці польск. temperatura ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. temperatura ‘стан’. Сюды ж тэмперату́рыць ‘мець павышаную тэмпературу’ (віл., Сл. ПЗБ).