Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тро́пат ‘конская рысь з падскокваннем’ (ТСБМ), троп, тро́пат ‘трапятанне, хваляванне’ (Некр. і Байк., Ласт.). Параўн. укр. тро́піт ‘грукат, тупат, рысь’, серб. тро̏пот ‘шум, трэск, грукат’, балг. тро́пот ‘тупат’, макед. тропот ‘грукат, стук’. Відаць, самастойнае суфіксальнае ўтварэнне ў асобных славянскіх мовах са значэннем інтэнсіўнасці дзеяння ад дзеяслова тропаць, гл.

Тро́паць ‘біць, трапаць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘брыкаць задняй нагой’ (Нас.): конь тро́пае (бялын., чач., ЛА, 1), ‘варушыцца, рабіць рухі’ (рас., Бел. дыял. 1), тро́пнуць ‘стукнуць, выцяць, ударыць’ (в.-дзв., Шатал., Сцяшк. Сл., Скарбы; карэліц., Нар. сл., Сцяц., Сл. Брэс.; слонім., Нар. словатв.), ‘патанцаваць’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж тро́пацца ‘біцца (пра сэрца)’ (Юрч. СНЛ). Параўн. укр. тропа́ти ‘тупаць; танцаваць, бегчы рыссю’, рус. тропа́ть ‘тупаць, стукаць’, славен. tropati ‘біць’, серб. тропати ‘цяжка ступаць’, тропа̏т ‘стукаць’, балг. тро́пам ‘тупаць, стукаць; вытанцоўваць’, макед. тропа ‘стукаць’. Прасл. *tropati ‘тупаць, стукаць, грукаць’, якое чаргуецца з *trepati (гл. трапаць) і суадносіцца з літ. trapinė́ti ‘тупаць нагамі’, прус. trapt ‘ступаць’, грэч. τραπέω ‘ступаю, выціскаю’ і іншымі дзеясловамі гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 105; Скок, 3, 496).

Тро́пік, звычайна тро́пікі ‘гарачы пояс Зямлі, размешчаны на поўнач і поўдзень ад экватара’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мовы з англ. tropic ‘тс’, якое з лац. tropicus (circulus) < ст.-грэч. τροπικός (κύκλος) ‘тс’ (Фасмер, 4, 105; SWO, 1980, 778).

Тро́піць ‘шукаць след звяроў (аб сабаках)’ (Федар. 1), трапі́ць (тропі́ць) ‘гнацца па слядах’ (Ласт.). Параўн. укр. тропи́ти, рус. тропи́ть ‘ісці па слядах звяроў’, ‘вытоптваць сцежкі’, польск. tropić ‘ісці па слядах, віжаваць’. Прасл. *tropiti ‘тс’ — ад *tropъ > троп (гл.) (Фасмер, 4, 105; Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648–649). Гл. таксама трапі́ць.

Тро́пка (трёпка) ‘пакаранне, біццё’ (Растарг.), ‘наганяй з асаблівай злосцю і лаянкай’ (Юрч. Сін.). Хутчэй за ўсё, з рус. трёпка, ад трепа́ть (гл. трапа́ць1) у сувязі з малой прадуктыўнасцю словаўтваральнага тыпу на ‑ка са значэннем “адцягненага дзеяння” ў народных гаворках (Сцяцко, Афікс, наз., 87).

Тро́псікі мн. л. ‘?’ (Шымк. Собр.). З-за адсутнасці тлумачэння значэння застаецца няясным.

Трос1 ‘канат з пянькі або са стальнога дроту’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘карабельная вяроўка’ (Некр. і Байк.), ‘якарны канат’ (ТС), ‘ліна, якой звязваюць звенні плыта’ (дзісн., Бел. дыял. 3), троса́ ‘тс’ (петрык., З нар. сл.). Праз рускую мову з нідэрл. tros ‘трос, ліна’, якое разам з с.-н.-ням. trosse, ням. Troß, Trosse ўзыходзяць да франц. trousse < trousser ‘круціць’ < с.-лац. tortiare ‘тс’ (Фасмер, 4, 106; Duden. Etymologie, 867).

Трос2 ‘ колас’ (Сцяшк. Сл.). Адзінкавая фіксацыя не дае падстаў для надзейнай этымалогіі. Можна параўнаць з чэш. trs ‘сцябло, мяцёлка расліны’, ‘вінаградная лаза’, славац. trs ‘наземная частка некаторых раслін’ (з чэш., Кралік, 630), славен. tȓs ‘вінаградная лаза’, серб. трс, харв. tȓs, tȑs ‘сцябло, вузел, вінаградная лаза’, ст.-слав. тръсиѥ ‘вінаград’. Прасл. *trьsъ ‘сцябло, вінаград’ (Глухак, 640), параўноўваюць з грэч. θρινία ‘адростак, парастак’, алб. trishë ‘тс’ (Скок, 3, 509) або разглядаюць у якасці запазычання з с.-лац. tirsus, trisus ‘сцябло’ (Махэк₂, 654). Магчыма, на Балканах першасная назва перанесена на вінаград (Лома, Зб. ФЛ, XLV/1, 94); няясныя адносіны да макед. дыял. тросук ‘пырнік’, балг. дыял. тро́сък ‘від пустазелля’, параўн. троскат, гл.

Трос3, ст.-бел. тросъ ‘скураная торба або пояс для грошай’ (1585 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trzos, czrzos ‘тс’, якое ўзводзіцца да прасл. *čersъ, параўн. каш. třos ‘гасцінец, чаявыя’, рус. че́рес, че́рез ‘шырокі скураны пояс на грошы’, укр. че́рес ‘тс’, роднасныя ст.-ірл. criss ‘пас, пояс’, шатл. crioss ‘тс’, ‘паўпасак’, вал. crys ‘кашуля, сукенка’, ‘адзенне з фалдамі’ < і.-е. *kerd‑ ‘пас; падпяразвацца поясам’ (Борысь, 651). Звязана з польск. trzosła (XVI ст.) ‘паясніца’, гл. чарасло.

Троск ‘звязка нізак рыбы, звычайна 100 штук’, ‘нізка ўюноў на продаж’ (Крыв., ТС), тро́стка ‘тс’ (ТС). Апошняе сведчыць пра зыходнае трост (гл.) з распадабненнем ст > ск, аналагічна ўкр. троск ‘чарот’ з трость ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 650).

Тро́ска1 ‘мера палатна ў 100 метак’ (ТС), ст.-бел. троска ‘звязка, нізка’, ‘адзінка колькасці рыбы’ (Ст.-бел. лексікон): уюновъ троску одну (ГСБМ). Параўн. польск. troska ‘тс’: troska junów (Варш. сл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад тро́ска3 ‘трысціна, кій’ (гл.) у сувязі з тым, што апошнія выкарыстоўваліся ў якасці меры розных матэрыялаў і тавараў.

Троска2 ‘трэска’ (Мат. Гом., Янк. 2). Да трэ́ска2 (гл.); аб спарадычнай мене э > о гл. Карскі 1, 170–179.

Тро́ска3 ‘трысціна, кій’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. тро́стка ‘кій, трысціна ў бёрдзе’, ст.-рус. тростка ‘кій’. Апошняе Фасмер (4, 106) звязвае з рус. треска́, гл., троска3, трэска, далучаючы сюды чэш. troska ‘абломак, руіна’. Хутчэй да тростка, тросць (гл.), параўн. харв. tr̀ska ‘чарот’, макед. трска ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *trъstьka < *trъstь (Глухак, 640). Сюды ж назвы раслін тро́ска чаро́тавая ‘трызубка аўсянічная, Graphephorum arundinaceum Asch.’ (Байк. і Некр.), тро́ська, тро́скі ‘трысцянка аўсяніцавая, Scolochloa festucacea Link.’ (Касп.; маг., Кіс.), ст.-бел. тростка ‘назва экзатычнай расліны’ (ГСБМ).

Тро́скат ‘трэск’ (Ласт.), ст.-бел. троскотъ ‘расліна’ (Скарына). Параўн. укр. тро́скит, трі́скот ‘трэск’, рус. тро́скот ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. троскотъ ‘тс’, польск. troskot ‘лясканне, трэск’, серб., харв. тро̏скот ‘урэчнік, Polygonum’, балг. тро́скот ‘пырнік’, макед. троскот ‘тс’. Прасл. *troskot утворана ад мяркуемага дзеяслова *troskati ‘трашчаць, лопацца’, суадноснага з літ. traškė́ti ‘хрусцець, трэскацца, грымець’ (Скок, 3, 507; Фасмер, 4, 106; SEK, 5, 172), адсюль ст.-бел. троскотати ‘трашчаць’ (Сл. Скар.). Меркаванні пра паходжанне назваў раслін, якія трашчаць, калі іх рвуць, гл. Брукнер, 577.