Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Мэтлахі, мэтлух, мэтлухі ’астатак, шматкі, драбніца, кавалачкі’, ’пажыткі; манаткі’ (ТСБМ, Юрч., Сцяшк., Касп., Др.-Падб.; слонім., Нар. лекс.). Да мотлах (гл.).

Мэтлік ’малая ўкладка снапоў у полі’ (цэнтр.-зах., ДАБМ, к. 286; Яруш.; лаг., Шатал.). Да мэндлік (гл.). Выпадзенне абумоўлена лакальнай (палескай) гіперправільнасцю рэфлексе польск. ‑ę‑ перад зубным.

Мэтр ’настаўнік’, ’майстар у якой-небудзь галіне’ (ТСБМ), ’мастак, зух’, мэтроўка ’мастачка, майстрыха’, мэтроўскі ’зроблены па-майстэрску’ (Нас.). Праз польск. metr з франц. maitre, якое з лац. magister ’настаўнік’ (Варш. сл., 2, 930). Не выключана магчымасць паўторнага запазычання праз рус. мову.

Мэтра 1 ’метр’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’дровы, складзеныя так, каб усе вымярэнні мелі 100 см’, ’цэнтнер’ (Сцяц.). Як навуковы тэрмін з II пал. XIX ст. Паводле аналогіі да лі́тра ’літр’, якое, аднак, узыходзіць яшчэ да с.-лац. мовы (litra). Да метр (гл.).

Мэтра 2 ’землямер’ (Бес.). Да метр (гл.). Перанос значэння з nomen instrumentis на nomen agentis.

Мэтэ́лык ’мятлік, матыль’ (Дразд.). Укр. метелик. Да мятлік* (гл.).

Мэтэлю́га ’буран, мяцеліца’ (Бес.). Да мецялуха, мяцеліца (гл.). Аб суфіксе ‑юга (< ‑ʼuga) гл. Слаўскі, SP, 1, 68.

Мэтэ́нька ’лапатка з пяском, якой востраць касу’ (Бес.). Балтызм (яцвяжскае?). Параўн. літ. mente ’мянташка’, ’лапатка’.

Мэх (жарт.) ’чалавек, які імкнецца паласавацца чужым з дапамогай хітрыкаў’ (карэліц., З нар. сл.). З польск. mecha ’пітны мёд’, якое з венг. mehsör, mėzser ’тс’ < mėz ’мёд’, meh ’пчала’ (Варш. сл., 2, 913).

Мэцаць ’мацаць’ (барыс., Сл. ПЗБ), мацнуць ’намацаць’ (Жд. 1). Да мацаць (гл.). Аб мене э > а гл. Карскі, 1, 104.

Мэціць ’намервацца’ (віл., Сл. ПЗБ). Да мэта (гл.).