Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Касні́к ’істужка’; ’тасёмка’; ’шнурок, сплецены з нітак, якім карысталіся пры красанні агню’, ’наогул вузкія палоскі чаго-н., шматы’ (Сл. паўн.-зах.), ’істужка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. прыклад у Сцяшк.: «У дзяўчынкі прыгожы каснік у касе». Не цяжка схіліцца да думкі, што гэта слав. слова *kosьnikъ (да *kosa ’валасы’, *kosьnikъ ’істужка для кос’). Але сітуацыя тут зусім іншая. Бел. каснік запазычана з літ. мовы (гл. Сл. паўн.-зах., 2, 433): параўн. літ. kasnỹkas ’тс’. Гэта вытворнае на літ. глебе ад літ. kasà ’каса, валоссе’ (падрабязна гл. у Фрэнкеля, 1, 226) па мадэлях літ. словаўтварэння.

Касны́ ’сараматны’, ’дрэнны’, ’худы’ (Касп.: «Твая карова дужа косная»). Слова, якое мае адпаведныя паралелі, як здаецца, толькі ў рус. мове. Параўн. рус. дыял. кастный. кастной ’паскудны, гадкі, брыдкі, нячысты’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 9, 158, гэта лексема узыходзіць да прасл. (дыял.) *kasib. якое мае вельмі разгалінаваную семантыку. Параўн. яшчэ ў рус. гаворках касть ’патрава хлебная’, ’свавольства, паскудства’, ’кал’, ’пацук або мыш’, ’дрэнь, гадасць, брыдота’ і г. д. Паводле Трубачова, там жа, 157, магчыма, даўняе вытворнае з падаўжэннем галоснага о ö (> а) ад слова *kostь ’косць’. Як семантычную паралель Трубачоў прыводзіць іншае вытворнае ад слова *kostь*ко&сипъш семантыка якога эвалюцыяніравала ад ’касцявы’ да ’тленны, нячысты’.

Ка́ста1 ’каста’ (ТСБМ). Рус. ка́ста, укр. ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт. casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац. castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).

Кас́та2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ. kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням. Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ. kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат. kaste. Гл. Клюге, 356.

Кастамя́жына ’старая жывёліна’ (Шат.). Зыходнай можна лічыць форму (без суфіксальнай часткі) кастамяга ’тс’. Экспрэсіўнае па паходжанню слова. Можна меркаваць, што тут мы маем справу са складаным словам (зыходнае *kosto‑ męga < Z *kosto‑męga, да *kostь ’косць’ і *męk‑ ’мяккі’; першапачаткова ’старая жывёліна са старымі, мяккімі ўжо касцямі’). З другога боку, ёсць такія Утварэнні, як, напрыклад, рус. костомьіга ’пакінуты ў полі касцяк’ (Даль), дзе першая частка слова тая ж, што ў кастамяжыне; некалькі розныя, але, відаць, роднасныя другія часткі⇉мяга і -мыга. Няясна. Няма ў Трубачова, Эт. сл.

Каструбава́ты ’шурпаты’, ’шорсткі’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. коструба́тий ’шурпаты’, ’лахматы’. Параўн. і ў іншых слав. мовах: укр. ко́струб ’неахайны’, коструба́тий, чэш. kostrba ’узлахмачаная галава’, kostrbatý ’каравы, шурпаты’, польск. kostrubaty і г. д., Фасмер, 2, 349. Поўны агляд слав. форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 163, які выстаўляе праформы *kostrъba, *kostroma. Паводле Фасмера, 2, 349, звязана з рус. косте́рь і роднаснымі; Трубачоў выстаўляе зыходнае *kostra ’шкілет, касцяк’, ’кастрыца, адзеравянелая частка сцябла льну’. Слова *kostra роднаснае, паводле Трубачова, 159, славянскаму *kosterь. У аснове гэтых утварэнняў ляжыць слова *kostь (гл.). Параўн. яшчэ кастры́ва ’крапіва’, кастры́ца (гл.). Гл. таксама агляд Слаўскага, 2, 531–532.

Кастру́ля ’каструля’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. кастрю́ля (дыял. кастру́ля), укр. кастру́ля (у Фасмера, 2, 208: укр. костру́ля). Запазычанне з еўрапейскіх моў. Паводле Фасмера, там жа, відавочна, узята з ням. мовы (Kastrol, Kasserolle). Першакрыніцай з’яўляецца франц. casserolle ’каструля’ (Фасмер сумняваецца, што першакрыніцай можа быць гал. kastrol або н.-ням. kastroll). Шанскі (2, К, 88) усё ж мяркуе, што хутчэй за ўсё крыніцай рус. слова з’яўляецца гал. мова (у Пятроўскую эпоху гэта слова было ў марской лексіцы); ням. крыніца здаецца менш верагоднай.

Кастры́ва ’крапіва’ (Касп.). Дакладная адпаведнасць (фармальная і па семантыцы) гэтай лексеме ў рус. дыял. кострива ’крапіва’ (цвяр.). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 161, слова *kostriva мае прасл. характар (параўн. яшчэ палаб. рэканструяваную форму *kostriva ’пустазелле’); адносна праформы слова мяркуецца, што яна з’яўляецца вытворным ад слова *kostra (шмат значэнняў; зыходным з’яўляецца *kostь з яго разгалінаванай семантыкай; гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 168–173. Звяртае на сябе увагу, што форма *kosiriva з яе значэннем ’крапіва’ сустракаецца толькі ў некаторых месцах славянскай тэрыторыі, што можа сведчыць аб даўніх сувязях праславянскіх дыялектаў.

Кастры́ца ’кастрыца’ (Касп., БРС, Шат., Сцяшк. МГ); вядома таксама ў значэнні ’ігліца’, ’асцюкі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Параўн. рус. дыял. костри́ца ’кастрыца’, ’ягады розных раслін (напр., касцянікі камяністай)’, ’дробная салома’, костри́ка, костры́ка ’кастрыца’, ’салома’, укр. костри́ця ’кастрыца’, кістри́ця. Параўноўваюць далей серб.-харв. ко̀стрица ’дробная рыбіна костачка’, польск. дыял. kostrzyca ’кастрыца’ і г. д. Прасл. форма *kostrica, *kostrika. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 162. Лічыцца вытворным (з суфіксамі ‑ica, ‑ika) ад прасл. *kostra, якое мае шырокі спектр значэнняў (’рыба з цвёрдай луской’, ’ускудлачаная курыца’, ’шкілет, касцяк’, ’кастрыца’ і г. д.; агляд значэнняў у Трубачова, Эт. сл., 11, 158–159). Слав. *kostra — утварэнне суфіксам ‑r(a) ад *kostь. Бернекер, 1, 583–584; Трубачоў, Эт. сл., 11, 159.

Кастры́чнік ’кастрычнік’ (назва месяца). Гісторыя гэтага слова цесна звязана з іншай назвай 10‑га месяца ва ўсходніх славян — паздерник, у бел. крыніцах таксама паздзерник. Апошнія назвы з’яўляюцца запазычаннем з польск. październik. Польскае слова, таксама серб.-харв. дыял. паздерник ’тс’, відавочна, з’яўляюцца вытворнымі ад pazderьje ’адходы ільну, які апрацоўваецца восенню’ (прэфікс *paz‑ і дзеяслоў *dьrati *derǫ). Уплывы польскай мовы на бел. і ўкр. былі значнымі і праяўляліся не толькі ў прамым запазычанні, а і ў калькаванні. Такой калькай можна лічыць бел. кастры́чнік (< кастрыца ’кастрыца’; слав. *kostrica), які калькуе паланізм паздзернік. Гл. Шаур В. К вопросу о реконструкции праславянских названий меcяцев. — Этимология–1971., М., 1973, с. 97–98.

Касты́ль ’палка з загнутай ручкай’ (Бяльк.), кастылец, касты́ль ’тс’, ’крук’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. косты́ль ’кастыль’, ’вялікі драўляны цвік’, ’цвік з загнутым верхнім канцом замест шляпкі’, дыял. ко́стыль ’палачка для пляцення лапцей’, укр. дыял. кости́ль ’частка вялікай падоўжанай пілы’, косту́ль ’палка, посах’. У іншых слав. мовах вядома толькі славен. kostílja ’дрэва Celtis australis’, ’пугаўё (з гэтага дрэва)’. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 167. Лічыцца вытворным ад прасл. *kostь ’косць і да т. п.’ (аб іншых значэннях гл. у Трубачова, Эт. сл.) суфіксам *‑ylь. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 582; Праабражэнскі, 1, 368; Фасмер, 2, 349; Трубачоў, там жа.