Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Баброўнік, бобрык ’расліна бабок трохліставы, Menyanthes trifoliata L.’ (Кіс.). Іншыя яе назвы: бабок, бабоўнік, бобік і г. д. (ад bobъ, гл. бабо́к). Укр. боброк ’Menyanthes’. Запазычанне з польск. bobrek, bobrownik ’тс’ (ад дыял. bober, bóber ’боб’). Гл. Мяркулава, Очерки, 36.

Бабскі клятбён, бабская клятва ’грыб на асіне’ (Бяльк.). Назва, бясспрэчна, звязана з нейкімі забабонамі, чарадзействам баб (параўн. і чарадзейскае значэнне асіны ў народных павер’ях).

Бабур ’малады акунь’ (Маш.), бабура, бабурка ’галавастая рыбка’ (Інстр. лекс.). Параўн. рус. бабу́ра ’Cottus gabio, падкаменшчык’, бабу́рка ’асобны від дробнай рыбы’. Параўн. іншыя назвы: бел. ба́ба (рыба) ’падкаменшчык’, ба́бка ёрш’ (падобныя назвы і ў іншых славянскіх мовах). Утварэнне (суф. ‑ура) ад асновы баб- (для абазначэння круглых прадметаў) або ад ба́ба1 (гл.). Гэта аснова часта выступае ў назвах галавастых рыб. Безлай (Posk. zv., 8) лічыць, што bab‑ — вельмі старая аснова, якая выпадкова супала з baba ’жанчына’. Адносна назваў рыб, для якіх галавастасць не характэрна, А. А. Крывіцкі (вусн. паведамл.) лічыць, што першапачаткова тэрмін мог быць перанесены на іншых рыб па колеру і г. д.

Бабура, бабурка ’макрыца, сараканожка’ (Нас., Інстр. II, Інстр. лекс.). Да ба́ба1? Тады маем справу з табуістычнай назвай. Непрыемныя жывёлы, насякомыя часта носяць назвы, утвораныя ад ба́ба (магчыма, у значэнні ’чарадзейка’). Параўн. укр. бабин пес, бабин вовк ’касматая гусеніца’. Але не выключаецца, што бабу́ра — вытворнае ад вядомай слав. асновы bab‑ (bǫb‑, bob‑; аб гэтым Попавіч, ЈФ, 19, 159–171; параўн. таксама Мяркулава, Очерки, 36–37), якая служыць для абазначэння круглых прадметаў. Дакладная адпаведнасць бел. слову — серб.-харв. ба̀бура ’макрыца’, але, напэўна, гэта незалежныя ўтварэнні. Параўн. таксама рус. назвы насякомых: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’матыль, страказа; дробныя насякомыя’ (другую этымалагічную версію, здаецца, падтрымлівае існаванне рус. бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ і г. д.).

Бабура, бабурка ’матыль’ (Інстр. лекс.). Параўн. і ба́бка ’матыль; страказа’. У рус. мове: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’страказа; матыль’. Паходжанне няяснае. Або да ба́ба ’жанчына, бабуля’ (суф. ‑ура, гл. ба́бка, ба́бачка ’матыль’, там аб матывацыі) або да слав. асновы *bab‑ (гл. бабу́р ’малады акунь’). Паколькі справа ідзе аб аснове, якая звычайна выказвае паняцце круглага, галавастага, можна меркаваць, што першапачаткова бабу́ра азначала страказу (вялікая галава, тонкае тулава), а потым была перанесена на іншых лятаючых насякомых (матыля).

Бабура, бабурка ’расліна’ (Інстр. лекс.) (якая?). Параўн. рус. бабу́р, бабу́ра ’від грыба’, бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ (да назвы і словаўтварэння гл. Мяркулава, Очерки, 180). Бясспрэчна, да вядомай асновы баб-, але семантычная матывацыя няясная; аб гэтым гл. Мяркулава, там жа.

Бабухі́ ’вантробы, трыбухі’ (Гарэц.). Мабыць, гукапераймальнае, як і слав. bebech‑ ’тс’ (укр. бе́бехи ’вантробы’, бебе́хнути ’падаць (з шумам)’, польск. bebechy ’вантробы’, параўн. і ўкр. бабешки ’трыбухі жывёлы’). Форма бабухі́ вельмі падобная да ўкр. лемк. бабуха́тий ’пузаты, брухаты’. Параўн. Ільінскі, РФВ, 62, 237; Слаўскі, 29; Рудніцкі, 95. Гл. яшчэ бэ́бахі.

Бабу́хнуць, бабу́х! (Шат., Бяльк.). Гукапераймальнае, як і бабах!, бах!, укр. бабу́х! і г. д. (з тыповым паўтарэннем элементаў выгуку). Аднак праславянскім з’яўляецца толькі другі элемент слова ‑бух, які маецца амаль ва ўсіх слав. мовах як самастойная адзінка (гл. бух!).

Бабу́шкі ’галкі з цеста’ (Бяльк.). Рус. дыял. бабу́шка ’белая булка; грудка ў цесце’. Як і іншыя словы падобнага тыпу (і форма, і семантыка), няяснага паходжання, ёсць думка (Попавіч, ЈФ, 19, 168), што ў аснове ляжыць прасл. bab‑|bob‑|bǫb‑ ’круглы прадмет’.

Бабчыха ’бабка-знахарка, што лечыць травамі’, ’адзінокая беззямельная жанчына, што жыве ў чужых людзей’ (Бяльк.). Вытворнае (суф. ‑іха) ад дзеяслова (параўн. рус. дыял. ба́бчить ’займацца знахарствам’) або непасрэдна ад ба́ба, ба́бка ’баба-знахарка’.

Ба́бчыцца ’зморшчвацца; скручвацца ў вузлы; старэць; поркацца, марудзіць’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Юрч.). Рус. ба́бчиться ’перапутвацца, збівацца (аб сцяблах)’. Параўн. чэш. babčeti зморшчвацца (пра яблыкі)’. Утварэнне ад ба́бка. Гэта — дакладная паралель утварэнням ад ба́ба: ба́бець, ба́біцца (гл.).

Бабы́ль ’беззямельны, адзінокі чалавек’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.). Рус. бобы́ль ’беззямельны селянін, падзёншчык’. Укр. (ст.) боби́льрус. мовы, гл. Рудніцкі, 155). Паходжанне слова няяснае. Няпэўна Мікала, Berühr., 89: запаз. з сканд. *ƀuabóli ’здольшчык’, а таксама Мікала, Ält. Bezieh., 50 (экспрэсіўнае слова, параўн. швед. bobbe, англ. bob ’цяльпук’ і г. д.). Не лепш і Фасмер, 1, 181, які прапануе звярнуць увагу на рум. bobîlcă ’від танца’, bobîlnic ’настурка’. Супраць рум. версіі сведчыць іменна адсутнасць гэтага слова (калі не лічыць запазычання з рус.) ва ўкр. мове. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 147–148.