Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́ца ’рагатка’ (драг., Сл. Брэс.), ’прашча’ (Скарбы), ст.-бел. процъ ’прашча, прастка’. З польск. proca ’прашча’. Этымалогію гл. прашча.

Про́цераб ’месца, дзе высечаны лес; расцярэблены кусты’ (слаўг., Яшк.), про́церэб, про́тэрэб, про́терэб ’тс’ (Выг.; лук., Шатал.), ст.-бел. протеребокъ ’раскарчаванае месца; працярэблены ўчастак лесу’ (Ст.-бел. лексікон). Да церабіць (гл.), параўн. яшчэ выцераб.

Про́ці ’супраць’ (ТСБМ, Ян., ТС), ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.), ’у прысутнасці’, ’насуперак’, ’напярэдадні’ (Сл. ПЗБ), ’наперад’ (Ян.), проціў ’тс’ (Нас., Шат., ТС), ’напярэдадні’ (ТС), праці́ ’супраць’ (Стан.). Рус. про́тив, дыял. про́ти, проть ’насупраць, насустрач’, укр. про́ти, про́тив ’супраць, перад; насустрач’, ст.-рус. противъ, противу, ст.-слав. противъ ’супраць’, польск. przeciw, дыял. proci, чэш. proti, protiv, славац. proti, в.-луж. přećiwo, н.-луж. pśeśiwo ’супраць’, серб.-харв. про̏тӣв ’супраць, насупраць’, славен. prọ̑ti ’насустрач’, próti ’ў напрамку да’; protivo (прысл.), балг. проти́в ’супраць, насупраць’. Прасл. *proti, таксама *protivъ, што было ўтворана як прыметнік ад *proti, *protivǫ; апошняе з’яўлялася В. скл. адз. л. назоўніка ж. р. protiva, якое захавалася толькі ў чэш. protiva ’праціўны чалавек’. Бліжэйшыя адпаведнікі прасл. *proti (*preti) у лат. pretī, pretiem ’насустрач, супраць’, pret ’проці, перад; да, у параўнанні з’, ст.-інд. práti ’супраць’, лац. pretium ’кошт, цана’, гл. Фасмер, 3, 382–383, з літ-рай. Інакш Копечны (ESSJ, 1, 226), які ўслед за Зубатым (Studie, 2, 50) зыходнай формай лічыць *protiva наз. ж. р., з якога потым развіліся прыметнікавыя формы *protivǫ, што ў выніку скарачэння далі *proti, таму што і.-е. *proti павінна было б даць у славянскіх мовах *protь. Махэк₂ (48, 3) канцавое i ў *proti тлумачыць падаўжэннем ‑ь, “каб слова мела належны аб’ём”.

Про́ціва, про́цьва ’месца на беразе вадаёма, дзе мылі бялізну’ (уздз., Сл. ПЗБ). Гл. пратва, працьва < праць. О ў корані гіперкарэктнага характару пры пераносе націску або, магчыма, пад уплывам проці.

Про́цівень ’тое, на чым пякуць піражкі, мяса’ (Інстр. 1), про́твень ’патэльня’ (Жд. 2), про́цвінь ’самаробная патэльня, бляха’ (Мат. Маг.), про́цвіна ’тс’ (шуміл., Сл. ПЗБ). З рус. про́тивень ’тс’, якое з ням. Bratpfanne ’тс’, з магчымым набліжэннем па народнай этымалогіі да слова против ’проці, супраць’. Гл. аб рускім слове Фасмер, 3, 383.

Проціпе́рсніца, проціпе́рсціца ’востраў запаленне скуры’ (паст., Сл. ПЗБ). Слова ўтворана ад прым. *проціперсны < проці і перст ’палец’, гл. персцень. Параўн. міжперсніца, міжыпарніца.

Про́ціў ’той, хто працівіцца, упарты’ (Шат.). Аддзеяслоўны нулявы дэрыват ад праці́віцца < прасл. *protivъ (гл. проці).

Про́ціўня ’пласт вашчыны з мёдам у вуллі, які вісіць тарцом да лятка’ (ТС). Дэрыват ад праці́ўны ’процілеглы, супрацьлеглы’ < *проціў (гл. проці, супраць) з суф. ‑ja.

Про́цьма ’вялікае мноства, безліч’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Сцяшк., ТС; мін., Шн. 2, Шат., Др.-Падб.), ’змрок, цемра’ (Шат., Др.-Падб.), ’поўнасцю, цалкам’ (ТС), про́цьменны ’пражорлівы’ (Касп.). Па тыпу словаўтварэння аддзеяслоўны дэрыват з нулявым суфіксам. Тады трэба дапусціць дзеяслоў *працьміць. Далей гл. цьма.

Проч1 ’акрамя’ (Нас., ТС). З апроч (гл. апрача) з адпадзеннем галоснай пратэзы.

Проч2 ’прэч’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка (там жа), з рус. прочь ’тс’, што неабавязкова, параўн. ст.-бел. прочъ: вышол прочъ (Карскі, 1, 322).