Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Про́падзь ’пагібель’ (Нас.), ц.-слав., ст.-слав. пропадь ’цясніна, пропасць’. Прасл. *propadь, дэрыват з суф. ‑ь ад *propadǫ, *propasti ’прапасці’ (Слаўскі, SP 2, 50) першапачаткова nomina abstracta. У Насовіча, відаць, з царкоўнаславянскай, паколькі ў гаворках слова не зафіксавана. Развіццё значэння аналагічна пропасць (гл.).

Про́паліс ’клейкае смалістае рэчыва, якое пчолы выкарыстоўваюць у якасці будаўнічага матэрыялу’ (ТСБМ). Гл. праполіс.

Про́пасць ’бездань’, ’пагібель, смерць’, ’безліч, шмат’ (Нас.; шальч., Сл. ПЗБ), ’глыбокае месца на балоце, у рацэ, бяздонне’ (нясвіж., рэч., слаўг., стол., шчуч., Яшк.), ’глухое месца’ (слаўг., там жа), ’балота, непраходныя зараснікі’ (лун., Шатал.). Рус. про́пасть ’бездань, правал; пагібель, смерць; безліч, шмат’, укр. дыял. про́пасць ’бездань, глыбокая пропасць’, ’круты адвесны бераг’, ’пагібель’, польск. przepaść ’бездань’, чэш. propast, славац. priepast ’пропасць, правалле ў карставых мясцовасцях’, макед. пропаст ’тс’, серб.-харв. про̏пāст ’пропасць’, балг. про́паст ’бездань; пагібель’, ст.-слав. пропасть ’бездань’ (аб паўднёваславянскіх формах гл. Куркіна, Этимология–1976, 30). Прасл. *propastь. Дэрыват ад *propadati: *propasti < *padati, г. зн. ’тое, што з’явілася ў выніку прападзення, правальвання зямлі’, з суф. ‑tь: pro‑pad‑tь (Фасмер, 3, 376; Махэк₂, 425, Слаўскі, SP, 2, 49 і наст.). Статус слова ў сучаснай беларускай мове сумнеўны нягледзячы на тое, што яно было вядома раней, параўн. “бездна: пропасть”, “адъ: местце пропастное або пекло” ў Бярынды (Німчук, Давньорус., 114). Такія значэнні, як ’глухое месца’, ’балота, непраходныя зараснікі’ абазначаюць, уласна, не формы рэльефу, а з’яўляюцца вытворнымі ад ’пагібель, смерць’, г. зн. ’пагібельныя месцы’. Практычна поўная адсутнасць слова ў цэнтральнай зоне можа сведчыць аб яго пранікненні з сумежных тэрыторый (з рускай ці ўкраінскай). Магчыма, сваю ролю тут адыграў і сам характар ландшафту беларускай тэрыторыі.

Про́пісь ’узор правільнага каліграфічнага пісьма’, ’агульнавядомая ісціна’ (ТСБМ). З рус. про́пись ’тс’, якое ад прописать з суф. ‑ь.

Про́плач ’з плачам, са слязьмі’ (Янк. 1; калінк., З нар. сл.). Слова ўтворана ад праплакаць з суф. ‑j‑; параўн. сустрэч < сустракаць; гл. аб гэтым тыпе прыслоўяў Карскі 2-3, 71.

Про́ра ’від шва пункцірам’ (Клім.). Няясна.

Про́раб ’палонка, прабітая ў лёдзе для лоўлі рыбы’ (міёр., Жыв. НС). Гл. прорубка; фанетыка дыялектная або пад уплывам прарабіць ’зрабіць’.

Про́разка ’пятля ў вопратцы для гузіка’ (Інстр. 2; брагін., Шатал., Сакал., Ян.), ’прарэх’ (лун., Шатал.), про́рыска ’тс’ (раг., чэрв., драг., Сл. ПЗБ), про́рэзка ’шырынка, прарэх’ (ТС, Сакал.). Гл. прарэзка.

Про́ранка ’пятля для гузіка’ (пін., Шатал.). Гл. прырамак.

Про́расля, про́расць, про́разь ’амярцвелы ўчастак кары і драўніны’, ’праслойка мяса ў сале або наадварот’, ’валакністыя ўтварэнні ў мякаці плода’ (ТСБМ, Янк. 3.; смарг., ашм., чэрв., асіп., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), про́расль ’прамежак у расчлененым капыце парнакапытных’ (Лекс. ландш., 56), про́раст ’прарошчанае збожжа’ (Ян.). Да прарасці; дэрываты з рознымі суфіксамі. Аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: рус. про́рость ’праслойка мяса ў сале і да т. п.’, укр. про́ріст, про́рісь ’усходы’, польск. przerost ’нарост’, серб.-харв. про̏рāст ’ракавая пухліна; нарост’.