Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прашавярэ́ніцца ’не выканаць загаду’ (Нас.). З прыст. пра-, прыст. ша‑ аргатычнага паходжання і вярэ́ніцца. Апошняе паходзіць ад вярэня, параўн. вярэнька ’някемлівы, мешкаваты чалавек’ (гл). Сюды ж з іншай суфіксацыяй рус. цвяр. ша́верзить ’строіць падкопы’, ша́верзні ’плёткі’, ша́верзень ’пляткар’ і бел. вярзці (гл. Фасмер, 4, 393).

Прашатрава́цца ’абцерціся’, ’хадзіць туды-сюды, прабегчыся, каб адчуць рух (аб кані)’ (Федар. 7). Гл. шатраваць.

Прашва́бніцца іран. ’правініцца, праштрафіцца’ (Сцяц.). Гл. шваб, швабіць.

Пра́шка, мн. л. прашкі ’хлусня’, ’глупства’ (Нас.). Насовіч (там жа) параўноўвае з прахъ, але слова, несумненна, з польск. fraszka ’драбяза’. Параўн. яшчэ чэш. fraška ’фарс, бурлеск’. З італ. frasca ’галінка’, мн. л. frasche ’дробязь, глупства’ (Брукнер, 127; Голуб-Ліер, 173).

Прашка́піцца ’правінаваціцца’ (стаўб., Нар. сл.), прашква́піцца ’праштрафіцца’ (брагін., Шатал.), праква́піцца ’прапусціць, упусціць’ (Ян.). Укр. прошке́питися, прошпе́титися ’правініцца’. З прашпэ́ціцца ’памыліцца, правініцца’, якое зафіксаваў ў Насовіча. Апошняе да шпэціць, шпэтный (гл.). Іншыя формы, відаць, зазналі розныя фанетычныя змены ў сувязі з экспрэсным характарам слова.

Прашко́да ’перашкода’ (Нас., трак., Сл. ПЗБ), прашко́дзіць ’перашкодзіць’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. przeszkoda, przeszkodzić ’тс’. На базе запазычанняў утвораны бел. прашко́джваць ’праліваць па неасцярожнасці’, прашкажа́ць ’перашкаджаць’, прашко́дны, прашко́длівы ’шкодны’ (Нас.), гл. шкода.

Прашле́ц, прашля́к, прашля́чка ’прайдзісвет’ (Нас.). Пранікненне з рускамоўнай тэрыторыі, параўн. прошле́ц, про́шлый человек, прошля́чка ’тс’, якія ад прошлый, дзеепрым. прошл. часу ад пройти. Параўн. семантыку прайдзісвет, пройда, прахадзімец.

Прашны́ра ’прайдоха, прайдзісвет’ (Нас.). Да шны́рыць (гл.).

Прашпэ́ціцца ’памыліцца, правініцца’ (Нас.). Укр. шпе́тити ’абражаць, зневажаць’, рус. шпе́тить ’зневажаць, абражаць, высмейваць’. Выводзяць з польск. szpecić ’забруджваць, псаваць’ (Фасмер, 4, 472), якое, паводле Брукнера (553), з ням. Spath ’хвароба ног у коней’. Гараеў (425) і Праабражэнскі (гл. у Фасмера, 4, 472) лічаць крыніцай слова ням. spotten ’насміхацца’. Усе этымалогіі няпэўныя. Сюды ж і чэш. špatný ’благі, дурны’, дыял. špetný ’тс’ (Махэк₂, 620).

Праштра́фіцца ’правініцца’ (ТСБМ). Да штраф (гл.). Параўн. рус. проштра́фиться ’тс’.