Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прахо́дка. Гл. прахадзка.

Прах́оны (прахо́ный) ’рэдкі (пра хлеб)’ (Бяльк.), сюды ж прахо́на ’рэдкавата, нягуста’ (Гарэц.), рус. дыял. прахо́ный ’рэдкі, нягусты (каша, цеста); наздраваты (пра хлеб)’. Паводле Малько (Бел.-рус. ізал., 65), да ц.-слав. прах ’пыл’, параўн. рус. праховый ’рэдкі, нягусты’. Магчыма і іншае тлумачэнне: ад *прахо(д)ны, параўн. прахо́н ’вольны доступ, праход, шчыліна’ (Нас., Гарэц.), што да ход, хадзіць, адносна фанетыкі параўн. ахалона ’ахаладжэнне’ (гл.).

Пра́ца ’працэс уздзеяння чалавека на прыроду, чалавечая дзейнасць’, ’работа’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Мік., Шпіл., Мядз., Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. праца, працовати і інш. вытворныя ад назоўніка адзначаюцца ў канцы XVI ст. (Булыка, Запазыч., 257), укр. пра́ця, рус. дыял. пра́ца ’тс’. Запазычанне праз польск. praca пры ст.-польск. proca з чэш. práce (Карскі, Белорусы, 156; Фасмер, 3, 355; Цвяткоў, Запіскі, 1, 74; Кюнэ, Poln., 89). Прасл. дыял. *portja ўзнаўляецца пры параўнанні з серб.-харв. пра̏тити ’суправаджаць’, славен. prátiti ’тс’, prátiti se ’збірацца ў дарогу’ (Міклашыч, 261; Брукнер, 434). Трубачоў (Фасмер, 3, 356) параўноўвае *portja яшчэ з серб.-харв. пра̏тити ’пасылаць’ і балг. пра́тя ’паслаць’ і канстатуе семантычную эвалюцыю ’пасылаць’ > ’праца, справа’, якая прадстаўлена таксама ў серб.-харв. по̏сао ’справа, праца’ < *posъlъ; параўн. прасл. *posъlati (гл. паслаць). Аб апошняй групе дзеясловаў гл. яшчэ Куркіна, Этимология–1975, 19 і наст. Іншыя параўнанні (напр., Голуб-Копечны, 290) з грэч. πράσσω, πράττω ’раблю’ лічацца непрымальнымі (гл. Фасмер, 3, 355). Таксама з польск. pracować бел. працаваць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 2, 1157–1159; ЕСУМ, 4, 557; SEK, 4, 113–114. Інакш і непераканаўча Банькоўскі, 2, 757 (з с.-в.-ням. — суч. бавар. pratze ’лапа, нага (хворая)’).

Працаве́ль ’працавіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Ад працаваць з суф. ‑ель. Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38.

Працві́чка ’частае пакаранне розгамі’ (Нас.). Дэрыват з суф. ‑к‑ ад працві́чыць ’пакараць розгамі’ (Нас.), магчыма, пад уплывам польск. ćwiczyć się ’практыкавацца’. Сюды ж, відаць, працві́чыцца ’дазнацца’ (нясвіж., Сл. ПЗБ).

*Працёка, протёка ’праток’ (Клім.). Да працякаць < цячы (гл.).

Праці́вак ’сцяна ў хляве супраць дзвярэй’ (Касп.). Да проціў (гл.).

Праціве́нь ’ток у гумне’ (віл., паст., Сл. ПЗБ). Рус. наўг. про́тивень ’свіран насупраць хаты’. Да проціў; семантычная матывацыя паводле прасторавай арыентацыі.

Праці́вень, праці́ўнік ’непрыяцель’ (ТСБМ, Янк. 3.), ’праціўны’ (Касп.). Параўн. рус. проти́вень ’вецер у твар’, проти́вник ’непрыяцель’. Дэрываты ад проціў, праціўны з рознымі суфіксамі.

*Праціро́жна, проціро́жно ’насуперак, наперакор’ (ТС). Утварэнне ад проці (гл.) з другой часткай да рог (гл.), параўн. выраз у ро́жкі ’супраць каго-небудзь (выступаць)’; да ражон (гл.), параўн. ле́зці на ражо́н ’задзірацца’ ці пад.

Праці́ўку ’насуперак’, ’насупраць’, ’у параўнанні з’ (Нас.). З польск. przeciwko ’тс’.