Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Праслі́чны ’прыгожы’ (Нас.). З пра і слічны (гл.), параўн. польск. pześliczny ’прыгожанькі’.

Праслу́хаць ’даведацца’ (віл., Сл. ПЗБ). З польск. przesłuchać ’дапрасіць, выслухаць’.

Праслядава́ць ’асуджаць, забараняць’ (смарг., Сл. ПЗБ). З польск. prześladować ’тс’ (там жа).

*Прасме́ргнуць, просмэ́ргнутэ ’прасмярдзець (напр., аб мясе)’ (брэсц., Нар. словатв.). Кантамінаванае слова: прасмярдзець + сморгаць, шморгаць. Параўн. яшчэ сморгі ’соплі’. Магчыма, мы маем тут і кантамінаванае значэнне ’прасмярдзець і пакрыцца сліззю’.

Прасміха́ць ’насміхацца’ (швянч., Сл. ПЗБ). З насміхацца ў выніку кантамінацыі з польск. prześmiewać, prześmiewać się ’жартаваць, кпіць’.

Прасмулы́жыцца ’працерціся аж да зямлі (пра зімовую дарогу)’ (Касп.). Параўн. смурыжыць ’церці’ (Бяльк.), рус. цвяр. смурыгаць ’тс’. Апошняе лічыцца пазнейшым ітэратыўным утварэннем ад сморгать (Фасмер, 3, 693). Гл. сморгаць, шморгаць.

Прасна́к, прасно́к, прасну́шка, прасня́к, прасны́к, прысне́к ’тоўсты блін з прэснага цеста’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Касп., Др.-Падб., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’ляпёшка з хлебнага цеста’ (Бяльк.). Больш падрабязна аб значэннях слова і іх лакалізацыі гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 115. Слова мае агульнаславянскае распаўсюджанне: укр. прісня́к ’праснак, пірог з прэснага цеста’, рус. прасня́к, пресно́к ’прэсны хлеб, пірог, ляпёшка’, польск. przaśnik, przaśniak ’прэсны хлеб’, чэш. přesňak ’ляпёшка з няквашанага цеста’, серб.-харв. prèsnik, пре́снац, пре́сница ’прэсны хлеб; прэснае салодкае пячэнне’, славен. presnec ’сквашаны хлеб’, балг. пресни́к ’прэсны хлеб’, макед. праснег, преснец, пресник ’від пірага з падсушаных каржоў, складзеных адзін на адзін’. Суфіксальныя дэрываты ад *prьsnъ ’прэсны’ (гл. Вештарт, там жа). Параўн. таксама апрэспік.

Пра́сніца ’прыстасаванне, да якога прывязваецца кудзеля пры прадзенні’ (ТСБМ, Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; карм., Мат. Гом., Бяльк., Влад.), пра́сліца ’тс’ (Касп., Шат., Влад.), пра́ліца (Сл. ПЗБ; рас., Шатал.), рус. пря́сница, пря́слица, польск. przęślica, чэш. přeslice, славац. praslica, серб.-харв. пре̏слица, славен. préslica. Прасл. *pręsnica (Трубачоў, Этимология–1963, 20) і *pręslica (Махэк₂, 494). Утварэнні з рознымі суф. ад *pręsti, prędǫ (гл. прасці).

Прасо́л ’расол’ (Юрч. Фраз. 1), ’засол’ (Ян.), ’ляк у селядцах’ (Вешт.), прасуол ’булён’ (Федар. 7), пра́саль ’расол’ (пух., Сл. ПЗБ). Укр. просі́л ’салёная рыба, род халоднай стравы з салёнай рыбы’, рус. просо́л, про́соль ’лёгкі, свежы засол’, ’усё, што засольваецца ў запас: сала, рыба, гародніна’, серб.-харв. préso ’сок, у якім захоўваецца сыр’, славен. présol ’расол, лях’, балг. прясул ’падсоленая вада для захоўвання брынзы або салёнай гародніны’, макед. пресол ’тс’. Прасл. *persolъ. Да саліць. Семантычная палеска-паўднёваславянская паралель (гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 128).

Праспе́кт1 ’вялікая, шырокая вуліца ў горадзе’ (ТСБМ). З рус. проспе́кт ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) якое, як мяркуюць, праз ням. Prospekt ’від, перспектыва’ ўзыходзіць да лац. prōspectus ’від’, аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 379. Ст.-бел. проспектъ ’агляд’ < польск. prospekt ’тс’ (Булыка, Запазыч., 267).

Праспе́кт2 ’падрабязны план, змест’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. проспе́кт ’тс’, якое, магчыма, праз польск. prospekt ’тс’ з заходнееўрапейскіх моў: параўн. ням. Prospekt ’аб’ява, прэйскурант’, англ. prospektus ’праспект (кнігі вучэбнай установы і г. д.)’. Як і праспект1, слова ўзыходзіць да лац. prōspectus.