Прапаве́даваць ’распаўсюджваць якое-небудзь веравучэнне, растлумачваючы яго слухачам’, прапаведнік (ТСБМ). У Насовіча слова адсутнічае. Відаць, кніжнае запазычанне з рус. пропове́довать, пропове́дник ’тс’, якія працягваюць ст.-рус., ст.-слав. прьповѣдати, проповѣдник і калькуюць лац. praedicāre ’гаварыць (аб прадмеце)’, praedicātor ’прапаведнік’ (Фасмер, 3, 376). Лац. словы ўзыходзяць да prae‑ ’пра’ і dicare ’гаварыць’ (Голуб-Ліер, 391).
Прапага́нда ’распаўсюджванне ў масах і тлумачэнне ідэй, ведаў, вучэння’ (ТСБМ). Запазычанне пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 239) з рус. пропага́нда (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 77). У рус. мове праз ням. Propaganda або франц. propagande з новалац. congregātiō de propaganda fidē — назвы арганізацыі для распаўсюджання каталіцкай веры, якая была заснавана папам Урбанам VII у 1263 г. (Фасмер, 3, 376); паводле Банькоўскага (2, 784) — папам Грыгорыем XV у 1622 г. для падтрымкі каталіцтва ў заморскіх калоніях Іспаніі, Партугаліі і Францыі з мэтай абмежавання рэлігійных уплываў з боку Англіі і Галандыі (валодала значнымі фінансавымі сродкамі, прызначанымі для гэтай мэты). Далей слова узыходзіць да лац. propago (родн. з propaginis) ’парастак, атожылак’, г. зн. уласна ’размнажэнне’ (Голуб-Ліер, 397).
◎ Прападо́бій ’накшталт’ (брасл., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, з рус. наподобие, магчыма, з мовы старавераў (?).
Прапа́жа ’тое, што прапала’ (ТСБМ), ’шкода’ (ігн., Сл. ПЗБ). Рус. пропа́жа ’тое, што прапала’. Ад прападаць з суф. ‑ja (< *padja) (гл. Фасмер, 3, 376).
Прапазі́цыя ’прапанова’ (ТСБМ). Ст.-бел. пропозиция, пропазыцыя ’прэтэнзія аднаго з цяжэбнікаў пасля следства’ < польск. propozycja < лац. prōpositiō (Булыка, Запазыч., 267). Сучаснае беларускае слова было паўторна запазычана з польск. propozycja або рус. пропозиция ’прапанова’ (Гіст. мовы, 233), якія ўзыходзяць да той жа лацінскай крыніцы. Лац. prōpositiō ад proponere ’прапанаваць’.
◎ Прапазы́ка ’прапанова’ (Др.-Падб.). Няма ў іншых слав. мовах. Відаць, аўтарскі наватвор ад *прапазычыць (гл. зычыць, пазыка) або ад прапазыцыя (гл.) шляхам замены фіналі на прадуктыўны суф. ‑к‑a* параўн. характэрныя для народнай мовы станіка (< станцыя). паліца (< паліцыя) і пад. (Стан.).
Прапанава́ць ’заявіць аб жаданні, гатоўнасці дапамагчы’, ’выказаць, унесці прапанову, параіць’, ’даручыць выканаць’ (ТСБМ, Гарэц.). З польск. proponować ’тс’ (Кюнэ, Poln., 89). Польск. з лац. proponere ’тс’ < pro‑ ’перад’ і ponere ’класці’ (Голуб-Ліер, 397).
Пра́паршчык ’вайсковец на службе звыш устаноўленага тэрміну ў царскай арміі, самы малодшы афіцэрскі чын’ (ТСБМ). З рус. пра́порщик ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 74), якое ўтворана ад пра́пор ’сцяг’ і калькуе ням. Fähnrich ’прапаршчык’, г. зн. той, хто носіць сцяг’ < Fähne ’сцяг’. Аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 354.
◎ Прапа́сны ’які марна траціцца’ (свісл., навагр., Сл. ПЗБ), ’няякасны; прапашчы’ (ваўк., навагр., Сл. ПЗБ). Да прапасці (гл.).
◎ Прапасня́ ’вельмі многа’ (Бір. Дзярж.). Да прапасці. Аб суф. -//я гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58 і наст. Да семантыкі параўн. рус. пропасть (чаго-небудзь) ’вельмі многа’ (ад пропасть).