Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Весяльчак ’весялун’ (КТС), як і ўкр. весельча́к, запазычана на з рус. весельча́к ’тс’.

Весянчук — паўднёвабеларуская назва маладых істот свойскіх жывёл і птушак, якія нарадзіліся вясной (КТС). Паходзіць ад вясенні і суф. ‑чук, які ўжываецца для ўтварэння назваў недарослых асоб.

Ве́та ’забарона, адмена якіх-небудзь рашэнняў’ (КТС, БРС). Паводле Крукоўскага, Уплыў, 80, запазычана з рус. мовы. У старабеларускіх помніках не адзначана; дзеяслоў ветовати ’пратэставаць, заяўляць’ (з XVI ст.) паходзіць са ст.-польск. wetować < лац. veto ’не дазваляю, забараняю’ (Булыка, Запазыч., 61; Брукнер, 607).

Вета́ж ’паверх’ (Жд., 2) < рус. эта́ж ’тс’; в‑ — прыстаўное.

Ве́тах ’месяц апошняй квадры, на зыходзе’ (КТС, БРС, Касп.), ветых (Яўс.), веташок (Нас., Касп., Юрч., Бяльк.), мін. веташка (Крачк.), вётах, вётак ’тс’ (Касп., Нас., Маш. Atlas). Рус. ветох: смал. ’месяц’; ’месяц над гарызонтам’, паўн.-рус. ’апошняя фаза месяца ў зеніце’, ст.-рус. ветъхъ, ветохъ ’апошняя квадра месяца; апошні тыдзень месяца’, польск. wietek, wiotek ’першая або апошняя квадра месяца’, чэш. vetech měsíc, валаш. vetek, ст.-чэш. mešíc je na vetchu, славац. na votoch ’месяц на зыходзе’. Паўночнаславянская ізалекса, якая ўзнікла ў выніку кандэнсацыі прасл. větъxъ měsenьcь; параўн. чэш. větech měsíc, nov měsíc і інш. І.‑е. паралелі гл. ветхі. Гл. таксама Траўтман, 365; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ₂, 830; Буга, РФВ, 67, 246; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 52; Фасмер, 1, 307; Махэк₂, 687; БЕР, 1, 139; Шанскі, 1, В, 80. Гл. яшчэ вято́х.

Ветачок, ветак ’маладзік’ (гродз., вілен., Нас.). Дэмінутыў ад ве́тах (гл.), які прыводзіць да семантычных зрухаў: ’месяц на зыходзе’ → ’маладзік’. Народная этымалогія памылкова звязвае гэта слова з ветка ’галінка’; тое ж і ў Нас., які ўзводзіць яго да вѣтвъ.

Веташ ’старызна, рыззё’ (КТС), укр. ветошь (запазычана з рус. ветошь; гл. Цімчэнка, 276), рус. ветошь і вётошь: варон. ’папар’, пск. ’няўдобіца’, алан. ’зарослая лесам паляна’, паўн.-рус. ’леташняя трава’, арханг. ’дробны бярэзнік’, ст.-рус. ветошь ’старое рыззё, трухлявасць’ (з XI ст.); ’гатунак тканіны з рэдкай асновай’ (з XVII ст.), ст.-слав. ветъшь. Беларускае слова запазычана з рус. мовы (< ц.-слав. ветъшь < прасл. vetъxъ; Фасмер, 1, 307; Шанскі, 1, В, 79; БЕР, 1, 139; Праабражэнскі, 80).

Ветка1 ’галінка’ (Грыг., Рам., 6, Касп., Бяльк.), палес. вітка, ветка ’мяцёлка проса, аўса, грэчкі’ (Выг., Шатал.), лаг. ве́тка ’некалькі кветак, якія зрасліся разам; некалькі ягад на адной галінцы’ (КЭС), укр. вітка, віть, вітьва ’галіна’, палес. ві͡етка ’тс’, вʼетка ’гронка ягад, дробных пладоў, кветак’, рус. ве́тка: арл. ’сасновая галінка з шасцю канцамі, аздобленая лялькамі, пацеркамі, званочкамі’, маск. ’бульбянік’, краснадар. ве́тки ’дрэвы’, валаг. калін., арл., ’націна бульбы, гароху, гуркоў’, пенз. ’мяцёлка аўса’, пск., смал. ве́тка ’вяха ля дарогі’; ’двое рабочых з тройкай коней на лясных промыслах’, польск. wietka ’тс’, witka ’галінка, лазінка; вусікі ў раслін’, чэш. рэдкаўж. větka ’галінка’, серб.-харв. уст. ве̏тка, макед. ветка, балг. ветка, ветчица ’тс’. З’яўляецца праславянскім дыялектызмам з коранем vět‑*u̯oit‑), які меў другую ступень чаргавання галоснага *vit‑*u̯eit‑); параўн. славін. vjītev, славен. vȋtva і вышэй адзначанае польск. witka, якія звязваюцца са ст.-прус. apewitwo, witwan ’нізкая вярба’, літ. vytìs ’лаза’, лат. vītnes ’вусікі ў раслін’, vītols ’вярба’, грэч. οἶσος, οἰσύᾱ (*voituva), ἰτεα (Ϝιτέα) ’тс’, лац. vītis ’лаза, вусік’, ст.-в.-ням. wîda ’вярба’, ст.-інд. vajā ’галіна’, vētasás ’вадзяная павойная расліна, Calamus rotang’, авест. vaēiti ’лаза’ (Фасмер, 1, 306). У такім выпадку vit‑/vět‑ з’яўляюцца роднаснымі з viti, vьjǫ. Аднак некаторыя славянскія формы з ‑ě‑ не маюць дзеепрыметнікавай зычнай ‑t‑: славен. vȇja, ст.-слав. вѣꙗ ’галіна’, балг. вейка ’тс’, вей ’хаціна, пакрытая галінкамі’, вейка, вѐйчица, вейник ’тс’, якія адносяцца этымолагамі да viti ’віць’ (БЕР, 1, 129, 138; Рудніцкі, 1, 443) або да vějati ’веяць’ (Голуб-Копечны, 414; Міклашыч, 387). Формы з ‑к‑а з’яўляюцца дэмінутыўнымі ад věta (укр. віта ’галіна’). Бел. ви́тка ’тс’ (Нас.) паходзіць, відавочна, з польск.

Ве́тка2 ’чыгунка, якая адыходзіць убок ад асноўнай чыгуначнай магістралі’ (БРС, КТС), з рус. ве́тка ’тс’.

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < viti ’віць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Ве́тлівы ’ласкавы, далікатны, прыветлівы’ (БРС, КТС, Бяльк.), сюды ж вытворныя: ветліва (БРС, Гарэц., Яруш., КТС, Бяльк.), ветлівасць ’уласцівасць ветлівага чалавека’ (БРС, Гарэц., Яруш., КТС), укр. вітли́вий, паўд.-рус. ве́тливий ’прыветлівы, ласкавы; развязны, гаваркі’. У іншых слав. мовах не адзначаецца. Усходнеславянскае ўтварэнне ад ветлы (< větъ‑lъ) і суф. ‑ivъ, хаця ўжо ў ст.-слав. мове гэты суфікс успрымаецца, як ‑livъ (Сялішчаў, Старосл. яз., 2, 81).