Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Веснавы ’вясенні’ (КТС) — прыметнік да вясна́, утвораны таксама, як і зімовы, пры дапамозе суф. ‑ов‑ы. Інакш больш старажытным (паводле словаўтварэння) можна лічыць ве́сні (гл.).

Веснаплынь (паэт.) ’пачатак вясны’ (КТС, П. Трус) — новаўтварэнне ад вясна́ і плынь (гл.).

Веснаўскі ’вясенняе парасё’ (КТС, Я. Ермаловіч); польск. wiosnować ’даглядаць вясной’, wiośniak ’той, што нарадзіўся вясной’. Да вясна́ (гл.).

Веснаход (паэт.) ’хада вясны, надыход светлых, радасных падзей, з’яў’ (КТС); ’назва арганізацыі маладых пісьменнікаў і мастакоў Заходняй Беларусі’ (з 1927 г.). Да вясна́ (гл.) і ход (гл.).

Веснацвет (паэт.) ’веснавая пара, калі краскі пачынаюць буйна цвісці’ (КТС, М. Хведаровіч). Новаўтварэнне ад вясна́ (гл.) і цвет (гл.).

Веснашум (паэт.) ’радасны надыход вясны, новых падзей’ (КТС, М. Машара). Да вясна́ (гл.) і шум (гл.).

Весні ’вясновы, вясенні’ (КТС, Сцяшк. МГ), ст.-рус. весьнии (мн.), чэш. vesní ’тс’. Старажытнае ўтварэнне ад vesn‑a і суф. ‑jь. У сучаснай бел. мове весні мае народнапаэтычнае адценне; літаратурным лічыцца веснавы́, дыял. вясе́нні узнікла па аналогіі да асенні.

Ве́снік ’вястун’ (КТС); ’бюлетэнь, часопіс’ (БРС). Укр. ві́сник, рус. ве́стник ’тс’, ст.-рус. вѣстникъ ’вястун, ганец’ (з X ст.), в.-луж. wěstnik ’вястун, прадвеснік’, чэш. věstník ’вястун; бюлетэнь’ (< рус. ве́стник), серб.-харв. ве̏сник, вѐсник, ве̑сник ’вястун; газета, часопіс’, макед. весник ’ганец, вястун; газета’, балг. вестник ’газета’, ст.-слав. вѣстникъ. Бел. веснік ’часопіс’ запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 63).

Ве́снікі мн. л. ’вароты ў двор, зробленыя з дошак, або з лазы’ (карэліц., Янк. Мат.), ве́сьнікі ’вароты’ (Касп., Чач.), ві͡е́сьнікі ’шырокія вясковыя вароты, брамка’ (Мал.), вілен., мін., гродз. ве́снікі ’простыя вясковыя вароты’, ве́снічкі ’вузкія, як прайсці чалавеку, дзверы ў плоце, варотцы’ (КТС). Рус. перм. ве́шники ’праходы ў плацінах для выпуску лішняй вады’, вяц., кір. вешники́ ’тс’, перм. ’слупы ў гэтых праходах’, ярасл. ’вяршнік у веснічках’, польск. wieśnik ’весніцы ў канцы вёскі’. Паходзіць ад vьsь ’вёска’; звычайна лексема ўжываецца з суф. ‑ніц‑ы (гл. ве́шніцы), суфікс ‑нік(і) можна растлумачыць уплывам семантычнай сувязі з ве́снік (гл.): вароты ў пачатку вёскі былі першым сведкам і вестуном таго, што ў вёску прыбываў новы, незнаёмы чалавек.

*Весніна́, вэснина́ ’вясенняе ворыва’ (палес., Выг.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ін‑а ад *веснаваць. Аналагічна ў паўн.-рус. гаворках назвы для работ, якія выконваюцца вясной: ве́сни́на́ ’воўна, якую настрыглі з авечак у маі або летам’, пск. ’сняткі вясенняга ўлову’, арханг. веснова́нье ’паляванне на марскіх звяроў вясной’, пск. вешница ’вясенняе ворыва’, арханг. вёшня ’вясенняя сяўба’, укр. веснування, веснова́нє ’правядзенне веснавых палявых работ’, польск. vʼosna ’вясеннія палявыя работы’, серб. про̀летина ’вясенняя сяўба’.