Весаўшчы́к ’вагаўшчык’ (Яруш.), укр. висовщик < рус. весовщик ’тс’.
Веселава́ты ’трохі вясёлы’ (КТС). Ад вяселы і суф. ‑ават‑ы, які азначае непаўнату прыкметы азначальнай асновы.
Веселата́ ’стан весялосці’ (Шат.) — прасл. адпрыметнікавае ўтварэнне. Да veselъ > вясёлы (гл.).
Весілка ’ручка (чайніка)’ (КТС). Да вясло́ 2 (гл.).
Весіць 1 ’вешаць’ (КТС), рус. паўн. ве́сить ’тс’, польск. ‑wiesić (ст.-польск. wiesić > wieszac), в.-луж. wjesyć, н.-луж. wjesyś, чэш. věsiti, славац. vesiť, славен. vésiti ’вешаць’, макед. веси, балг. веся ’вешаць на шыбеніцы’. Прасл. věsiti. Чаргаваннем звязана з вісе́ць (гл.).
Весіць 2 ’важыць’ (КТС) запазычана з рус. мовы; параўн. рус. весить ’важыць’, укр. вісити, якое паходзіць з ве́сіць 1.
Веслава́ць ’гнаць лодку вяслом, грабці вёсламі’ (Янк. I, БРС, КТС), докш. віслава́ць ’тс’ (Янк. Мат.). Укр. веслова́ти, польск. wiosłować, н.-луж. wjasłowaś, чэш. veslovati, славац. veslovať, славен. vesláti, серб.-харв. вѐслати, макед. весла, балг. весля́, веслувам (рэдка). Наяўнасць суфікса ‑ova‑ ў зах.-слав. мовах дае падставу меркаваць, што бел. (як і ўкр.) веславаць запазычана з польскай мовы.
Веслано́гія мн. л. ’атрад вадаплаўных птушак, пальцы ў якіх злучаны перапонкамі; атрад ніжэйшых ракападобных’ (БРС, БелСЭ). Запазычана з рус. веслоногие або з польск. wiosłonogie ’тс’. З’яўляецца калькай з лац. навуковага тэрміна Steganopodes < грэч. στεγᾰνόπους, ‑ποδος ’з перапонкамі на лапах’.
Ве́сліца ’лесвіца’ (Мат. Гом.) у выніку метатэзы з ле́свіца (гл.).
Веснавей (паэт.) ’веснавы вецер’ (КТС) — новаўтварэнне ад вясна́ (гл.) і вей (< веяць). Сюды ж веснавейны, веснавеяць.
Веснаво́е ’рунь’ (добр., Мат. Гом.), рус. свярдл. весня́ ’рунь, усходы азімага жыта’. Да вясна́ (гл.). Як правіла, рунь абазначае ’ўсходы азімых’, на поўдні ж Беларусі рунь (уру́на, вру́но, уру́нь) ’усходы збожжавых восенню і вясной’. Яр, ярына маглі, відаць, абазначаць не толькі вясеннія ўсходы, але і ўсходы азімых. Тады веснаво́е выцясняе яраво́е як ідэнтычнае ў адрозненне ад яравых ’яравых раслін’.