Верашча́ць (БРС, Нас., Касп., Шатал.). Да прасл. *verščati ’тс’ — утварэння да *verskъ ’вераск’. Гл. ве́раск.
Верая́ ’шулы, на якіх вісяць дзверы’ (БРС, Касп., Арх. Бяльк.); ’слуп, на які навешваюцца вароты’ (Гарэц.), верая́ ’тс’ (Шн.), вірая́ (Рам.), верія́ ’саха ў студні, з жураўлём’ (ДАБМ, 808). Параўн. і вары́йка ’перакладзіна, жардзіна, якой закрываюць вароты’ (Лысенка, ССП). Рус. верея́ ’касяк, слуп у дзвярах, варотах’, укр. вере́я ’вось, на якой ходзяць дзверы’, ст.-рус. верѣя, ст.-слав. верѣꙗ, славен. veréja ’дзвярны касяк’, чэш. veřeje, славац. veraj, польск. wierzeja. Прасл. *verěja (*vereja?, *verajь?, *veraja?). Параўн. слав. *vorъ ’шула, жардзіна’, *verti ’закрываць; адкрываць і да т. п.’ (гл. варо́ты) (Фасмер, 1, 298; Траўтман, 351–352). Параўн. яшчэ верая́ ’ўзгорак’ (Яшк.), якое, бясспрэчна, звязана з верая́ ’шула, слуп’ (Яшкін прыводзіць з Слаўгарадчыны верая́ ’ўзгорак; вароты з дзвюх палавін; шула, слуп’).
Ве́рвы мн. л. ’вяроўка, на якой вісіць калыска’ (КЭС). Рус. вервь, ст.-рус. вьрвь ’вяроўка’, ст.-чэш. vrv, ст.-слав. връвь, славен. vȓv. Прасл. *vьrvь. Роднаснае: літ. virvė̃ (падрабязней гл. пад вяро́ўка) (Фасмер, 1, 294–295). Параўн. яшчэ вэ́рвэ́чка ’аборка ад лапця’ (Бесар.).
Верлаво́кі ’лупаглазы, касаглазы’ (Др.-Падб., Гарэц., Нас., Касп., Лысенка, ССП). Гл. варлаво́кі.
Ве́рлык ’бялок вока’ (Касп.). Параўн. варлаво́кі. Іншую этымалогію для ўсёй групы слоў дае Куркіна, Этимология, 1970, 100–102.
Верх, Ст.-рус. вьрхъ, рус. верх, укр. верх, польск. wierzch, чэш. vrch, ст.-слав. врьхъ, балг. връх, серб. вр̑х і г. д. Прасл. *vьrxъ ’верх, вяршына’ (< *vьrs‑) — ступень рэдукцыі да і.-е. *u̯ers‑ ’паднімацца і да т. п.’ (< *u̯er‑s‑): літ. viršùs, лат. vìrsus ’верх, верхняя частка’, грэч. ἕρμα ’скала, вышыня’ (*u̯erma), лац. verrūca ’ўзвышэнне; бародаўка, нарыў’ (< *versūca), ст.-інд. varšman‑ ’вышыня, горка, вяршыня’ і г. д. Слав. *vьrxъ — назоўнік асноў на ‑ŭ (параўн. літ. viršùs, лац. *versū‑ca, ст.-слав. прыслоўе връхоу і да т. п.). Гл. Фасмер, 1, 301–302.
Ве́рхнік 1 ’адтуліна для дыму ў столі курнай хаты, якая выкарыстоўваецца ў якасці коміна’ (мін. Зял., 2, гродз. Шн., 3). Рус. пск. ве́рхник ’адтуліна ў столі ў курных хатах’; ’акенца ў адрыне’, свярдл. ’юшка ў коміне’. Адпрыметнікавае ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑ік, якое (у дадзеным выпадку) абазначае прадмет паводле яго якасці. Да ве́рхні (гл.). Параўн. вяршок 4 (гл.).
Ве́рхнік 2 ’верхні камень у жорнах’ (Інстр. III, полац., КЭС). Укр. верхня́к, рус. перм., свярдл. верхник, польск. wierzchniak, славен. vrhnják ’тс’. Беларуска-паўночнаруская ізалекса, якая ўзнікла шляхам семантычнай кандэнсацыі ад верхні камень; аналагічна ні́жнік (гл.). Да ве́рхні (гл.).
Ве́рхніца ’верхняя кашуля’ (Юрч.). Рус. гом., кемер. ве́рхница ’верхняе адзенне, якое апранаецца паверх касцюма, сукенкі’, вяц., табол. доўгая шырокая мужчынская кашуля’, свярдл., перм. ’льняны сарафан з грубага палатна’, серб. вр̏хња, славац. vrchnica ’жаночая сукенка’; ’жаночая кашуля без рукавоў з даматканага льнянога палатна’. Паўночнаславянская ізалекса, утвораная пры дапамозе суф. ‑іц‑а (па ўзору спадні́ца). Да ве́рхні (гл.).
Верцел ’завостраная палка, на якой смажыцца мяса’ (КТС). Відавочна, запазычана з рус. ве́ртел ’тс’. Гл. таксама вярцёл.
Ве́рцень ’вецер; нячыстая сіла’ (Мат. Гом.). Персаніфікаваная назва ветру, паводле яго магутнай наднатуральнай сілы, утвораная ад vьrtěti і суф. ‑ьnʼь (як студзень, пярэварацень); параўн. таксама рус. перм. ве́рте́нь ’гарэза, свавольнае бойкае дзіцё’.