Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ветраго́ны ’дзве дошкі, якія прымацоўваюцца да краёў страхі і сыходзяцца ўверсе, утвараючы канёк’ (бяроз., Шушк., усх.-палес., Нар. сл., в.-дзвін., Шатал.). Беларускае рэгіянальнае ўтварэнне, якое першапачаткова мела форму *ветраадгоны; параўн. ветраадбой ’тс’ (Нар. сл.), пазней прыстаўка другой часткі ад‑ выпала. Семантычна лексема ветраадгоны называла дзве дошкі, якія «адганяюць» вецер, г. зн. закрываюць шчыліну, утвораную паміж саломай страхі і кроквінай.

Ветрадуй ’міфічная істота, якая ўвасабляе сабой вецер’ (КТС, А. Алешка). Ад вецер і дуць і суф. ‑уй (гл.). Параўн. укр. вітродуй ’вецер-дух’. Семантыка рус. дыял. ветродуй значна адрозніваецца ад бел. (СРНГ, 4, 203.)

Ве́тразь (паэт.) ’парус’ (КТС, У. Дубоўка; БРС). Новаўтварэнне ад ве́цер (гл.) і непрадуктыўнага суфікса ‑азь. Сюды ж прым. ветразевы (КТС).

Ветраковы (прым.). Гл. вятра́к.

Ветралом ’дрэвы, паваленыя ветрам; буралом’. Сюды ж ветраломная лінія (КТС). Укр. вітроло́м ’дрэва, зламанае ветрам’; ’моцны вецер’, рус. калуж., пск., перм. ветролом ’буралом’, польск. wiatrołom ’дрэва, паваленае або зламанае ветрам’; ’участак лесу-буралому’, чэш. větrolam, славац. vetrolam ’лясная паласа для аховы палёў ад ветру’; серб.-харв. в(ј)етро̀лом ’ламанне дрэў па прычыне моцнага ветру’; ’укрыццё, сховішча ад ветру’, балг. ветролом ’лес, паламаны моцным ветрам’. Магчыма, прасл. větro‑lamъ. Да вецер і ламаць (гл.). Семантычныя паралелі: літ. vė́tralauža, vė́jalaužos, ням. Windbruch, іт. frangivento.

Ветралюб (паэт.) ’дуб’ (КТС). Новаўтварэнне ад вецер і любіць (гл.).

Ветраме́р ’прылада для вызначэння сілы ветру’ (КТС, БРС). Кніжнае слова, запазычанае, відавочна, з рус. ветромер.

Ветрана (безасаб.) ’ветранае надвор’е’ (КТС, БРС, Шат.), укр. ві́тряно, рус. ве́трено, польск. wietrzno, чэш. větrno, славен. vėtréno (je), балг. ветрено ’тс’. Да вецер, ветраны (гл.).

Ветранік1 ’вятрак’ (жлоб., калінк., Мат. Гом.) — вузкарэгіянальнае ўтварэнне, якое ўзнікла ў выніку намінацыі ветраны млын; параўн. таксама ветраніца3. Аналагічна ў славен. мове vẹ̑trnik ’вятрак’, у н.-луж. wětšnik, в.-луж. wětrnik ’тс’.

Ветранік2, ве́трінік, ве́трыньнік ’легкадумны чалавек, ветрана’ (Бяльк.), рус. ве́треник ’ветрагон’, польск. wietrznik, макед. ветреник, балг. ветреник ’легкадумны чалавек’. Лексема ўзнікла ў выніку намінацыі ветраны чалавек або субстантывацыі прыметніка ветраны пры дапамозе суфікса Nomina agentis ‑нік.

*Ветранікі1 брэсц., малар. ві́траныкы ’апоўзіны на стозе, козлы на страсе’ (Нар. сл.), стол. вэ́треники ’звязаныя палкі, якія кладуцца на канёк страхі’ (Шушк.). Укр. наві́треник, рус. урал., зах.-сіб. ве́треники ’апоўзіны на стозе або на капе’, вялікапольск. wietrznik ’тс’. Палескія лексемы запазычаны, відаць, з польскай мовы.

Ветранікі2, ві́траныкы, вітряныкы, вэ́трэныкы ’дзве дошкі, якія прыбіваюцца да лат з боку франтона і, скрыжоўваючыся ўверсе, утвараюць вільчак’ (палес., Нар. сл., Шатал.), рус. йонаўск. ветреник ’тс’. Запазычана з польск. мовы; параўн. каш. zawietrznik ’тс’. Гл. таксама ветранікі1. Славен. vétrnik ’ахова ад ветру’ (напр., дзверы ў сенцах); слуп (саха) у драўлянай канструкцыі страхі’ маюць іншую семантычную матывацыю.