Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ва́ліва, валева ’многа’ (КСТ). Укр. ва́ляво ’тс’ (Грынч.). Да прыметніка *валлівы < валіць (параўн. маўклівы, ганарлівы). Семантычна пацвярджаецца выразам «валам валіць»; параўн. яшчэ ўкр. ва́льний ’моцны, вялікі’ (Грынч.).

Валіга. Гл. валога.

Валідол ’лякарства’ (КТС). З рус. валидол < франц. validol < valide ’здаровы, моцны’ (Шанскі, 1, В, 12).

Валіза1 ’чамадан’ (Шпіл.), валіска (лях., Янк. Мат.). З польск. walizek, waliza < франц. valise (Карскі, Белорусы, 160; Кюнэ, Poln., 113; Фасмер, 1, 269; Рудніцкі, 1, 301).

Валіза2 ’завала, гультай, лодыр’ (Бір. Дзярж., З нар. сл.); ’неахайны’ (Мат. Гом., КСТ); ’бамбіза’ (КСП). Верагодна, пераноснае значэнне валіза1 ’чамадан’ (параўн. пераноснае ўжыванне бочка, мех, вантух, сундук); на асэнсаванне слова зрабіла ўплыў збліжэнне з валіць і бамбіза.

Валік ’прыстасаванне для накатвання фарбы’ (КТС). Да вал3.

Валіна ’павал, буралом у лесе’ (Яшк.); ’руіны’ (Грыг.). Да валіць1 (гл.).

Валі́ць1 ’прымушаць упасці, перакульваць’ (БРС). Рус. валить, укр. валити, польск. walić, в.-луж. walić, н.-луж. waliś ’круціць’, чэш. valiti ’каціць’, славац. váľať ’валіць (дрэва)’, балг. ва́лям, макед. валка ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва́лјати, славен. valíti, ст.-слав. валити. І.‑е. паралелі: літ. võlioti ’катаць’, лат. uolît ’катаць, круціць’, ст.-інд. válati ’ён круціцца, паварочваецца’, ст.-в.-ням. wuolên ’качаць’, лац. volvo ’катаю, кручу’, грэч. ἐλύω ’катаю, закручваю’. Гл. вал2 у Фасмера, 1, 268. Параўн. Шанскі, 1, В, 12; Брукнер, 599–600; БЕР, 1, 116–117; Скок, 3, 562–563.

Валі́ць2 ’вырабляць з воўны’ (Бяльк.); ’качаць, збіваць сукно’ (КЭС), валка (тканіны) (КТС). Да валіць1.

Ва́лішны ’кастрыраваны’ (Грыг.). Да валашыць, збліжанага з валіць (параўн. рус. коновал, валяць ’кастрыраваць’).

Валішча1 ’ўпаўшае струхлелае дрэва’ (КСТ). Да валіць1.

Валішча2 ’месца, дзе робяць, валяць лес’ (КТС, КЭС, Мат. Гом.). Да валіць1. Параўн. папялішча, іржышча.

Валка1 валька ’бойка’ (КЭС, Нас., Яруш., Гарэц.), вытворныя валечный, валкость, валный, валчити (Нас. Доп.), валчыцца (Касп.). Да польск. walka, walczyć (Булыка, Запазыч., 55; Жураўскі, SOr, 1961, 40; Рудніцкі, 1, 301).

Валка2 ’група людзей’ (Мат. Гом.). Мяркуючы па кантэксту («Пойдзе цяпер другая валка»), валка < вал, валіць ’ісці густа’ (пра людзей, снег).

Валка3 (крочыць) ’шпарка ісці натоўпам’ (КТС). Да валіць1.