Дрэсірава́ць ’дрэсіраваць’ (БРС). Рус. дрессирова́ть, укр. дресирува́ти. Паводле Фасмера (1, 538), запазычанне з ням. dressieren (< франц.) або прама з франц. dresser (< італ.). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 191) дапускае толькі запазычанне з франц. крыніцы. Зыходзячы з агульнай сітуацыі, можна меркаваць, што бел. слова, магчыма, узята непасрэдна з рус. мовы, а не з франц. ці ням.
Дрэ́ўка 1 ’дрэўка (сцяга і г. д.)’ (БРС). Запазычанне з рус. дре́вко ’тс’ (у рус. мове гэта, паводле Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 188, рус. утварэнне на базе запазычанага са ст.-слав. мовы слова дре́во < дрѣво).
Дрэ́ўка 2 ’цурка (для палення)’ (БРС), дрэ́ўкі ’тс’ (Шат.). Відавочнае запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. drzewka (мн. л.) ’дровы’. Можна думаць і пра самастойнае ўтварэнне гэтага слова ў бел. мове на базе запазычанага з польск. мовы дрэ́ва (гл.).
Дрэ́чыцца ’дражніцца’ (Сцяшк.). Вакалізм у гэтым слове другасны. Зыходным з’яўляецца *драчы́цца ’тс’ (слав. *drǫčiti; агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 122–123). Гук э нібы «аднаўляецца» пад другасным націскам.
Дуб 1 ’дуб’. Рус. дуб, укр. дуб, польск. dąb, чэш. dub, серб.-харв. ду̑б, ст.-слав. дѫбъ. Прасл. *dǫbъ, дуб’ (падрабязны агляд форм і семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 95–97). Паводле Трубачова, прасл. *dǫbъ — гэта назва-эўфемізм, якая звязана з лексікай з шырокай семантыкай: *dǫbrava, *dъbrь. У аснове ляжыць і.-е. *dheu̯bh‑ ’глыбокі’, але Трубачоў разумее *dǫbъ як іншасказальнае слова: першапачаткова ’нізіннае (дрэва)’. Сюды адносіцца і бел. дуб ’вялікі човен’ (Бяльк.), рус. дуб, укр. дуб. Прасл. характар маюць *dǫbiti (бел. дубі́ць і г д.); гл. Трубачоў, там жа, 91–92; прасл. dǫbina (у тым ліку бел. дубі́на, рус. дуби́на, укр. дуби́на).
Дуб 2 ’вялікі човен’. Гл. дуб 1.
Ду́ба, ду́бам, дубка́ ’дыбам’ (БРС). Параўн. рус. ду́ба стоять, укр. ду́бом, ду́ба ’дыбам’, чэш. dubkem, славац. dubkom (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 145; праформа *dubъ, *dubъkъ, але семантычнай матывацыі няма). Фасмер (1, 549) прыводзіць рус. дыял. ду́бью ’дыбам’, укр. ду́бом стати, польск. dębem stać, чэш. dubkem і звязвае гэтыя лексемы з дуб (параўноўваючы з ням. sich bäumend ’устаючы на дыбы’, да Baum ’дрэва’).
Дубаве́цце ’дробязь, глупства’ (Касп.). З *dǫbo‑větьje ’дубовае галлё’ (> ’дробязь, глупства’). Яшчэ адзін прыклад існавання ў гаворках значнай колькасці складаных слоў.
Ду́бальт ’удвайне, удубальт’ (БРС, Нас., Байк. і Некр., Касп., Бяльк.). Запазычанне з польск. dubelt ’тс’. Польск. слова, паводле Брукнера (101), з ням. dupel ’падвойны’, аднак ням. форма не тлумачыць наяўнасць ‑t у польск. слове, таму, мяркуем, лепш зыходзіць з ням. doppelt (гібрыдная форма, вядомая з XVI ст., паводле Пауля, Wörterb., 7. Aufl., 129, якая ўзнікла з doppel < франц. double шляхам кантамінацыі з gedoppelt). Паводле Кюнэ (Poln., 52), польск. dubelt узята з н.-ням. dubbelt або ўстарэлага ням. duppelt.
Дубальто́вы ’падвойны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dubeltowy ’падвойны’ (а гэта, паводле Брукнера, 101, з ням. dupel ’тс’; хутчэй, аднак, з ням. doppelt ’тс’; падрабязней гл. пад ду́бальт).
Дубальто́ўка 1 ’дубальтоўка, паляўнічая стрэльба’ (БРС, Сцяшк., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. dubeltówka ’тс’ (ад dubeltowy ’падвойны’ < ням. dupel; гл. Брукнер, 101).
Дубальто́ўка 2. Гэта назва азначае розныя рэаліі: ’вялікая суконная хустка’ (Сцяшк., Сцяц.), ’падвойнае акно’ (Сцяшк.). У аснове ляжыць запазычаны з польск. мовы прыметнік дубальто́вы ’падвойны’ (гл.). Назвы для ’хусткі’ і ’падвойнага акна’ могуць быць утворанымі ўжо на бел. глебе (параўн., напр., выраз дубальто́выя ра́мы ’падвойныя рамы’, БРС). Але не выключаецца, што дубальто́ўка ў адзначаных вышэй значэннях — запазычанне з польск. дыялектаў.
Дуба́с ’вялікі, тупы нож’ (Нас.: Вілен., Ковен., Гродз. губ.). Укр. дубас ’вялікі нож’. Няясна. Параўн. фармальна ідэнтычнае, але з іншым значэннем рус. дуба́с ’від лодкі’. Магчыма, спачатку ’лодка грубай работы’ > ’грубы прадмет’. Параўн. у рус. гаворках (СРНГ, 8, 223): дубас «с заостренным носом и тупою кормою грубой работы, наподобие простого корыта». Адсюль, відаць, метафарычна: ’грубы, тупы прадмет’ (> ’тупы нож; тупы, вялікі нож’). Лексему дуба́с ’лодка’. Фасмер (1, 548) выводзіць ад *dǫbъ ’дуб’ (насуперак Міклашычу, які зыходзіў з тур. tombaz).