Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рублёва́ты ’які ільсніцца, адкормлены’, параўн. конь у рублёх, г. зн. рублёваты (ТС). Да рубель1 (гл.), параўн. рус. в я́блоках (пра масць каня).

Ру́блік ’папярочка на плыце, да якой прывязваюцца калоды’ (ТС). Памяншальна-ласкальнае ад рубель2 (гл.)

Ру́брыка ’загаловак раздзела ў газеце, часопісе і пад.’, ’раздзел; графа’ (ТСБМ). Праз польск. rubryka або рус. ру́брика запазычана з лац. rubrīca < ruber ’чырвоны’. Назва тлумачыцца тым, што надпісы і загалоўкі зводаў законаў пісаліся чырвоным чарнілам (Сной₂, 632).

Рубцы́ ’адзенне старое, рванае’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, кантамінацыя рубы ’добрае адзенне’ (гл.) і рубцы, рубец ’шво пры сшыванні двух кавалкаў тканіны’ (гл.).

Ру́бы толькі мн. л., экспр. ’добрае, святочнае адзенне’ (драг., З нар. сл.), параўн. ст.-бел. роубие альбо хоусты (XV ст., Карскі 2-3, 23). Рус. руб, ру́ба ’грубае адзенне, лахманы’, н.-луж. rub ’адзенне, саван’, серб.-харв. ру̏ба ’адзенне’, балг. ру́ба ’тс’. Усходне- і заходнеславянскія словы традыцыйна ўзводзяць да прасл. *rǫbъ, rǫbiti (Фасмер, 3, 510; Чарных, 2, 125), гл. руб. Балгарскае слова лічаць запазычаннем праз тур. ruba ’адзенне’ з іт. roba ’тс’, якое са ст.-в.-ням. і ст.-н.-ням. roub ’здабыча’, ням. Raub ’грабеж’. Адтуль жа і серб.-харв. ру̏ба ’адзенне’, рум. rubă ’лахман’, алб. rub ’ручнік’ (БЕР, 6, 331–332).

*Рубяжы́, рубыжі́ ’тое, што і граблі́ — трава, што застаецца паміж пракосамі’, ’знакі на скуры няроўна абстрыжанай авечкі’ (драг., Нар. словатв.). Магчыма, архаізм, параўн. ст.-рус. рубежь ’засечка; знак мяжы’ (гл. рубеж).

Ру́га ’паша для жывёлы’ (Нік. Очерки), ст.-бел. руга ’царкоўнае ўгоддзе’ (Станг, Urkundensprache, 145). Стараж.-рус. руга ’плата; царкоўная маёмасць’, укр. ру́га ’царкоўная зямля, прызначаная на ўтрыманне святарства’. Запазычана з с.-грэч. ρόγα ’salarium’, вытворнага ад лац. rogāre (Міклашыч, 282; Фасмер, 3, 512).

Ругава́ць ’турбаваць, крануць, паварушыць (саркастычна)’ (маладз., Янк. Мат.). З польск. rugować ’высылаць, караць вінаватых’ < rug ’высылка, пакаранне вінаватых’, запазычана з гарадскога нямецкага права, дзе Rüge ’вымова’, rügen ’вымаўляць, рабіць вымову’ (Брукнер, 468). У якасці зыходных формаў падаюць с.-в.-ням. rüggen, rucken, rücken (Нававейскі, Zapożyczenia, 261). Сюды ж ст.-бел. рукгованъе ’высяленне’ (Ст.-бел. лексікон).

Ругну́цца ’вылаяцца’, ругепу́ць ’аблаяць’, руга́нье ’лаянка, непрыстойны выраз’ (ТС), ругані́на ’лаянка, лаянне’ (міёр., Нар. словатв.), руга́нне ’сварка з грубасцю’, ру́гань, ругня́ ’тс’ (Юрч. Сін.). Укр. поруга́тися ’насміхацца’, рус. руга́ть ’сварыцца’, ругну́ться ’вылаяцца’, польск. urągać ’насміхацца’, каш. rǫgac ’насміхацца, кпіць’, чэш. rouhati ’гнявіць бога’, славен. rọ́gati se, rógam se ’высмейваць’, серб.-харв. ру̑г, ру́га ’насмешка’, ру̀гати се, ру̑га̑м се ’насміхацца’, балг. ръгая ’сварыцца, лаяцца’; ст.-слав. рѫгъ, рѫгати сѧ, ст.-рус. ругъ ’насмешка’, ругати ся ’насміхацца’. З прасл. *rǫgati (sę), *rǫgnǫti (sę). (Бязлай, 3, 191; Глухак, 533; SEK, 4, 212; ESJSt, 13, 780). З інш. ступенню вакалізму славен. regati, regniti ’лопнуць’, režati, režím ’зеўраць, быць раскрытым, бурчаць, злавацца’, серб.-харв. рега ’бурчанне, гырканне сабакі’, рѐгнути, ре̂гне̂м ’бурчаць’, ст.-слав. рѧгнѫти ’зеўраць’. Роднасныя да ст.-прус. rānctwei ’красці’, лац. ringor, ī, rīnctus sum ’разяўляю рот, выскаляю зубы, злуюся’. (Фасмер, 3, 512).

Руда́1 ’прыродная мінеральная сыравіна з металамі або іх злучэннямі’ (ТСБМ). У тым жа значэнні ўкр., рус. руда́, польск., в.-луж. ruda, чэш., славац. ruda, славен. rúda, серб.-харв. ру́да, балг. ру́да́. Прасл. *ruda ад і.-е. кораня *reudh‑ (*roudh‑/*rudh‑) ’чырвоны, руды, рыжы’. Суадносіцца з прасл. *rudъjь ’руды, чырвоны, рыжы’, гл. руды (Трубачоў, Этимология–1988–1990; ESJSt, 13, 781). Адносна сувязі з і.-е. *r(e)udh‑ ’медзь’ гл. Глухак, 533; Нов. в рус. этим., 1, 199.

Руда́2 ’красільнае рэчыва, што змяшчаецца ў ільняным палатне, выводзіцца з палатна вымочваннем і адбельваннем’ (Сл. Брэс.). Ад руды (гл.) як чэрня ’чорная фарба, чорнае адзенне’ < чорны, голя ’голае месца’ і пад.

Руда́3 ’рудая вада на балоце’ (навагр., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’іржа, іржавы налёт’ (ТС), ’гразь’ (Нас., Мат. Маг., Касп.). Гл. руда2, руды.

Руда́4 ’кроў’ (Нас., Гарэц.). Укр., рус. руда́ ’тс’. Выводзяць з руда3, магчыма, у выніку табуізацыі слова кроў (Фасмер, 3, 513 з літ-рай), або з першаснага значэння ’штосьці чырвонае’ (Борысь, SEK, 4, 188), параўн. ст.-інд. rudhirám ’кроў’ (< і.-е. *roudh‑ ’чырвоны, руды’).