Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пстрыкаўка ’бальзамін звычайны, Impatiens В. noli tangere L.’ (Байк. і Некр., Кіс.). Да пстры́каць, пстрык (гл.), таму што плод-каробачка пры дотыку трэскаецца і з сілай выкідае насенне; гл. БелСЭ, 2, 115. Параўн. яшчэ іншыя назвы гэтай расліны: астрык, прыгаўка, рус. недотрога.

Пстрыкт ’пстрык!’ (шальч., Сл. ПЗБ). Кантамінацыя пстрык і літ. strykt ’тс’.

Пстрыку́н, пстрыку́ха ’пра легкадумнага маладога чалавека’, ’пра чалавека, які злуецца, фыркае, выказвае сваю незадаволенасць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Шат., Байк. і Некр., ТС; капыл., кам., Жыв. сл.; гродз., Жыв. НС). Дэрываты ад пстры́каць з агентыўнымі суфіксамі ‑ун, ‑уха.

Пстры́ца1 ’адзін з прыёмаў кідання сцізорыка пры дзіцячай гульні ў ножык, трымаючы яго пальцамі за канец вастрыя’ (гродз., Нар. словатв.). Да пстрыкаць, пстрык (гл.).

Пстры́ца2 ’кола з паглыбленнем для шнура’ (гарад., Сл. ПЗБ). З польск. tryca ’паглыбленне ў бэльцы для шнура’ < ням. Fritze ’пад’ёмны дыск’ (Дарашэўскі, 7, 135).

Пстры́чка, пстрычо́к ’рэзкі адрывісты ўдар пры разгібанні ўказальнага або сярэдняга пальца, сагнутага вялікім пальцам’; ’пра малую, несур’ёзную, нявытрыманую, запальчывую, нервовую жанчыну ці дзяўчыну’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., Жыв. сл.), ’шпілька’ (Байк. і Некр.). З польск. pstryczek, pstryczka ’пстрычка’, якія ад pstrykać (гл. пстрык).

Пстры́шка ’страказа’ (валож., Жд. 1). Відаць, з пстрычка (гл.), параўн. іншую народную назву страказы — стрэлка (гл.).

Псуць ’псаваць’ (Нас., ТСБМ), псу́та ’псаванне’ (Шпіл.). Гл. псава́ць, псо́та.

Псыча́ць (псычаті) ’шыпець (напрыклад, пра сырыя дровы ў печы)’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. psyczeć ’тс’, збліжанага з сычэць, сычаць (гл.).

Псюк ’стары; лядашчы чалавек’; ’стары грыб’ (Нас.). Вытворнае ад псець (гл.); першапачаткова, відаць, ’непрыгодны; ні да чаго не варты’, параўн. чэш. psák ’неядомы грыб’.

Псю́рыць ’гнаць’, прыпсюрыць ’прыгнаць’ (дзярж., Нар. сл.). Утварэнне на базе *псюр < польск. psiurz ’псяр’.