Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кашчэ́й ’міфічны персанаж усходнеславянскіх народных казак: кашчавы і злы стары, які валодае тайнай даўгавечнасці і незлічоным багаццем’; ’вельмі худы чалавек’ (ТСБМ). Параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. кощь, кощии ’худы’, рус. дыял. коща́ ’вельмі худы чалавек’, бел. кашчэ́й ’тс’. Параўн. яшчэ ц.-слав. кошть (тѣломь кощь). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 187, вытворнае суфіксам ‑jь (‑jь) ад *kostь. Яшчэ раней такую ж этымалогію прапанаваў у сваім этымалагічным слоўніку Фасмер, 2. Менш верагодным уяўляецца тлумачэнне Сабалеўскага (ЖМНП, 1886, верасень, с. 152), які спасылаўся на рус. кости́ть ’лаяць’. Параўн. кашча́вы.

Кашэ́ль ’вялікая кашолка, звычайна з лучыны’; ’кашалёк’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Шат., Касп.). Таго ж паходжання, што і кашо́лка (гл.), г. зн. прасл. утварэнне пры дапамозе суф. ‑l‑ ад прасл. *košь ’кашолка’, ’кошык’. Усе дэрываты гэтага тыпу маюць прасл. характар і фармальна могуць быць зведзены ў тры варыянты праформ: *košelъ, *košela, *košelь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 187–189). У аснове ўтварэння ляжыць слав. *košel‑ < *kosl‑ (параўн. лац. qualum < *quaslom ’кашолка, пляцёнка’). І.‑е. праформы не вельмі ясныя, здаецца, магло быць і *k​uasl‑ і *kosló‑ (дарэчы, націск у слове *košelь, кашэ́ль дакладна адпавядае гэтаму другому варыянту).

Кашэ́рны (мяса і да т. п.). Гл. кашары́ць ’ачышчаць’.

Кашэ́рыцца ’старанна мыцца, ачышчацца’ (Шат.). Гл. кашары́ць ’ачышчаць’.