Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кату́рхаць ’трэсці, калыхаць’ (Сцяшк. МГ, БРС). Няяснае слова. Магчыма, нейкае гібрыднае ўтварэнне. Параўн. рус. дыял. котура́ться ’куляцца’, котуря́ть ’штурхаць’. Першая частка катур‑хаць, можа, звязана з дзеясловам тыпу рус. котуря́ть, а другая трансфармавалася пад уплывам штурха́ць (інакш цяжка вытлумачыць з’яўленне элемента «х» у разглядаемым дзеяслове). Магчымы камбінацыі дзеяслова штурхаць з «прэфіксамі» ка‑, ко‑ і спрашчэннем кансанантнай групы шт > т (з якіх прычын?). Параўн. нарэшце існаванне «комплекса» котур‑ (прасл. *koturati): рус. дыял. котура́ться ’куляцца’, славен. kotúrati ’капіць’, серб.-харв. коту̀рати ’вярцець’, ’каціць’ (паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 209, дзеяслоўны інтэнсіў, утвораны ад *kotiti ’капіць’ «узмацняльным суфіксам» *‑ur‑a‑ti).

Кату́х ’хлявок, закутак’; ’будка, засек’ (БРС, Касп.), ’куратнік’ (Шат.), ’катух, хлявок; закутак, дзе сыплюць на зіму бульбу’ (Сцяшк., МГ); ’катух, сплецены з саломы вялікі кошык’ (Бяльк.); ’адгароджанае месца ў гаспадарчым будынку; яслі’ (Сл. паўн.-зах., 2), пашырана выключна ва ўсх.-слав. мовах. Параўн. рус. дыял. коту́х ’памяшканне для свойскай жывёлы, хлеў; куратнік; сабачая будка; заканурак’ і г. д., укр. дыял. коту́х ’невялічкая будова для птушак’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 208 (тут і агляд слав. матэрыялу), вытворнае з суф. ‑uxъ ад прасл. *kotъ, вядомага толькі ў некалькіх слав. мовах. Параўн. серб.-харв. дыял. ко̑т ’закутак для свойскіх жывёл, для маладняку’, ст.-чэш. kot, kót ’будка, лаўка’ (гл. у Трубачова, там жа, II). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 354; Трубачоў, там жа, 214–215.

Катыльён ’катыльён, бальны танец франц. паходжання’ (БРС). Параўн. рус. котильо́н, укр. котильйон ’тс’. Лічыцца запазычаннем з франц. cotillon ’тс’, якое узнікла на базе іншага франц. слова — cotillon ’сподняя спадніца’ (< cotte ’сукенка’). У рус. мове запазычана з франц. на пачатку XVIII ст. Бел. і ўкр. словы непасрэдна ўзяты з рус. Адносна франц. cotillon гл. яшчэ тлумачальны слоўнік Wahrig G. Deutsches Wörterbuch — Mosaik Verlag, 2229; Meyers Neues Lexikon, 2. Aufl., Bd. 8. 1974, S. 107.

Катэгары́чны ’катэгарычны’ (ТСБМ, БРС). Рус. категорический, укр. категори́чний ’тс’. Крыніцай запазычання для бел. і ўкр. моў, відавочна, з’яўляецца рус. лексема, якая была вядома ў рус. мове з пачатку XVIII ст. (сустракаюцца формы категорически, прыслоўе — 1718 г., категоричный — 1714 г.). Паводле Фасмера, 2, 210, крыніцай рус. слова магло быць ням. kategorisch або франц. catégorique. Першакрыніцай з’яўляецца грэк. κατηγορία ’абвінавачванне’, ад якога ўзята (праз лац. categoria) ням. Kategorie, франц. categorie. У рус. мове катего́рия адзначаецца з 1722 г. Іншыя гісторыкі мяркуюць, што грэч. κατηγορία — тэрмін, прыдуманы і ўведзены Арыстоцелем.

Катэ́дж ’катэдж’ (ТСБМ, БРС). З тым жа значэннем рус. котте́дж, укр. коте́дж. Запазычанне з англ. мовы. Параўн. англ. cottage ’тс’ (утварэнне ад cot ’хаціна’ суфіксам ‑age). Спачатку слова папала ў рус. мову (у сярэдзіне XIX ст.; упершыню сустракаецца ў раманс Ганчарова «Абломаў») і мела націск крыніцы — ко́ттедж. У якасці варварызма рус. коттедж адзначалася яшчэ ў «Путевых письмах» Грэча (1839 г.). Падвойны націск (ко́ттедж, котте́дж) зафіксаваны ў слоўніку Ушакова (1935 г.), сучасны націск (на другім складзе) замацаваўся значна пазней.

Ка́тэдра ’кафедральная царква; прапаведніцкі амбон, кафедра’ (Нас.). У ст.-бел. мове адзначаецца на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Лічыцца, што непасрэднай крыніцай бел. слова з’яўляецца польск. katedra. Апошняе ўзята з лац. cathedra; першакрыніцай, бясспрэчна, трэба разглядаць грэч. καθέδρα ’сядзенне, крэсла’, яно вядома ў многіх еўрапейскіх мовах (параўн. у слав.: чэш., славац. katedra, укр. дыял. кате́дра, балг. кате́дра, серб.-харв. ка̀тедра і інш.). Таксама запазычана ў некаторых зах.-еўрап. мовах (напр., ням. Katheder). Гл. яшчэ ка́федра. Слаўскі, 2, 102; Кюнэ, Poln., 63; Клюге, 357.

Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове э — а ў залежнасці ад месца націску.

Ка́тэр ’катэр’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́тер, укр. ка́тер. У рус. мове запазычанне з англ. cutter ’тс’ у Пятроўскую эпоху азначала ’вялікая вёславая лодка, аднамачтавае судна’. Англ. cutter вытворнае ад cut ’рэзаць’; першапачаткова катэр ’судна, якое рэжа хвалі’. Упершыню фіксуецца ў пісьме князя Далгарукава Пятру I у 1714 г. Неабгрунтаваным было меркаванне Міклашыча аб магчымым паходжанні слова ка́тэр ад назвы галеры ка́торга (< с.-грэч. κάτεργον). Таксама няпэўнымі трэба лічыць параўнанні з гал. kotter або ням. Kutter (з фанетычных прычын). Параўн. Фасмер, 2, 210; Шанскі, 2, К, 95–96.