Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Глакта́ць ’хлябтаць; піць непамерна’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. глохта́ть ’жадна піць’, таксама глокта́ть (гл. СРНГ, 6, 203–204). Паводле Фасмера (1, 415), кантамінацыя форм *glъtati і *lъkъtati. Параўн. яшчэ гло́каць (Нас.).

Гламава́ты ’прыдуркаваты’ (Шат.). Няяснае слова Можа, звязана з групай слоў, якія Слаўскі (1, 281) прыводзіць для польск. glamać ’чмякаць у час яды, неакуратна есці’ (серб.-харв. glamàzati ’багата і не да ладу гаварыць; абдурваць і да т. п.’) і якія ён лічыць гукапераймальнымі. Няпэўна. Параўн. яшчэ гламазда́ (гл.).

Гламазда́ ’расцяпа’ (БРС), ’нехлямяжы’ (Касп.), ’бесталковы чалавек’, ’бесталкоўшчына’ (Нас.), ’няўмека’ (Сцяшк. МГ), глымызда́ ’гламазда, няварты чалавек, лішні ў хаце’ (Бяльк.). Вельмі цёмнае слова. Няма дакладных адпаведнасцей ні ў рус., ні ва ўкр. мовах. Можна, аднак, параўнаць з серб.-харв. glamàzati ’гаварыць багата і не да ладу; абдурваць’, чэш. hlomoziti ’шумець, крычаць’ (гэтыя словы Слаўскі, 1, 281, лічыць гукапераймальнымі і роднаснымі польск. glamać). Вытворныя: гламаздзе́нь ’бесталковы мужчына’ (Нас.), гламаздзі́ць ’набіваць галаву, забіваць бакі; навальваць адно на другое’ (Нас.). Параўн. яшчэ гламава́ты. Падрабязны агляд слав. матэрыялу (у тым ліку і ўласныя імёны тыпу ст.-рус. Гломазда) і спробу этымалогіі дае Трубачоў, Эт. сл., 6, 137–138.

Гламбякі́ ’лісце цыбулі’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. звязвае (запазычанне) з літ. lámbas ’лісце буракоў’, lámdyti, glámdyti ’камячыць’.

Гламяну́ць ’адкусіць вялікі кусок’ (Нар. сл., 29). Паводле Трубачова (Эт. сл., 6, 137: пад *gloměti) > роднаснае са славен. glométi ’быць жадным, настойліва вымагаць’.

Гла́сны (гіст. назва) ’гласны’ (назва пасады) (БРС), укр. гла́сний ’тс’ (Грынч.). Запазычанне з рус. мовы: рус. гла́сный (назва пасады, якая з’явілася ў 1785 г.: гласный ’член гарадской думы’; гл. Шанскі, 1, Г, 91). У рус. мове, паводле Шанскага (там жа), утварэнне на базе ст.-рус. гласьныи ’той, што мае голас’ (ад ст.-слав. гласъ ’голас’).

Глата́ць ’глытаць’ (Сл. паўн.-зах.). З *glъtati ’глытаць’, але з вакалізацыяй ‑ъ‑ > о (як і ў рус. мове: глота́ть). Сюды ж глану́ць ’глытнуць’ (< глот‑нуть са спрашчэннем групы зычных ‑тн‑ > ‑н‑).

Гла́тка ’аладка’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. формы гэтага слова: ала́тка, агла́тка, гала́тка, гла́тка. Мяркуем, што гла́тка < гала́тка (з рэдукцыяй першага галоснага); гала́тка мае пратэтычнае г‑; з формы гла́тка атрымалася агла́тка дадаваннем пачатковага а‑ перад групай зычных ‑гл‑ (іначай мяркуе Мартынаў, ЭСБМ, 1, 73: агла́тка (Сцяшк.) — кантамінацыя аладка і глытаць ці гладкі).

Глаўна ’галоўнае’ (Сл. паўн.-зах.: «глаўна, каб ты…»). Запазычанне з рус. гла́вное ’тс’ (Сл. паўн.-зах.).