Брані́цы ’каноплі без семя’ (Мат. Гродз., ДАБМ, 869), бра́ніцы ’тс’ (Сцяшк. МГ). Сюды, з метатэзай гукаў, барні́цы ’тс’ (Жд., Шчарб.). Да браць (тлумачэнне гл. у Даля).
Брані́ць ’лаяць’, брані́цца сварыцца, лаяцца’ (Нас.). Відаць, з рус. брани́ть, брани́ться.
Бра́нтка ’брамка ў стрэльбе’, ’штыфтык, на які надзяецца пістон’ (БРС). Сюды ж і бра́мка (гл.) ’тс’. Запазычанне з польск. brandka, brantka ’тс’ (< ням. Brandröhre або Brandruthe, Варш. сл. 1, 200). Укр. бра́нтка ’тс’ < польск. < ням., Шалудзька, Нім, 22.
Бранчэ́ць ’брынкаць’ (Касп.). Рус. бренчать, чэш. brnčeti і г. д. Да слав. bręk‑. Гл. Фасмер, 1, 212. Але параўн. і польск. brzęczeć.
Браня́. Ст.-рус. брънꙗ, рус. бро́ня́, бронь, укр. бро́ня, ст.-польск. brnia, чэш. brně, ст.-слав. брънꙗ і г. д. Лічыцца славянскім запазычаннем з герм. моў: гоц. brunjō, ст.-в.-н. brunnja ’браня, панцыр’. Міклашыч, 23; Бернекер, 90; Праабражэнскі, 1, 46; Фасмер, 1, 217–218; Махэк₂, 67; Траўтман, 38.
Брас ’стыль плавання’. Рус. брасс, укр. брас. Запазычанне з франц. brasse ’тс’ (а гэта да bras ’рука’). Падрабязна гл. Шанскі, 1, Б, 189.
Браск ’досвітак’ (Мар. дыс.). Марозаў, там жа, лічыць, што гэта паланізм. Параўн. польск. brzask ’тс’. Хоць тэарэтычна браск можа быць і бел. словам (параўн. рус. брезг ’тс’, бре́зжит ’світае’, чэш. břesk, ст.-слав. пробрѣзгъ і г. д. — слав. *brězg‑; аб слав. словах гл. Фасмер, 1, 211), усё ж на бел. глебе яно ізаляванае (акрамя таго, у бел. мове было б брэск). Укр. дыял. бряск ’бляск’ таксама з польск. (гл. Рыхардт, Poln., 37).
Брат. Ст.-рус. братъ, рус. брат, укр. брат, польск. brat (ст.-польск. bratr), чэш. bratr, ст.-слав. братръ, братъ, балг. брат, серб.-харв. бра̏т і г. д. Прасл. *bratrъ (форма *bratъ узнікла дысіміляцыяй двух r), старая аснова на ‑er. І.‑е. *bhrāter‑: ст.-прус. brāti, літ. brotė̃relis, гоц. broþar (ням. Bruder), лац. frāter, грэч. φρᾱ́τηρ, ст.-інд. bhrā́tar‑ і г. д. Бернекер, 82; Траўтман, 36; Фасмер, 1, 207–208; Слаўскі, 1, 41; Трубачоў, История терм., 58 і наст.; Шанскі, 1, Б, 189–190.
Братэ́рскі ’брацкі’, укр. брате́рський. Запазычанне з польск. braterski ’тс’ (‑r‑ тут захоўваецца ў сувязі з ст.-польск. формай bratr, параўн. Слаўскі, 1, 41; ва ўсх.-слав. мовах форма з ‑r‑ тыпу bratr не існавала, гл. брат).
Бра́ўнінг. Рус. бра́унинг, укр. бра́унінг. Запазычанне з англ. мовы (англ. browning ’тс’, ад імя яго канструктара Browningʼа). Параўн. Шанскі, 1, Б, 191.