Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Бро́вар ’вінакурня’. Укр. бро́вар. Запазычанне з польск. browar ’тс’ (параўн. browarz ’півавар’) < ням. Brauer. Гл. Брукнер, 42; Фасмер, 1, 215; Бернекер, 88; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Шалудзька, Нім., 23; Рудніцкі, 213 (указваюць таксама на с.-в.-ням. і н.-ням. крыніцу). Ст.-бел. бровар ’бровар, піваварня’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.). Бел. бровар ’півавар’ (Нас.) запазычана з польск. browarz ’тс’.

Брог ’стог сена на чатырох слупах і са страхой’, таксама брок (Інстр. I, Бір. Дзярж., Жд.), ст.-бел. броґ, брок ’стог, сцірта’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. bróg ’тс’ (а гэта ад прасл. *borgъ ’тс’ — аблаутнай формы да *bergti *bergǫ, гл. берагчы́, параўн. Слаўскі, 1, 44). Гл. Бернекер, 73. Бел. форма абаро́г (укр. оборі́г). Гл. яшчэ брэх. Таксама з польск. мовы ўкр. дыял. броґ ’тс’. Параўн. далей Фасмер, 1, 216; Рыхардт, Poln., Зб. Карскі, РФВ, 49, 10 (Труды, 389), памылкова тлумачыў брог з літ. brãgas (гэта з польск.).

Брод ’брод; забалочаная лагчына і г. д.’ Рус. брод, укр. брід, польск. bród, чэш. bród, балг. брод, серб.-харв. бро̑д і г. д. Прасл. brodъ ’тс’. Аблаутная форма (як і дзеяслоў *broditi ’брадзіць’, гл.) да прасл. bresti, bredǫ (гл. пад брадзі́ць). Дакладныя адпаведнасці ў балт. мовах: літ. brãdas топкае месца, брод; лоўля рыбы’, bradà ’водмель’. Бернекер, 88; Траўтман, 37; Фасмер, 1, 216; Слаўскі, 1, 44.

Бро́днік ’вярба’ (Касп.). Рус. дыял. бро́дни́к ’вербавы хмызняк’, ’кара вярбы’. Калі гэта не нейкія другасныя формы (параўн. бел. брэд, брэднік, рус. бред, бреди́на вярба’), то пацвярджаецца этымалогія Бернекера, 83, і Фасмера, 1, 210, пра сувязь назв, вярбы (bred‑) з дзеясловам bresti bredǫ ’брадзіць’. Гл. брэд2.

Бро́мы ’будынкі гандлёвых радоў’ (Касп.). Запазычанне з польск. (ст.) broma (brama) ’вароты, уезд’ (да паходжання польск. слова гл. бра́ма).

Бро́нец (дакладней бране́ц, параўн. рус. смал. броне́ц) ’дзераза гадавая, Lycopodium annotinum L.’ (Кіс.). Рус. броне́ц ’тс’. Наўрад ці ёсць сувязь з дзеясловам броне́ть ’паспяваць, рабіцца колеру спеласці’. Ва ўкр. мове толькі форма баране́ць; таксама ў бел. мове баране́ц ’Lycopodium selago L.’ (Кіс., 78). Можна лічыць, што рус. броне́ц (праўдзівей было б бране́ц) і бел. слова паходзяць з б(а)ране́ц (да бара́н). Расліна так названа за яе касматыя, кучаравыя галінкі.

Бро́нза. Запазычанне з ням. Bronze (або з франц. bronze; Фасмер, 1, 217), якое быццам з італ. bronzo (паходжанне яго не вельмі яснае). Гл. Фасмер, 1, 217; Праабражэнскі, 1, 46; Брукнер, 41. Падрабязна Клюге, 102; MESz, 1, 371.

Бронь ’зброя’ (Нас., Яруш.), ст.-бел. бронь (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. broń ’тс’ (да прасл. bornь, гл. Слаўскі, 1, 43–44). Таксама з польск. укр. бронь. Параўн. Рудніцкі, 216.

Бро́ніць ’бараніць, забараняць і г. д.’ (Нас.). Паланізм. Параўн. ст.-бел. бронити ’бараніць, абараняць’ < польск. bronić (Булыка, Запазыч.).

Бро́сня ’цвіль на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ), броснь (Нас., Чач.), бро́снець ’пакрывацца цвіллю’, таксама брасне́ць (Нас., Гарэц.). Дакладная адпаведнасць ва ўкр. мове (бро́сня ’Sporengehäuse’, і гэта слова Рудніцкі (218) лічыць вытворным ад брость ’пупышка на дрэве; зелень на дрэве’ < слав. brъstь ’пупышка, парастак’; да апошняга гл. Бернекер, 90; Фасмер, 1, 219) і польскай (brośń; гэта слова Брукнер (41) з няпэўнасцю параўноўвае з слав. bronъ ’светлы колер’, broněti ’паспяваць (аб збожжавых)’). Тлумачэнне Рудніцкага пераконвае, і можна толькі ўдакладніць, што бел. броснь — утварэнне ад бро́снець (< *бростнѣти < *brъstь). Развіццё значэння: бро́снець < *бростнѣти (*brъstьněti) ’пускаць парасткі, пупышкі, зелянець’ → ’зелянець’ → ’пакрывацца зеленню’ → ’броснець’. Тады польск. brośń — запазычанне з усх.-слав. (бел. або ўкр.), як і brośćукр. брость). Параўн. яшчэ Міхневіч, БЛ, 1972, 1, 72.