Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć się ’спрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti 1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti 2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыцца — жураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Журэ́ць ’разгарацца’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, кантамінацыя жураць 1 (жураць) і літ. žiorúoti ’тлець, іскрыцца, разгарацца’, на якое ўказвае Сл. паўн.-зах. (2, 160), паколькі слав. хутчэй не дае значэння ’разгарацца’. Літ. слова Фрэнкель (1312) узводзіць да žarà ’зара’, якое суадносіцца са слав. зара.

Жуто́мік ’суслік’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, запазычанне нейкай польск. формы з пачаткам žółto‑; жоўты колер можа суадносіцца з суслікам.

Жухаце́ць ’гарэць, свяціць’ (клец., любан., Жыв. сл.). Значэнне ’гарэць’ прадстаўлена ў шэрагу слоў на жу‑: жураць, жуляць, жураць (гл.). ‑х‑ тлумачыцца, відаць, экспрэсіўным пашырэннем кораня; ‑ац‑ адлюстроўвае суфікс ‑ot‑ са знач. ’аддзеяслоўная якасць’, ’гарэнне, свячэнне’; ‑ě‑ti > ець. Не выключана і прамое далучэнне суфікса ‑ацець (параўн. грукацець, тупацець, шапацець, бразгацець, ляскацець з гукавымі значэннямі). Гл. зіхацець.

Жу́хаць 1 ’рэзка кідаць’ (Юрч., Нар. вытв. сл.). Рус. перм. жу́хнуть ’моцна ўдарыць’, укр. жухну́ти ’моцна кінуць’ (Жэлях.), чэш. žuchati ’выдаваць глухі гук’, славац. žuchnút ’упасці, бухнуць’. Махэк₂ (731) тлумачыць як утварэнне з ‑s‑ дляабазначэння інтэнсіва ад гукапераймальнага žu‑ (гл. жук). Пераход ад гуку да штуршка не выключаны, хаця і не вельмі пэўны. Параўн. яшчэ жах (у знач. ’удар’), шугаць.

*Жуха́ць 2, жуха́ты ’мыць, праць, церці’ (Клім.). Рус. бранск. жу́хаться ’цяжка і многа працаваць’. Відаць, адлюстроўвае корань *geu‑ са знач. ’згінаць’ (Покарны, 1, 393–398). ‑х‑ мае экспрэсіўны характар. Няясна.

Жу́хлы ’нясвежы, няяркі’, жу́хнуць ’рабіцца жухлым’ (ТСБМ). Рус. жу́хлый, жу́хнуть. Безляй (Radovi [Akademija Nauka і Umjetnosti Bosne і Hercegovine], XXXV, Odjeljenje društvenih nauka, knj. 12, 1969, 88) прапануе ўзводзіць рус. жухнуть, бел. жухнуць ’высыхаць’, як і славен. дыял. júhniti ’буркнуць, пікнуць’, да і.-е. *dheus‑ ’пыліць, дуць’, якое дае побач з рэфлексам *dux (гл. дух) яшчэ і рэфлекс *djux‑, што і даў жухнуць. Параўн. і.-е. назвы няяркіх фарбаў, якія дае Покарны (1, 270) пад *dheus‑, ст.-інд. dhūsara ’колер пылу’, лац. fuscus ’цёмна-карычневы, жоўта-чорны’, англ. dusk ’змрочны, цёмны. Для словаўтварэння з суфіксамі ‑л‑ (прыметнік) і ‑ну‑ (дзеяслоў) параўн. бляклы, блякнуць. Параўн. яшчэ тусклы.

Жучкі́ ’сухія скваркі’ (мядз., Нар. сл., 59). Параўн. рус. пенз. жучо́к ’шалупінне ў крупах’. Відаць, сем. перанос паводле формы (памянш. жучок ад жук 1 (гл.). Параўн., аднак, яшчэ рус. кур. жу́рки, балг. журнулѝни ’скваркі’; параўн. журэць.

Жучо́к ’шпілька для валасоў’ (валож., Жд.). Сем. перанос памянш. жучо́к (гл. жук 1) паводле функцыі: захватвае валасы, як лапкі жука.

Жу́чыць ’дакараць’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. жу́чить ’тс’. Параўн. серб.-харв. жу̏чити, жу́чити ’рабіць горкім, мучыць’ (відаць, ад жу̑ч ’жоўць, злосць’). Праабражэнскі (1, 239) звязваў жучить з жгут, што неверагодна. Мала верагодна і дапушчэнне Фасмера (2, 68) пра сувязь з жуда, жуткий. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 301, ЭИРЯ, 3, 65) лічыць звязаным з рус. дыял. жук ’сварка, шум’ (у СРНГ не зафіксавана) і жу́ка́ть ’дакараць, спрачацца, сварыцца, гаварыць ціха’. Гэта этымалогія мае больш падстаў. Ці не з польск. zuczyć ’навучыць’ (у рус. тады з бел.)?

Жушмень ’быльнёг’ (мсцісл., Юрч., Слова, 257, без націску). Суфікс ‑мень, які выдзяляецца яшчэ ў глушме́нь, цясме́нь, сухме́нь, глухме́нь, слізме́нь (Сцяцко, Афікс. наз., 116). Для кораня, відаць, трэба параўноўваць з жужма 2, дзе прадстаўлен і варыянт жушма, жушмо ’вязка льну, лазы’. Жушмень, магчыма, трэба разглядаць як вытворнае ад жу́шма.