Дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.). Гл. дро́гкі. Лексема з беларускай тэрыторыі з вакалізмам «е» не прыводзіцца наогул у падрабязным этымалагічным слоўніку прасл. мовы (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 138, дзе пад праформай *drъgъkъjь прыводзіцца толькі бел. дро́гкі і рус. смал. дре́хкий). Але ўсё сведчыць аб тым, што і формы з вакалізмам «о», і формы з вакалізмам «е» канцэнтраваліся фактычна на беларускай этнічнай тэрыторыі, г. зн. што прасл. лексема *drъgъkъjь (можна дадаць і яе варыянт *drьgъkъjь) з’яўляецца праславянскім дыялектызмам бел. мовы, што вельмі важна для гісторыі праславянскіх дыялектаў.
Дро́б 1 ’дроб’ (матэматычны тэрмін)’ (БРС). У гэтым значэнні запазычанне з рус. дробь ’тс’ (вядомага з XVIII ст.). Аб рус. слове гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 192–193.
Дроб 2 ’шрот’ (Бяльк.). Запазычанне з рус. дробь ’шрот’ (вядома з 1639 г.), якое звязана з дробь ’дробязь, малыя часткі чаго-н.’ Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 193.
Дро́бны ’малы, дробны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах. і г. д.). Гэта слова ўтворана яшчэ ў прасл. час (прасл. *drobnъ(jь); агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 122) і лічыцца вытворным ад асновы *drob‑ (да *drobiti, *drobь).
Дро́бязь ’дробязь, глупства’ (БРС, Шат., Бяльк.), дро́безь (Касп.). Этымалагічна звязана са словам драбяза́, драбязго́вы (гл.).
Дро́вы ’дровы’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах. і г. д.). Таксама дро́ва ’тс’ (Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Рус. дрова, укр. дро́ва, польск. drwa, чэш. drva, балг. дърва ’тс’, ст.-сл. дръва ’дровы’. Прасл. *drъva (мн. л. ад *drъvo ’дрэва’). Агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 141–142. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 539; Бернекер, 1, 232; Траўтман, 53; Слаўскі, 1, 171. Як і прасл. *dervo ’дрэва’, мае і.-е. адпаведныя формы (са ступенню рэдукцыі); параўн. грэч. δρῡς ’дрэва, дуб’.
Дро́гі ’калёсы, развалкі’. Гл. дро́жкі.
Дро́гкі ’дрогкі’ (БРС, Байк. і Некр., Бяльк.), дро́хка ’страшна’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 138), бел. слова звязана з рус. дыял. смал. дрехкий ’тс’. Гэтыя словы, магчыма, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі; супольная праформа — *drъgъkъjь (вытворнае ад дзеяслова *drъgati ’дрыжаць, дрыгаць і г. д.’). Параўн. таксама (з вакалізмам«е») і бел. дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.), якое сведчыць аб складанасці дыялектнага размеркавання розных тыпаў вакалізму ў каранёвай частцы данай лексемы. Прасл. *drъgъkъjь адлюстроўваецца і ў бел. назвах для балота, дрыгвы ў тыпе *drъgъkyni (суфікс *‑yni); параўн. у Яшкіна: драгкінь, драгкіня́, дрогкінь (няма ў Трубачова, Эт. сл., 5, што вельмі дзіўна).
Дро́гкінь, драгкінь, драгкіня́ ’балота, дрыгва’ (Яшкін). Гл. дро́гкі.
Дро́ж ’дрыжыкі’ (БРС, Шат.). Утварэнне прасл. эпохі. Параўн. рус. дрожь ’тс’, ст.-рус. дрожь, рус. дыял. дрощ, польск. dreszcz. Трубачоў (Эт. сл., 5, 144) выстаўляе прасл. *drъžь. Але, магчыма, што частка форм (польск. dreszcz, рус. дрожжа́ть) паходзіць ад *drъzgi̯‑ (гл. Фасмер, 1, 540–541). Атрымліваецца, што пад адной праформай *drъžь нельга тлумачыць гэту групу слоў. Відаць, што фанетыка-марфалагічныя адносіны былі тут вельмі складаныя. Лічыцца, што фармальна *drъžь добра адпавядае літ. drugỹs ’ліхарадка’ (гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, там жа). Гл. далей дрыжа́ць.
Дро́жджы ’дрожджы’ (БРС, Нас., Шат., Бяльк.). Рус. дро́жжи, ст.-рус. дрожди, укр. дрі́жджі, польск. drożdże, серб.-харв. дро̀жда і г. д. Прасл. *droždža, *droždži, *droždžьje (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 128–129, там і агляд форм.). У аснове ляжыць *drozg‑ (*drozgi̯‑), якое прадстаўлена ў ст.-ісл. dregg ’дрожджы’, англ. dregs, літ. drãgės і г. д. Агляд літ-ры ў Фасмера, 1, 540; Трубачова, там жа.