Тоўч 1 ’таўчы’ (Растарг.): тоўч кросны ’таўчы аснову ў ступе’ (мсцісл., Жыв. сл.), то́ўчца ’тоўпіцца, знаходзіцца ў цісканіне’ (Юрч. Сін.). Да таўчы, гл.
Тоўч 2 ’вотруб’е’ (Мат. Гом.), ’прасяное шалупінне’ (ТС), товч ’тс’ (Сл. Брэс.), ’корж з тоўчанага канаплянага семені’ (стол., ЖНС): тоўч есць ’многа, з прагнасцю есці густое’ (Юрч. Сін.). Укр. товч ’восыпка свойскай жывёле’, польск. tłucz(a), tłuk, чэш. tlucz, славац. tlč ’корм жывёлы’. Прасл. *tolčь. Да таўчы (гл.), якое з прасл. *telkti — у ім група telt на ўсходнеславянскай тэрыторыі (пад уплывам цвёрдага ‑л‑) перайшла ў tolt — *tolkti. Ад асновы апошняга *tolk — пры дапамозе суф. *‑jь утварылася *tolk‑jь > *tolčь > тоўч.
То́ўча ’гатаваная мятая бульба, камы’ (драг., Ск. нар. мовы). Да таўчы (гл.). Утворана (як і папярэдняе слова) ад асновы *tolk‑ і суф. *‑ja. Сюды ж: тоўке́ня ’тс’ (бяроз., Вешт.) з другасным выраўноўваннем асновы *tolk‑, як і тоўка́нка ’камы’ (ТС), параўн. таўкці́ ’таўчы’ (там жа), товчэ́ня ’тс’ (драг., ЛА, 4), якія ўтвораны пры дапамозе суф. ‑еня, роднаснага балтыйскаму ‑enė, параўн. літ. brazdiẽnė ’каша’. Усх.-бел. то́ўчанка (ЛА, 4) і тоўчэ́нік ’тс’ (Вешт.) былі ўтвораны ў выніку семантычнай кандэнсацыі: то́ўчанка < тоўчаная каша/бульба і да т. п.
Тоўшч, то́ўшча ’таўшчыня’, ’маса якога-небудзь што мае вялікую таўшчыню рэчыва, цела’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жд. 2, Гарэц., ТС), ’таўшчыня зямлі, не паверхня’ (БРС), ’вышыня стромага берага’ (Др.-Падб., Яшк.), тэўшч ’таўшчыня’ (Янк. 2). Укр. то́вща ’густы лес, нетры’, ’тоўсты слой’, рус. то́лща ’аб’ём; маса цела’, ’гушча’, ’слой, пласт’, ’таўшчыня’, польск. tłuszcz ’тлушч’, tłuszcza ’натоўп людзей, зброд, галота’, чэш. tloušť ’галавень, Leuciscus cephalus’, старое ’таўшчыня’, tloušťka ’таўшчыня, паўната’; славен. старое tọ̑lst (Р. скл. tolstȋ) ’тлушч’, новае tọ́lšča ’тс’, ст.-слав. тлъшта ’таўшчыня’. Прасл. *tъlst‑jь, *tъlst‑ja, утвораныя ад прыметніка *tъlst‑ъ пры дапамозе суф. *‑jь, *‑ja. Да тоўсты (гл.). Аб мене о > э ў лексеме тэўшч гл. Карскі, 1, 156.
То́фель ’таполя’ (лаг., Жд. 3; Сл. ПЗБ), то́філь, то́фаль ’тс’ (Сл. ПЗБ), то́фліна, то́флінка ’тс’ (Барад.). Гл. топаль, таполя; замена н > ф разглядаецца як выпадак гіперызму, гл. Забаштанская, АКД, 7. Магчыма, іранічнае збліжэнне з То́філь (= рус. Феофил, Байк. і Некр.).
То́хнуць ’спаць сапучы ці задаючы храпака’ (Нас.), ’гніць ад недахопу паветра’ (брасл., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. то́хлый ’тухлы’, то́хнуть ’здыхаць, дохнуць’. З *тъх‑, генетычна звязанага з тхнуць (< *dъxnǫti) ’патыхаць’, ту́хнуць ’пратухаць’, тхлі́на ’падла’, гл. (Фасмер, 4, 89).
Тох-тох-тох ’стук-стук-стук’ (кам., ЖНС). Гукапераймальнае. Ад тог‑ утвораны ‑ка‑дзеяслоў то́хкаць ’тахкаць, стукаць, торгаць’ (ТС), з частковай рэдуплікацыяй — то́хтаць ’пульсаваць’ (шальч., Сл. ПЗБ).
Тоц у выразе: тоц у тоц ’вельмі падобны’ (ТС). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад падобнага выраза точ у точ ’вельмі дакладна, падобна’, гл. точ. Праблему складае канец слова, гл. аналагічнае чаргаванне ў цот (гл.) пры рус. чёт ’парнасць, пара’. Параўн. макед. дыял. тоцки ’толькі, адзіна; зусім мала’, якое Тодараў (Этим. етюди, 83) выводзіць з то́лку ’столькі’ (< *толцки); разм. тоцне ’цюкнуць’. Магчыма, пад уплывам тыц (гл.) таго ж паходжання.
То́цма: тоцма стаць ’застыць ад страху’ (ТС). Утворана ад стоц(ь)ма стаць, як роўма раўці, бегма бегчы, варма варыць і да таго пад., параўн. стоці, гл.
Точ у выразе: точ у точ ’вельмі дакладна, падобна’ (мсцісл., Юрч. Фраз.), tocz ŭ tocz ’кропля ў кроплю (падобны)’ (ваўк., Федар. 4); магчыма, сюды ж ст.-бел. то́чию ’толькі’ (Ст.-бел. лексікон, Сл. Скар.). Параўн. укр. дыял. точ (в) точ ’дакладна’, рус. точь в точь (точь‑в‑точь) ’тс’, польск. tecz ’кропка’. Прасл. *tъčь ’тс’ звязана з *tъknǫti/*tykati (Брукнер, 567; Фасмер, 4, 90; ESSJ SG, 2, 665; ЕСУМ, 5, 611), гл. ткнуць, тыкаць, а таксама точка 2, точна.
То́ча 1 ’від палатна’ (Касп.), рус. то́ча, точина́, то́чиво ’ўсё, што выткана, палатно’. Утворана ад раннепраславянскага дзеяслова *tъktʼi (які папярэднічаў пазнейшаму *tъkati ’ткаць’, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 117) і суф. *‑ja (> *tъk‑ja).
То́ча 2 ’незамярзаючае месца на рацэ, прамыіна’ (ТС). З прасл. *tok‑ъ (ад *tekti ’цячы’) пры дапамозе суф. *‑ja (*tok‑ja).