Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ткі ’такі’ (Бяльк., Варл.): усё ж ткі (Маладосць, 1991, 10, 115), добра‑ткі падпілі (Беларуская маладзёжная, 1999, 26 ліст.). Звычайна разглядаецца як скарочанае з такі2 (гл.), аднак параўн. таксама -тка, гл.

Тклі́вы ’з’едлівы, абразлівы’, ’уразлівы, чуллівы’ (Нас.), ’з’едлівы, зняважлівы, прыкрыў ’далікатны (пра пытанне і пад.)’ (Байк. і Некр.), ’сентыментальны, кранальны’ (Ласт.), тклі́ва ’груба, абразліва, з’едліва’ (Нас.). Рус. дыял. тли́вой, тли́вкой ’чуллівы, раздражняльны’, польск. tkliwy ’чуллівы’, чэш. tklivý ’чуллівы, жалобны, сумны’, славац. tklivý ’тс’. Вытворнае ад ткаць2 (гл.) з суф. ‑лів‑ (< тъкливъ, гл. Фасмер, 4, 65; Борысь, 633).

Ткнуць ’рэзкім рухам сунуць’ (ТСБМ), ’даць’ (ТС), ст.-бел. ткнуць ’ткнуць’, ’даткнуцца’ (1518 г., КГС). Гл. ткаць2, тыкаць.

Тла-тля́на (тла‑тля́но) ’вельмі мокра, сыра’ (Сл. Брэс.; бяроз., Шатал.). Гл. тляна.

Тлен1 ’тленне, гніенне, распад, разбурэнне’, ’прах’ (ТСБМ, Гарэц.), тлень ’гніль; знікомасць, нікчэмнасць’ (Нас., Байк. і Некр.). Можа разглядацца як скарочаная форма аддзеяслоўнага назоўніка тле́нне (тле́ньне) ’гніенне, прэнне, гарэнне без полымя’ (Ласт.) ад тлець (гл.), аднак слабая засведчанасць у народнай мове схіляе да думкі аб пранікненні з ц.-слав. тлѣнъ ’прах’, параўн. у Скарыны тление, тлененъ ’спарахнелы’ (Сл. Скар.) са ст.-слав. тьлѣньнъ ’знікомы, зямны’.

Тлен2 ’кісларод’ (Байк. і Некр.), тлён ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж тле́ньнік ’вокіс’ (Байк. і Некр.). Запазычана з польск. tlen ’кісларод’, наватвора XIX ст. ад tleć (гл. наступнае слова).

Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tly ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел. тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр. тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус. тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск. tleć ’тс’, н.-луж. tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж. tłać ’тс’, чэш. tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац. tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен. tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед. тлее ’гаснуць’, балг. тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав. тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл. *tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат. tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ. tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч. τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм. tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е. *tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл. *tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм. tila, гоц. til ’урадлівая зямля’, асец. tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус. дыял. тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв. тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав. тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус. тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл. *tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл. *toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.

Тло1 ’тое, што сатлела, спарахнела, згніло; тлен, прах, попел’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’прах, попел, тлен’ (Нас.), тлё ’гніль, парахно’: бадай сена да тлём стала (гом., Рам. 8). Аддзеяслоўны назоўнік ад тлець (< *tъlěti) ’гніць; паціху гарэць’ (гл.) з семантыкай ’вынік працэсу’; сюды ж, відаць, і тля ’?’: нехай цебе тля тлиць (Нас.) у значэнні суб’екта дзеяння (’агонь’?).

Тло2 ’аснова’ (Сцяшк.), ст.-бел. тло ’дно’ (пач. XVII ст., КГС). Укр. тло ’аснова’, рус. дыял. тло ’дно, аснова’, стараж.-рус. тьло ’зямля, грунт, падлога’, польск. tło ’фон; грунт; под у печы’, н.-луж. tło ’падлога, паласа зямлі, краіна’, в.-луж. tło ’падлога’, чэш. дыял. tlo, tla ’дашчаная столь’, славац. tlo ’столь’, славен. tlò, tlà ’грунт, зямля; падлога’, серб.-харв. тло̏ ’тс’, макед. тло ’грунт’, ст.-слав. тьло. З прасл. *tьlo ’дно, аснова, грунт’, роднаснага да *stьlati ’рассцілаць, слаць’. Далей роднаснае да літ. tìlė ’дошчачка з насцілу ў лодцы; палена, шчапа’, tìlės ’дашчаны насціл на дне чаўна’, tìltas ’мост’, pãtalas ’пасцель’, лат. tals, tale ’выбельванне (лёну)’, tilts ’мост’, прус. talus ’падлога’, ст.-в.-ням. dilla, dili ’маснічына’, ст.-ісл. þel ’грунт, аснова’, ст.-ірл. talam ’зямля’, лац. tellūs ’тс’, грэч. τηλίᾱ ’дошка для гульні’, ст.-інд. talam ’раўніна’ на падставе і.-е. *tel‑ ’плоскі’, ’рассцілаць’ (Борысь, 634; ЕСУМ, 5, 584; Фасмер, 4, 65; Брукнер, 571; Махэк₂, 645; Бязлай, 4, 186; Каруліс, 2, 406–407).

Тлок ’цісканіна, таўкатня’ (Вруб.). З польск. tłok ’тс’.

Тлу́жа ’тлушч у вадкім стане, тук’ (радашк., ДАБМ, камент.). Няясна; відаць, звязанае з тлушч, гл.

Тлук ’тлушч, растопленае сала’ (полац., Нар. сл.), ’тлушч, які застаецца на патэльні, калі смажаць сала’ (Барад.). Відаць, да тук (гл.) пад уплывам тлусты, тлушч, гл.