Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ісці́зна ’справядлівая справа, справядлівы іск, сапраўдная прыналежнасць’ (Нас.). Ст.-бел. истизна ’наяўныя грошы, наогул наяўнасць чаго-н.’ (Гарб.), ’уласнасць’ (1547 г., Булыка, Лекс. запазыч., 78) запазычана са ст.-польск. iścizna ’капітал, наяўнасць, уласнасць; істотная праўда, рэчаіснасць’. З польскага таксама ўкр. исти́зна ’сапраўдная сума’ (Жэлях.). Слаўскі (1, 472) лічыць паўн.-слав. утварэннем з суф. ‑izna ад *jьstъ (гл. існы).

І́сціна ’праўда’ (ТСБМ, Бяльк.), ’пазыка без працэнтных нарашчэнняў або сума чыстага падатку без пені’ (Бяльк.), ’ісцінны, сапраўдны доўг’ (Шат.), истина ’чысты капітал’ (Шн., 2, 403), и́сцинна ’праўда’, ’сапраўдная колькасць чаго-н. узятага ці пазычанага’ (Нас.). Рус. и́стина ’праўда’, дыял. и́стинник ’наяўныя грошы, капітал’, ’першапачатковая сума крэдыту без працэнтаў’, укр. їстина ’капітал, асноўны капітал’, ’ісціна’ (Грынч.), польск. iścina ’сапраўднасць, сутнасць’, ’уласнасць’, ’наяўнасць’, чэш. jistina ’наяўнасць, капітал’, славац. istina ’тс’, славен. îstina ’праўда’, ’асноўны капітал’, серб.-харв. и̏стина ’праўда’, балг. и́стина ’тс’, макед. истина ’тс’. Ст.-слав. истина ’праўда, сапраўднасць’, ’дакладнасць’, ст.-рус. истина, истинна ’праўда’, ’сапраўднасць’, ’справядлівасць’, ’сапраўдная колькасць тавараў, грошай (без прыбытку)’, ст.-бел. истина ’праўда’. Прасл. вытворнае з суф. ‑ina (Мейе, Études, 450–452) ад *jьstъ (гл. існы). Трубачоў, Эт. сл., 8, 242; Фасмер, 2, 142; Слаўскі, 1, 472 (семантычны пераход ’правільнасць, праўда’ → ’рэч правільная, сапраўдная, істотная, галоўная, якая забяспечвае’; параўн. лац. capitalis ’галоўны’ — капітал); Шанскі, 2, I, 131 (запазычанне са ст.-слав.). Няма падстаў лічыць бел. слова запазычаным з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 34).

І́сціць ’выконваць’, ’аддаваць узятую ці пазычаную колькасць’, ’задавальняць’, ’рабіць па чыстаму сумленню’ (Нас.), і́сціцца ’здзяйсняцца’ (Нас., Яруш.), ’выплачваць свой доўг’ (Нас.), ст.-бел. истити ’забяспечваць, выплачваць’ (1492 г.) запазычана са ст.-польск. iścić (Булыка, Лекс. запазыч., 78). Адносна семантыкі і словаўтварэння польскага слова гл. Слаўскі, 1, 471.

Іў выклічнік ’ужываецца гукапераймальна для перадачы голасу каня пры брыканні’ (ТСБМ, Шат.), параўн. рус. дыял. и́вка ’аб кані (у мове дзяцей)’, и́вкать ’іржаць’, ’пакрыкваць на коней’. Гукапераймальнае.

І́ўка ’павека’ (карэліц., Сл. паўн.-зах.). Збліжаюць з літ. vókas ’абалонка’ (там жа).

І́ўчык ’назва птушкі’ (Бяльк., Сцяц), і́чык ’птушка (лясны свістун)’ (Мат. Гом.). Відаць, птушка Saxicola rubetra L. (Антропаў, дыс.). Гукапераймальнае: іў‑чык, параўн. прыклад у Сцяцко: «Гэты йіўчык усё кажа: іў‑чык‑іўчык‑чык, жыве ў балоце»; параўн. ечык, ёўчык.

І́хні займ. ’які належыць ім’ (ТСБМ, Шат., Нас.), і́хны ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), і́хі ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), и́хный ’ім уласцівы’ (Нас.). Рус. дыял. и́хний, и́хный, и́хий ’іх’ (у рускай пісьменнасці з XVII ст.), укр. і́хній ’тс’. Вытворнае з суф. ‑н‑ (< ьnъ) ад іх, формы р. скл. мн. л. прасл. займ. *jь (гл. ён). Гл. Фасмер, 2, 145.

І́цвіна ’адзін з двух драцяных цяжоў, якія злучаюць галоўкі саней з пярэднімі капыламі’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Юрч.). Рус. дыял. и́тви́на ’прут, тонкая палачка’, пск., смал. ’папярочны брус, які злучае ўгары палазы саней’ (улічваючы геаграфічнае пашырэнне, магчыма, з беларускай), ви́тви́на ’сцябло, ліст каранеплодных раслін’, ’прут, тонкая палачка’, ’вялікая галінка’, витли́на ’бацвінне бульбы, гароху’. Польск. witwina ’парода вярбы’. Звязана з *viti, *větvь (з вакалізмам *vit‑; параўн. польск. witka, славен. vȋtva). Праабражэнскі, 1, 86; Фасмер, 1, 321. Адносна агульнай і.-е. карціны гл. ветка1. Параўн. яшчэ семантычна і фармальна блізкія віціна1, вица.

І́цык ’беларускі танец’ (Мядзв.); параўн. рус. смал. и́цыки ’назва адной з нядаўніх гульняў сярод сялян’. Утворана, відаць, ад яўр. уласнага імя Іцык, але семантычная матывацыя застаецца няяснай.

Іча́й ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў, куды засыпаюць збожжа’ (Інстр. III, Сл. паўн.-зах.), іча́іна, ічая́ (Сл. паўн.-зах.). Гл. вечай, вячай, ячай.