Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тагды́ ’тады; часам, калі-нікалі’ (ТСБМ), ’тады; потым’ (Сцяц., Ян.), ’тады’ (Сержп. Прымхі; віл., Жд. 3), ’у той час, перыяд’ (Сл. ПЗБ), тогды́ ’тс’ (ТС, ПСл), ’у той час, пасля таго’ (пруж., беласт., Сл. ПЗБ), тогды́‑сёгды́ ’час ад часу’ (ТС), тагды́‑сягды́ ’калі-нікалі’ (в.-дзв., Шатал.), сюды ж фанетычныя варыянты тагдэ́ ’пасля таго, потым’ (Сл. ПЗБ), тогдэ́ ’ў той час, пасля таго’ (кам., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), тоўды́ ’тс’ (ПСл), товді ’тс’ (Сл. Брэс.), а таксама тагды́шні ’тадышні’ (Нас.); ст.-бел. тогды, тагды ’тады’ (Альтбаўэр, КГС). Укр. тогді́, дыял. товді́, тоўді́, рус. тогда́, дыял. тогды́, товды́, то́жды, стараж.-рус. тогда, тъгда, тъгды, тогды, толды, ст.-польск. tegdy, в.-луж. tehdy, н.-луж. tegdy, чэш., славац. tehda, tehdy, балг. тога́(ва), макед. тога, тогай, тогаш, ст.-слав. тогда, тъгда, тогъда, тьгда, тодга ’тады, у той час’. Прасл. варыянты *togdy/*tъgdy ’тады’ з указальнага займенніка *to (Шустар-Шэўц, 1502 да *to‑ дадае яшчэ *te‑ і tъ‑ з дыялектнай дыферэнцыяцыяй у славянскіх мовах яшчэ з праславянскіх часоў) і фарманта ‑gdy (ESSJ SG, 2, 667–671) або *gъdy (Борысь, 630). Паводле Карскага (2–3, 417), тут выступае форма Тв. скл., як і ў ст.-бел. всегды ’заўсёды’, иногды ’часам’ і пад. Першая частка звычайна супастаўляецца з літ. tadà, tad ’тады’, усх.-літ. tadù, ст.-інд. tadā́, вед. tadānīm, tadāmm, авест. taẟa (Фасмер, 4, 68–69; ЕСУМ, 5, 590). Адносна другой часткі *‑gdy на падставе лат. tagad (< *tagadi) ’цяпер’, укр. тогід ’у мінулым годзе’ мяркуецца, што гэта склонавая форма ад прасл. *godъ, менавіта Р. скл. адз. л. *goda (Мюленбах-Эндзелін, 4, 122–123; другасны ўплыў іменных склонавых флексій у адносінах да фіналі прасл. *kǫdy дапускае ЭССЯ, 12, 53; гл. таксама Карскі, 1, 103), але невытлумачальным, на думку Фасмера (там жа), застаецца перасоўванне націску на канчатак. Верагоднасць іншых версій (кантамінацыі *toga/*tъga + *toda/*tъda ці існаванне зыходнага *to‑kъda) цяжка давесці. Гл. тады́.

Таго́1 — Р. і В. скл. займенніка той (гл.), ст.-бел. того (XVI ст., Статут 1529). Параўн. укр. того́, рус. того́, стараж.-рус. того, чэш. toho, славац. toho, серб.-харв. tȍg(a), старое балг. того́зи, ст.-слав. того. Прасл. *togo ад указальнага *tъ з няяснай па паходжанні фіналлю ‑go, партыкулай, якая праціпастаўлялася часціцы *so, параўн. ст.-слав. чьсо ’што’, першапачаткова прадстаўленай у і.-е. *tó‑so або *to‑si̯o ’гэтага’, параўн. ст.-інд. tásya ’тс’ і пад. Жэлезнікер (WsJb, 10, 69 і наст.) ідэнтыфікуе ‑g‑ з элементам, прадстаўленым у прасл. *‑gda, *‑gdy (гл. тагды); аналагічна Фасмер (4, 69), які следам за Шмітам (KZ, 23, 292) бачыць у ім канцавы элемент прасл. *inogъ, *četvьrgъ (гл. чацвер).

Таго́2 ’таму’ (Юрч. СНС). Укр. того́ ’тс’, рус. того́, оттого́ ’тс’. Форма Р. або В. скл. займенніка той — вынік адвербіялізацыі (ЕСУМ, 5, 590; Фасмер, 4, 69). Параўн. адвербіялізаваную форму Д. скл. гэтага ж займенніка таму́, гл.

Таго́ны ’той’ (Сцяшк. Сл.). Адзайменнікавы прыметнік ад той ’ён’ (гл.), утвораны па тыпу ягоны, гл.

Та́дны ’танны’ (дзятл., Жыв. сл.; ЛА, 3). Дыялектная дысіміляцыя (н > д) доўгага (з падвойнага) санорнага, параўн. тое ж у тайны2 (гл.).

Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр. тоді́, дыял. тоди́, рус. дыял. тоды́, тады́, тада́, польск. tedy, wtedy, ст.-польск. teda, каш. tedë, палаб. tådĕ, tüdĕ, чэш. tedy, ст.-чэш. teď, tedě, славац. старое і дыял. tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж. tedy, ted, серб.-харв. та̏д, та̀да, та̀да̄, славен. дыял. tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.

Тады́ка ’тады’ (маст., Сцяшк.). Да тады (гл. папярэдняе слова) і часціцай ‑ка з наяўнай экспрэсіяй. Параўн. блізкія формы з ‑к‑: старое серб.-харв. tadaka, tadeka, tadaker, чэш. дыял. tedyk ’тады’, харв. tedéky ’зараз’ (ESSJ SG, 2, 668). З іншымі нарашчэннямі (т. зв. “пустымі” суфіксамі, гл. Шуба, Прыслоўе, 62), тады́нака ’тады, туды’ (Жд. 2), параўн. з н.-луж. дыял. tedyn, tejdyn ’тут; зараз; тады’ і старое серб.-харв. tьdinak ’тады’; тады́х ’тады’ (мядз., Жд. 3); тады́ча ’тады’ (шчуч., З нар. сл.), параўн. харв. tedečky, tedečke ’зараз’.

Тады́шні ’які існаваў задоўга да цяперашняга часу; той’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’тагачасны’ (Касп.). Укр. тоди́шний, тоді́шній, рус. тогда́шний, дыял. тады́шний, тады́шный ’папярэдні, тагачасны; той’, серб.-харв. та̀дашњи̑, славен. tedašnji ’тагачасны’. Да тады (гл.) з інфіксам першапачаткова экспрэсіўнага характару. Параўн. стараж.-рус. тъгдашьнии, тогдашнии ’які быў у той час, тычыцца таго часу’, вядомыя з самых ранніх помнікаў (XI ст., Сразн.), што дазваляе лічыць названыя формы агульнымі для ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх дыялектаў інавацыямі познепраславянскага перыяду.

Тады́-сяды́ ’час ад часу, калі-нікалі, іншы раз’ (ТСБМ), ’часам, калі-нікалі’ (Касп., Варл.). Рыфмаванае спалучэнне да тады (гл.), параўн. сюды‑туды, туды‑сюды, гл. сюды, туды. Другая частка спалучэння ўзыходзіць да ўказальнага займенніка *sь, гл. сей.

Та́ек (та́як) ’як, як быццам’ (слуц., Нар. словатв.). Утворана на базе спалучэння так як з пропускам зычнага ‑к‑ у алегравых формах (Шуба, БЛ, 18, 64), гл. так, як. Аналагічна заходнеславянскі дыял. злучнік tajak — скарочана з tak jak (ESSJ SG, 2, 634). Параўн. татак ’тс’, гл.

Тае́мнік1 ’шматгадовая травяністая расліна, якая паразітуе на каранях ляшчыны, вольхі і пад.’ (Байк. і Некр., ТСБМ), ’расліна Lathraea’ (Кіс.). Відаць, штучна створаная (не народная) назва ад тае́мны (гл.) на базе лацінскай назвы, якая паходзіць ад lathraeos ’хаваць’, параўн. тыпалагічна тоесныя ўкр. потаенниця ’расліна Lathraea squamaria L.’ (Аненкаў), серб. по̀та̑јница ’Lathraea’.

Тае́мнік2 ’патаемнае месца, тайнік’ (Нас.). Да тае́мны, гл. наступнае слова.