Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вятро́ўнік ’Filipendula Mill., рус. лабазник’ (Кіс.), вятроўнік, ’Spiraea L.’, вятроўніца ’Spiraea L.?’, рус. таволга’ (БРС, РБС, КТС). Цяжка зразумець, якую расліну мелі на ўвазе складальнікі БРС, таму што рус. таволга адпавядае розным лац. тэрмінам. Параўн. Лек. расл., 6, 205, дзе рус. таволга і лабазник з’яўляюцца сінонімамі (ВСС, 1, 374, 845 і інш.). Кісялеўскі (125) рус. таволга разумее толькі як ’Spiraea L.’ Гэтыя ваганні тэрмінаў адлюстраваны і ў народнай мове; параўн. назвы спірнік, спірэй, спірэя лясная для Filipendula hexapetala Gilib. (Spiraea filipendula L.), гл. Кіс., 54; параўн. Макавецкі, Sł. botan., 153–154, 357. Бел. вятроўнік можна параўнаць з паўн.-рус. ветрянка ’дубец’, ветерье ’куст’, якія лічацца роднаснымі ст.-інд. vētráḥ ’чарот’, славен. vȋtra ’скрутак, лаза, парастак’; гл. Фасмер, 1, 307, якія далей да вить, ветвь. Да гэтага магчыма дадаць чэш. дыял. vitra ’жгут, дубец’ (< vi‑ti; гл. Махэк₂, 692–693). Бел. вятроўнік, магчыма, прымыкае да адзначаных слоў. Гэта пацвярджаецца яшчэ і наступным. Рус. лабазнік, тоеснае бел. вятроўнік, немагчыма аддзяліць ад рус. лабазка ’Spiraea ulmaria’ (Фасмер, 2, 443, іншая назва гэтай расліны — Filipendula ulmaria Maxim.). У сваю чаргу лабазка лічыцца роднасным словам тыпу рус. лабазина ’дубец, палка’, укр. лабуз ’сцяблы пустазелля’, польск. łobozg ’пустазелле’, łabuź ’вадзяныя расліны, трыснёг, чарот’; гл. больш ’падрабязна Фасмер, 2, 442–443. Параўн., дарэчы, у Даля: «Более известна под именем таволги Spiraea crenata, коей тонкие и крепкие прутья идут у нас на шомпола и кнутовища» (Даль, 4, 709) і назвы для Spiraea ulmaria — чертогрыз, топырка (Даль, 1, 135). Больш верагодным уяўляецца, аднак, што бел. вятроўнік утворана іншым шляхам. Параўн. укр. лем. вітерник ’хвароба, калі на скуры з’яўляюцца прышчы, высыпка’ і ’расліна для лячэння гэтай хваробы’. Аналагічна рус. дыял. ветреник ’Anemone silvestris L.’; ’расліна, якая ўжываецца для лячэння свербу’; ’Pulsatilla patens Mill. (= Anemone patens L.)’, якой лечаць жывёл ад свербу, ветренка (прострел!) ’Pulsatilla patens Mill.’, адвар і настой якога — добры сродак ад рэўматызму, ветрунок ’тонкія пялёсткі бяросты, якія калышуцца на ветры і якія выкарыстоўваюць як сродак ад фурункулаў’ (СРНГ). Бел. вятроўнік ’Filipendula ulmaria Maxim.’ ужываецца пры рэўматызме, падагры, хваробах скуры; гл. Лек. расл., 6, 209. Іншую матывацыю знайсці цяжка (параўн., праўда, лац. Anemone і рус. ветреница, гл. Заверуха, Квіти, 53), хаця, безумоўна, ёсць розныя прычыны, па якіх расліна можа атрымаць назву з такой асновай. У балгарскай мове, напрыклад, шмат назваў з асновай вятър‑ абазначаюць зусім розныя расліны: купену, валошку, зарніцу, касцянец, эспарцэт, букашнік і г. д.

Вятро́ўніца ’вятроўнік’ (РБС, КТС). Гл. вятроўнік.

Вятру́га ’моцны вецер’ (Байк. і Некр., КТС). Укр. вітрюга ’тс’ (Грынч.). Ад асновы ветр‑ і суф. ‑уга, у дадзеным выпадку з узмацняльным адценнем. Адносна словаўтварэння гл. Слаўскі, SP, 68.

Вятры́ла ’ветразь’ (КСТ). Хутчэй за ўсё, як і ўкр. вітрило (Шаўчэнка), запазычана з рускай мовы. Рус. ветрило са ст.-слав. вѣтрило; параўн. балг. дыял. ве́трило, ветри́ло ’парус, ветразь’. Рус. дыял. назвы тыпу смал. ветри́ло ’прыстасаванне для аховы стога ад ветру’ сюды непасрэдна не адносяцца.

Вятры́ска ’моцны вецер’ (КТС, Сцяшк.). Польск. wiatrzysko, wietrzysko ’віхар’, в.-луж. wětrisko ’жахлівы вецер’ н.-луж. wētśisko ’навальніца’ (Швеля), чэш. дыял. vétřisko ’моцны вецер’. Думку аб супольнай інавацыі гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 146–147. Адносна суфікса, які лічыцца запазычаннем у бел. мове з польск. (ГБМ, 1, 97), гл. Слаўскі, SP, 96. Адносна геаграфіі суфікса параўн. АЛА, мат. і дасл., 1971, к. 23.

Вятры́шча ’моцны вецер’ (КСТ, КТС). Рус. ветри́ще, балг. ве́трище ’тс’. Даволі звычайнае ўтварэнне з суф. ‑išče, які ў дадзеным выпадку выконвае ўзмацняльную функцыю; гл. Слаўскі, SP, 96. Можна дапусціць архаічнасць утварэння.

Вятрэ́ча ’моцны, злы вецер, ветранае надвор’е’ (КСТ, Янк. III). Ад асновы ветр‑ з дапамогай суфікса ‑еча па тыпу гушчэча, пустэча і г. д.; гл. Казлова, Бел. мова і мовазн. 2, 66–71. Паводле Трубачова, Слав. яз. 5, 177–178, бел. ‑еча < прасл. ‑otja, якое рэканструюецца на падставе шэрага бел.-укр.-серб.-харв.-славен. ізалекс. Параўн. бел. халадне́ча, укр. холодне́ча, серб.-харв. хладно̀ћа, бел. гале́ча, укр. голе́ча, рус. смал. гале́ча, серб.-харв. голо̀ћа, славен. golôča і да т. п.; гл. Трубачоў, Проспект, 59–60. Наяўнасць ‑е‑ ў бел. і ўкр. суфіксах тлумачыцца або як вынік варыянтнасці ‑otja/etja, або як дысімілятыўнае змякчэнне ‑otja > ‑etja па тыпу рус. ребенок < робенок (Трубачоў, там жа, 60). Гэты суфіксальны тып распаўсюджаны па ўсёй беларускай тэрыторыі з канцэнтрацыяй (паводле Казловай, Бел. мова і мовазн., 2, 60) у гаворках Усходняга Палесся.

Вяту́х ’вятох’ (Бяльк.). Рус. дыял. ветух, вётух, ветух ’месяц; месяц у апошняй фазе’ (калуж., арханг. і інш., СРНГ). Як паказвае геаграфія, бел. слова можа быць і незалежным ад рус. форм. Верагодней усяго вятух — вынік дээтымалагізацыі, калі першаснае вятох стала ўспрымацца як вытворнае з дапамогай суф. ‑ох, які і замяніўся на больш прадуктыўны ‑ух. Адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 74–75.

Вяха́1 ’пучок яловых лапак для выцірання коміна’ (Шат.), ве́ха ’знакі з лапак ёлкі, якімі зімой указваюць дарогу’ (Сцяшк. МГ). Польск. wiecha ’пучок, звязка, вянок з саломы і г. д.’, чэш. věch, wich ’саламяны жмут і да т. п.’ Традыцыйна параўн. са швед. vese ’жмут’, ст.-інд. veṣkáḥ ’пятля’, ст.-ісл. visk ’вязка саломы ці чароту’, ст.-в.-ням. wisk ’пучок, жгут, скрутак’, лац. virga ’галінка, прут’ і г. д.; гл. Фасмер, 1, 308. Мартынаў (вусн. паведамл.) прапануе: věxa < vě‑ti (vějati), як strě‑xa. Параўн. яшчэ вехаць.

Вяха́2 ’высокі дарожны шост, жэрдка, кол з пучком сена ці саломы; знак забароны для праезду і г. д.’ (БРС, Нас., Яруш., Бір. Дзярж., Бес., КСТ, Шат.). Укр. віха, рус. веха, польск. wiecha, в.-луж. wécha, н.-луж. wjecha, чэш. vich, славац. viecha ’тс’, балг. тырн. веха ’мятла з саломы’. Відавочна, перанос значэння з часткі рэаліі на цэлае (пучок сена — шост з пучком сена). Семантыка, відаць, яшчэ праславянская ці ва ўсякім разе агульная для поўначы славянскага свету. Пра асаблівую архаіку значэння ’знак забароны’ (бел., польск., луж., чэш.) гл. Махэк₂, 689. Параўн. яшчэ вяха1.

Вяха́3 ’высокі нязграбны чалавек, тонкі чалавек’ (палес., Бел.-рус. ізал.). Рус. веха — паўночнае. Польск. wiecha ’худая і высокая жанчына’ (Варш. сл.). Да вяха2. Перанос, паводле падабенства, ’высокая тонкая палка — высокі, худы чалавек’; гл. Лучыц-Федарэц, Бел.-рус. ізал., 62. Даволі звычайна; параўн., напрыклад, жардзіна ’тс’. Параўн. яшчэ славен. vẹ́ha ’нясталы чалавек’ (калі гэта толькі не ад véchati ’веяць’).

Вяха́4 ’цыкута, Cicuta virosa L.’ (Дэмб., Касп., Кіс., віц., гродз., маг.); ’пылюшнік, Thalictrum L.’ (Інстр. II); ’амяла, Viscum album L.’ (КСТ, Маш.); ’віка’ (Нас.). Укр. vex, vexa, vix, vixa, vjuxa, vyxa ’Cicuta virosa L.’, vixa ’амяла’ (Макавецкі, Sł. botan.), виха ’амяла’ (Лыс., Пал.), veha ’Thalictrum flavum L.’, veh ’Sium latifolium L.’, veh ostrołystyj ’Sium lancifolium L.’, veh małyj ’Oenanthe aquatica Lam.’ (Макавецкі, Sł. botan.), рус. дыял. вех, вёх, ’атрутная трава’, вех ’Cicuta virosa L.; Aethusa cynapium L.; Aegopodium podagraria L.; Capsella bursa pastoris; Stellaria glauca With.’, вех малый ’Oenanthe phellandrium Lam.’, вех болотный ’Peucedanum palustre’, веха ’трава, шкодная для жывёлы; Oenanthe L.; Sium latifolium L.; Thalictrum flavum L.; Salix L.; Cicuta virosa L.’, мышья веха ’Ruscus aculeatus L.’, вёха, вях, вяха ’Cicuta virosa L.’, вьёх ’Peucedanum palustre; Cicuta virosa L.’, вяха ’Conium maculeatum’, вехалка ’Anthericum ramosum L.’, веховласик ’Apera spica venti L.’ (СРНГ), польск. wiech ’Cicuta’. Відавочна, што пры разнастайнасці значэнняў словамі вяха і пад. называюцца пераважна расліны сямейства парасоністых. Трэба думаць, тут перанос па падабенству ад вяха1 ’пучок саломы, галінак і г. д.’ (гл.). Параўн., напр., польск. бат. wiecha ’кветаносная частка сцябла’. Прыклады падобнай з’явы: славен. véha ’адлеглы ліст расліны’, серб.-харв. вијѐха ’віліна мятла ’Asparagus acutifolius’. Не выключана, аднак, што гэта незалежнае аддзеяслоўнае ўтварэнне і сюды не адносіцца. Працэс гэты ахоплівае амаль што ўсю ўсходне-славянскую тэрыторыю і акрэсліць больш вузкія ўнутраныя арэалы даволі цяжка. Больш-менш выразна акрэсліваецца тэрыторыя распаўсюджання значэння ’Cicuta virosa L.’ (амаль што поўнасцю бел., укр., рус., часткова польск.). Замкнёны арэал (на Палессі) утварае назва веха (виха, віха) ’Viscum album L.’, аднак ёсць фіксацыі і на іншай тэрыторыі (галіц., Макавецкі, Sł. botan.). Улічваючы такія значэнні для слова вяха, як ’знак забароны’, можна меркаваць (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), што перанос назвы на атрутныя расліны быў не зусім выпадковым. Укр. назвы тыпу veś і пад. (Макавецкі, Sł. botan.), відаць, вынік нейкіх фанетычных трансфармацый. Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 374–375. У лац. viscum ’амяла’ іншая матывацыя (літаральна ’клейкае, ліпкае’).

Вя́хаць ’брахаць’ (Бяльк., полац., Янк. II, Яруш.), вяхнуць (КТС). Рус. дыял. вя́хнуць ’пішчаць’ (маск., уладз., СРНГ), вя́хнуць ’гаўкнуць’ (разан., СРНГ), вяхувяху (пра брэх сабакі) (смал., СРНГ). Магчыма, ад *вякаць ’брахаць, гаўкаць’; параўн. рус. дыял. вякать ’тс’ (СРНГ) з заменай зычнага ў выніку экспрэсіўнага характару слова. Параўн. яшчэ вячка ’сабачы брэх’ (пск., СРНГ).