Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

До́шка ’дошка’ (БРС). Укр. до́шка, рус. доска́, польск. deska, чэш. deska, балг. дъска́, серб.-харв. да̀ска, ст.-слав. дъска. Прасл. *dъska. Славянскае запазычанне з герм. моў. Параўн. ст.-англ. disc ’стол, блюда’, ст.-в.-ням. tise (ням. Tisch ’стол’). Герм. формы запазычаны з лац. discus ’міска’ < грэч. δίσκος. Іншыя тлумачэнні вельмі няпэўныя, як і няпэўным з’яўляецца вывядзенне слав. слова непасрэдна з лац. або грэч. крыніцы. Гл. Фасмер, 1, 532; Трубачоў, Эт. сл., 5, 184–185; Мартынаў, Лекс. взаим., 61 і наст. Не вельмі зразумелыя бел. і ўкр. формы (адкуль ‑ш‑ замест ‑с‑?). Прасл. характар мае і вытворнае дашча́ны. Параўн. укр. доща́ний, рус. дощано́й, чэш. deščený (дыял.), балг. дъ́счен, серб.-харв. да̏шчан і г. д. Прасл. *dъščanъ(jь). Падрабязны агляд форм у Трубачова, там жа.

Драбаві́к ’паляўнічая стрэльба’ (БРС). Запазычанне з рус. дробови́к ’тс’ (да дробь ’шрот’; аб гэтым слове гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 193).

Драбёст ’лата’ (БРС), ’жэрдзі’ (Сцяшк.), драбясцё (Нас.), драбясце́ ’жэрдачкі’ (Сцяц.), дра́бясць ’тонкія жэрдкі’ (Сцяшк.), драбясцё, грабя́ст ’паплёт’ (Шатал.), дра́бяст, дрэбяст, ґрэ́бяст і г. д. (Сл. паўн.-зах.) ’латы, жэрдкі для лат, паплёт’. Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. grebėstas ’тс’ (з дыялектнай зменай г > д).

Драбі́ны1 ’драбіны, лескі’ (БРС, Касп., Байк. і Некр., Сл. паўн.-зах.), драбіна ’тс’ (Касп., Шат., Сцяшк.). Укр. драби́на. Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. drabina ’тс’ (аб запазычанніз польск. ужо ў Брукнера, 94). Паходжанне польск. слова не вельмі яснае (меркаванні гл. у Брукнера, там жа; Бернекера, 1, 219). У бел. помніках няма (няма, прынамсі, у Булыкі, Запазыч.). Сюды ж і драбі́ны ’воз; рашотка ў возе’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), укр. драби́на ’рашотка ў возе, яслях’, драбча́стий віз, драбиня́стий віз і да т. п. Можна меркаваць, што гэта другое значэнне таксама ўзята з польск. мовы. Параўн. польск. wóz drabny (ужо ў 1584 г., гл. Брукнер, 94), wóz drabiniasty (там жа). Трубачоў (Эт. сл., 5, 101) зыходзіць з прасл. *drabъ (звязанага, як ён мяркуе, з прасл. *dьrati) і пад гэтай праформай аб’ядноўвае вялікую групу слоў з рознай семантыкай.

Драбі́ны2 ’воз; рашотка ў возе’. Гл. драбіны1.

Драбі́ць ’драбіць’ (БРС, Сл. паўн.-зах.). Рус. дроби́ть, укр. дроби́ти, польск. drobić, чэш. drobiti, балг. дробя́, ст.-слав. дробити. Прасл. *drobiti ’драбіць і да т. п.’ Лічыцца роднасным з гоц. gadraban ’выдоўбваць, высякаць’. Фасмер, 1, 539; Бернекер 1, 226; Трубачоў, Эт. сл., 5, 119. Слаўскі, 1, 166 (услед за Махэкам) непераканаўча звязвае слав. слова з літ. trapùs ’ломкі’.

Драбні́ца ’дробязь; глупства’ (БРС, Касп.). Слова вядома і з канкрэтным значэннем ’акалот’ (Шатал.), ’дробная салома’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дрібни́ця ’дробязь; глупства’, ст.-рус. дробьница ’дробны жэмчуг’, балг. дробни́ца ’груша (дрэва) з дробнымі пладамі’ і г. д. (агляд значэнняў у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 121). Прасл. *drobьnica — утварэнне з суф. *‑ica ад прыметніка *drobьnъ (ад асновы *drob‑; гл. драбі́ць).

Драбо́к ’крошка, кавалак’ (БРС, Касп., Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 120), да прасл. *drobъ (а гэта да *drobiti ’драбіць’, гл.).

Дра́бы ’рэбры, косці; касцяк, каркас’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’воз’ (Касп., Сл. паўн.-зах.). Паводле Фасмера (1, 545), які і рус. дря́бы ’воз для снапоў’, бел. драбі́на, укр. драби́на, польск. drabina, роднаснае з с.-ням. treppe, trappe ’лесвіца’ (так і Бернекер, 1, 219). Іначай Трубачоў (Эт. сл., 5, 100–101), які пад праформамі *drabъ, *draby аб’яднаў вялікую групу слоў і лічыць, што ёсць сувязь з прасл. *dьrati ’драць’.

Драбяза́ ’драбяза, дробязь’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), драбіза́ (Бяльк.), ’дробныя адходы саломы’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. далей дробязга́ ’тс’ (Касп.), драбазга́ ’дробязь’ (Байк. і Некр.), драбязго́вы ’дробязны’ (БРС), драбязі́ць ’ісці дробным крокам’ (БРС). Пад праформай *drobězgъ Трубачоў (Эт. сл., 5, 118) аб’яднаў вялікую групу слоў тыпу бел. (укр. дрі́бʼязок, рус. дробезга́, польск. drobiazg, ст.-чэш. droběz і г. д.). Зыходным з’яўляецца дзеяслоў *drobiti і яго гняздо; суфіксацыя — *‑ězgъ. Ст.-бел. дробязкгъ, дробязокъ ’дробязь’ запазычаны, паводле Булыкі (Запазыч., 102), з польск. drobiazg.

Дра́га ’драга’ (БРС). Рус. дра́га, укр. дра́га. Праз рус. мову слова запазычана з франц. drague ’тс’ (< англ.). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 181.