Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трашкуці́ ‘казелец едкі, Ranunculus acer L.’ (астрав., ЛА, 1; Сл. ПЗБ). З літ. traškùčiai ‘тс’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 124).

Трашча́ць (трашчэ́ць, трашча́ць, трышча́ць) ‘утвараць траскучы гук, трэск’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Гарэц., Пятк. 2, ТС), ‘цвыркаць’ (даўг., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад пераядання (пра жывот)’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ‘стракатаць (пра сароку)’ (брэсц., паўд.-мін., зах.-гом., ЛА, 1), трышчя́тэ ‘трашчаць (аб марозе)’ (кам., Сл. ПЗБ), трашча́ць ‘моцна балець (пра галаву)’ (Ян.), ‘хутка, гучна гаварыць, гаварыць не змаўкаючы’ (мёрск., Нар. лекс., ТСБМ, Мат. Маг.), трышча́ці ‘трашчаць’ (Вруб.), трашчэ́ць ‘бразгатаць, брынчаць (пра пабітую міску)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трещати, трищати ‘трашчаць’ (ГСБМ). Сюды ж трашчо́тка ‘прыстасаванне для ўтварэння трэску, шуму, стуку, лёскату’, ‘балбатуха; чалавек, які вельмі хутка гаворыць’ (ТСБМ, Мат. Маг. 2, Шат.), ‘гаваркая жанчына’ (Нар. Гом.); ‘клін для ўмацоўвання пярэдняга навоя ў кроснах’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ‘машына для ачышчэння лёну’ (ТСБМ). Параўн. укр. тріщати, рус. трещать, польск. trzeszczeć, чэш. třeštět, славац. trešťať, славен. treščati, балг. трещя́, макед. трешти. Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, параўн.: лес схіляецца чуць не да зямлі, трашчыць і стогне (Сержп. Прымхі, 35); роднаснае літ. treškėti ‘трашчаць, ламацца’ (Борысь, 649). Гл. трэск.

*Трашчо́ны: а чей то дворъ трощёнъ, мощёнъ (маг., Шн.). Няясна, магчыма, ад траста, гл.

Трашчо́тка ‘пеначка-жаўтаброўка, Phylloscopus sibilator’ (Дарафееў, Птушкі). Да трашча́ць (гл.), пра “траскучы” голас: Песня — моцнае сіп‑сіп‑сіпсір‑сірр (там жа).

Трашчу́ха ‘блізна, памылка ў палатне, калі ніткі асновы ідуць без ператыкання з-за адсутнасці адной трысцінкі альбо парваных шнурочкаў (ці нітак) у ніце’; шчуха́, шу́ха, ташчу́ха (Сцяшк. Сл.; Жыд. 1; Сл. ПЗБ; АБ, 9). Параўн. польск. szczuczka ‘тс’, taszczucha ‘тс’ (Фалінская, Sł. tkac., 1, 316). Звязана з тшчы (гл.), параўн. укр., рус. то́щий, стараж.-рус. тъщь, ст.-слав. тъшть ‘пусты’, ‘парожні’, ‘галодны’, серб. та̏шт, славен. təšč, ст.-чэш. tští, ст.-польск. tszczy, czczy ‘пусты’, ‘худы’. Першапачатковай формай можна лічыць ташчу́ха, з яе — скарочаны варыянт шчу́ха з прычыны спалучэння глухіх т‑ і тч‑. Пачатак слова, магчыма, пад уплывам лексемы траста́, трысці́на, гл. Аднак не выключана непасрэднае ўтварэнне ад трашчы́ць ‘трасціць (ніткі)’, гл. Сюды ж, відаць, і трашчу́ха ‘шчыліна паміж дзвюма трысцінкамі ў бёрдзе’ (АБ, 9). Меркаванні пра сувязь з літ. šukė ‘шчарбіна, зазубрына’ (Трухан, БЛ, 48, 59) не пераконваюць.

Трашчы́ць1 ‘злучаць, намотваць на клубок адначасова дзве ніткі’ (Касп.; Трух.), ‘сукаць (пражу)’ (слонім., Нар. словатв.; беласт., лід., шуміл., Сл. ПЗБ). Да трысці́ць1 (гл.).

*Трашчы́ць2, трошчы́ты, трошчы́ті ‘трушчыць, церушыць, разбураць, ламаць’, ‘рваць, не выбіраючы, матлашыць (яблыкі)’, ‘прагна, хутка есці’ (Сл. Брэс.; пін., ЖНС; драг., Ск. нар. мовы), ‘есці з апетытам’ (беласт., Сл. ПЗБ). Гл. трушчыць.

Трашчэ́ць ‘выдаваць рэзкія гукі, скрыпець, бразгатаць’ (Гарэц., Сл. ПЗБ), ‘гаварыць хутка, гучна’ (мёрск., Нар. лекс.). Гл. трашчаць; няма падстаў разглядаць як запазычанне з літ. traškė́ti ‘трашчаць’ з заменай літ. ‑šʼkʼ‑ на ‑шч‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 133), паколькі адзначаны дзеяслоў у такой форме характэрны для ўсяго паўночна-ўсходняга дыялекта беларускай мовы (Мацкевіч, Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове, Мінск, 1959, 28) і вядомы іншым славянскім мовам, параўн. польск. trzeszczeć ‘тс’.

Трашы́ць ‘патрашыць (напр., рыбу)’ (Мат. Гом., Жд. 2, Янк. 1). Малаверагодна выводзіць з прасл. *trošiti ‘ўжываць, рабіць прыгодным для спажывання’, параўн. серб. тро̀шити ‘крышыць, раздрабняць’, ‘размінаць, таўчы’, балг. тро́ша ‘крышыць, рэзаць на кавалкі’, макед. троши ‘тс’, ст.-слав. трошити ‘рассейваць, раздрабняць’, ‘траціць, распускаць’, што ўзыходзяць да *troxa (Сной₂, 785; Скок, 3, 507; Фасмер, 3, 346), гл. трохі. Зыходзячы з семантыкі ‘вымаць вантробы, чысціць’, больш верагодна з патрашыць шляхам адсячэння пачатковага складу, успрынятага як прыстаўка дзеяслова закончанага трывання, гл. патрахі, потрахі.

Траю́радны ‘родны ў трэцім калене’ (ТСБМ, Пан., Брасл. сл.): лапаць боту траюрадны пляменнік (Юрч. Крыл.). Да трое і род (гл.) па ўзоры дваюрадны (Фасмер 4, 107; ЭСБМ 3, 131).

Трая́к ‘тры рублі’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), ‘манета ў тры грошы, або 1½ сярэбранай капейкі’ (Нас., Федар. 4, Шат., Касп., Эр., Нар. Гом.), ‘75 капеек’ (Растарг.), ‘тры капейкі’ (Байк. і Некр.); ‘бервяно ў тры сажні’ (Касп.), ‘вялікае бервяно’ (Жд. 3), ‘бервяно даўжынёй каля 6 м (на дошкі)’ (чэрв., Нар. лекс., Сл. ПЗБ); ‘мера дроў каля 3 вазоў’ (Мат. Гом.). Утварыліся ў выніку субстантывацыі зборнага лічэбніка троj‑е і суф. ‑ак (< прасл. *‑akъ) (Слаўскі, SP, 1, 89). Назвы манет адлюстроўваюць пералічэнне расійскіх грошай у старую грашовую сістэму пасля падзелу Рэчы Паспалітай паводле эквіваленту 1 капейка = 2 грошы (Станкевіч, Зб. тв. 2, 26).