Гамзе́ль ’хуткі, тупы штуршок’ (Нас.). Бясспрэчна, адносіцца да гамза́ць 1 ’біць’ (гл.), гамзі́ць (гл. пад гамза́ць 1). Суфіксацыя ‑ел(ь) < ‑el‑(ь)? ад асновы gъmъz‑? Параўн. яшчэ бел. гамзаце́ль ’гамзаты’. З другога боку, не выключаецца паходжанне ад дзеяслова тыпу *gъmъz‑el‑iti (да гэтага параўн. укр. гамсели́ти ’калаціць, біць, удараць’, Грынч.).
Гамзе́ць ’турбаваць (пра зубы)’ (Сцяц.). Відаць, таго ж паходжання, што і іншыя словы, якія адносяцца да прасл. *gъmъz‑ (гл. га́мзаць, там і літ-ра). Параўн. у Фасмера (1, 435) рус. гомоза́ ’непаседа’, гомози́ть ’мітусіцца, турбавацца’, гомза́ть ’кішэць’. Зыходным значэннем можа быць ’капашыцца, пакусваць’ → ’пакусваць (спачатку аб насякомых)’ → ’пакусваць, турбаваць’ → ’турбаваць’. Параўн. Трубачоў (Эт. сл., 7, 193), дзе прыводзіцца в.-луж. hemzać ’капашыцца, пакусваць’, польск. giemzać ’зудзець і да т. п.’ Бел. гамзе́ць ’турбаваць (пра зубы)’. Трубачоў (там жа, 194) таксама адносіць да слав. *gъmъz‑ (пад агульнай праформай *gъmъzěti (sę)).
Гамзі́ць ’уплятаць, есці’ (Нас.), ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Гл. га́мзаць.
Гамзу́ля ’вялікая луста хлеба’ (Нас.). Гэта слова можна лічыць аддзеяслоўным утварэннем (параўн. га́мзаць ’паволі есці, жаваць’, Нас.) суфіксам ‑уля. Але параўн. гомзу́ля ’луста, кусок’, якое Фасмер (1, 425) параўноўвае з рус. гомза́ ’грошы; кашалёк’, а Буга (РФВ, 70, 248) звязваў з рус. гомо́ла ’ком’.
Гамізэ́лька ’безрукаўка’ (Сцяшк. МГ), камузэ́лька (Сцяц. Нар., 82). Паводле Сцяцко (там жа), крыніцай слова камузэ́лька з’яўляецца польск. kamizelka ’камзол, сялянская куртка’. Варыянт гамізэ́лька таксама узяты з польск., а пачатковае г‑ (замест к‑) — вынік азванчэння к > г (пад уплывам наяўных у слове санорных і звонкага ‑з‑). Аб этымалогіі польск. слова гл. Брукнер, 215, 251; Слаўскі, 2, 38–39.
Гамлы́га ’вялікі кавалак цвёрдай зямлі на ўзараным ці засеяным полі’ (слаўг., Яшкін). Азванчэннем пачатковага зычнага (асіміляцыяй) з камлы́га ’тс’ (гл. матэрыял аб гэтай апошняй форме таксама ў Яшкіна).
Гамля́чка ’калёсы на жалезным хаду ў выглядзе калыскі’ (Касп.). Няяснае слова.
Гамо́ліна ’розга’ (Шатал.). Няяснае слова.
Гамо́н ’Канец! Прапала!’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. смал. гамо́н ’канец, смерць’. Няяснае слова. Магчыма, зыходнае *гомо́н. Параўн. у Даля (паўн. і ўсх.) гомо́н ’спакой, цішыня’ (якое ён сам звязвае з (у)гомонить).