Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пярэ́зімак, перазі́мак, лун. пэрэзі́мок, мазыр. перэ́зімок, хоцім. пірязі́мык, лаг. піразі́мак; лід., чэрв., ашм., зэльв. пярэ́зімак, шчуч., беласт., шальч., ашм. пярэ́зімка; гродз., мін., віц. перазі́мка, перазімо́вак, перазі́мачак, мсцісл. пірязі́мывік ’маладая жывёла (цялё, жарабя і інш.), якая перазімавала сваю першую зіму’ (Шатал., Бяльк., З нар. сл., КЭС, Сл. ПЗБ; ЛА, 1; Юрч. СНЛ). Укр. зах. пере́зімча ’тс’, рус. прыбалт. перези́мка ’цялушка, якая перазімавала адну зіму’; цвяр., пск., новасіб. перези́мок ’перазімак’, польск. паляўнічае przezimek ’гадавалая жывёліна’, przezim(a) ’перазімаваць, зімовая пара, зімовая лежня’, ’зімовыя кватэры’. Прасл. *per‑zimovati, укр. перези́мувати, рус. перезимова́ть, польск. prezimować, н.-луж. (pśe)zymowaś, в.-луж. přezymować, чэш. přezimovati, славац. prezimovať, славен. prezimováti, серб.-харв. прези́мити, макед. презими, презимува, балг. презиму́вам. Да пера- і зімаваць < зіма́ (гл.).

Пярэ́йд ’пераход; праход’ (Нас., Гарэц., Стан.). Бяссуфікснае ўтварэнне ад перайсці, 1 ас. адз. л. перайду́ (гл. ісці), параўн. пярэйсьце ’тс’ (Гарэц.). У падобным польск. przedejdę ’пайсці ўперад’, якое Банькоўскі (2, 829) лічыць багемізмам, параўн. чэш. předejdu ’апярэджу’, інфінітыў předejíti ’апярэдзіць’, выступае варыянт прыстаўкі (прыназоўніка) *perdъ (przede‑, гл. перада‑, перад).

Пярэ́кулі ’від ткання’ (Ян.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад пярэ́куль ’перакульваючыся, куляючыся’ (Шат.; ашм., Стан.), пярэ́кулам ’перавалам’ (Нас.), што да куля́цца, куля́ць (гл.); магчыма, пры тканні парушаецца звычайны парадак дзеяння. Гл. таксама пераку́лам ’дагары нагамі’.

Пярэ́ліўкі: не (ні) пярэ́ліўкі ’дрэнь справы’ (Жд.; Сержп.). Гл. непераліўкі, пераліўкі.

Пярэ́мут: пярэмутам ляцець ’стрымгалоў, без аглядкі’ (Наша Ніва, 1999, 12 ліп.), пырэ́мытуш ’тс’ (Клім., Сл. Брэс.), пярэ́мяццю ’тс’ (Сцяшк.). Відаць, звязана з мітусі́цца, мятушы́цца ’кідацца, мільгаць’, параўн. мі́тусь, мята́ць (гл.), польск. przemiatać ’перакідаць’, з палескай дыялектнай фанетыкай (і > ы; ы > у).

Пярэ́плат ’азярод’ (Касп.; ашм., Стан.). Да плот (гл.).

Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Пярэ́смуржкі ’адходы валакна пры часанні льну грэбнем’ (Жд.). Гл. перасмуры́жыць, смуры́жыць.

Пярэ́сна ’расліна Trollius europaeus L.’ (Кіс., ТСБМ). Няясна.

Пярэ́спа ’каса, мыс; насыпная дарога праз балота’ (Стан.); параўн. укр. пере́спа ’пярэсып, земляны насып’, польск. przespa ’нешта перасыпанае’, балг. пре́спа ’сумёт’, макед. преспа ’тс’. Вытворнае ад сы́паць, з іншай прыстаўкай гл. вы́спа, на́спа і пад.