Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пярэ́ступ ’расліна Bryonia L.’ (Кіс.), перэ́ступ ’расліна, якая, падобна да хмелю, абвівае платы ў агародах’ (ТС). Параўн. укр. пере́ступ, пере́ступень ’тс’, рус. переступень ’тс’, польск. przestąp ’тс’. Выводзіцца ад пераступі́ць ’перамясціцца, перайсці’, бо расліна “пераступае” (= пералазіць) праз плот, параўн. ЕСУМ, 4, 346; Банькоўскі, 2, 908.

Пярэ́сты ’шматколерны, пярэсты’ (ТСБМ; гродз., брэсц., мін., ЛА, 1; Шат., Гарэц.; Мал.), ’стракаты, рабы’ (Сцяшк.), ’назва масці: з вялікімі белымі і чорнымі, белымі і чырвонымі ці бурымі плямамі’ (Янк. 3.), пярэ́сты, пяро́сты, парэ́сты ’рабы; брудны’ (дзятл., лід., лях., ганц., нясвіж., ваўк., Сл. ПЗБ), перэ́сты ’стракаты’ (ТС), пырі́стый ’з белымі палосамі на спіне і баках’ (пра жывёлу) (Клім., Сл. Брэс.); укр. пері́стий, пери́стий, пера́стий ’стракаты’, чэш. peřestý ’тс’, славац. perestý ’тс’, балг. пірдопск. пере́ста (коза) ’з белымі палосамі па баках і на жываце’, макед. перјест ’пёрысты’. Прасл. дыял. *perestъjь ’стракаты’, вытворнае ад *pero ’пяро’ (гл. пяро́) з семантычным развіццём ’пёрысты, колеру пер’я’ — ’стракаты’ (Трубачоў, Этимология–1972, 35), параўн. і славен. peresast ’пёрысты, пер’епадобны’. Інакш Махэк₂, 445 (< *pelestъ пад уплывам *pьstrъ ’стракаты, шматколерны’, гл. пялёсы), Бязлай, 3, 25.

Пярэ́сціць ’рабіць пярэстым’; экспр. ’біць, сцябаць, лупіць’ (ТСБМ, люб., Жыв. сл.; Сержп.), ’біць дубцом, палкай, рабіць пісягі’ (Некр.), ’збіваць паленам, палкай’ (Шат.), ’секчы дубцом; лаяць’; параўн. укр. пері́щити ’моцна біць, секчы; моцна, бесперапынна ісці (пра дождж)’, балг. пера́стим ’біць; сварыцца’, пере́стим ’лаяць’. Вытворнае ад пе́рыць ’біць; лупцаваць’ (гл.), аналагічна тлумачацца ўкраінскае (< пе́рити ’тс’, ЕСУМ, 4, 350) і балгарскае (< пе́ря ’біць, лупцаваць’, ’праць’, БЕР, 5, 167) словы. На семантыку, магчыма, паўплывала пярэсты (гл.).

Пярэ́сцюгі (пэрэ́сцюгі) ’ніткі неаднолькавай таўшчыні’ (івац., Жыв. НС). Магчыма, ад перасцігнуць ’перапыніць, пераняць’ (гл.).

Пярэ́чынак (пэрэ́чынок) ’ахапак сена’ (івац., Жыв. НС). Гл. перачынак.

Пярэ́чыць ’выказваць нязгоду; спрачацца; быць неадпаведным’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Бяльк.), ’забараняць, перашкаджаць’ (Нас., чэрв., Сл. ПЗБ), ’працівіцца, супрацьпастаўляць’ (Варл.), перачы́ць ’выказваць нязгоду’ (Воўк-Лев., Татарк.). Дзеяслоў да пе́рак (гл.), зыходным можна лічыць адно са значэнняў дзеяслова пярэ́чыць ’перасякаць дарогу’ (Нас.), параўн. укр. пере́чити ’выказваць нязгоду, супярэчыць’, рус. пере́чить ’перасякаць папярок; супярэчыць’, польск. przeczyć ’перашкаджаць, выказваць нязгоду’, чэш. přičiti ’супрацьстаяць’, славен. prẹ́čiti ’пярэчыць’, серб.-харв. пре́чити ’перашкаджаць, ствараць перашкоды’, балг. преча ’тс’, макед. пречи ’тс’, што ўзыходзяць да прасл. *perčiti, вытворнага ад *perkъ, першапачаткова ’паставіць папярок’, далей ’працівіцца’ (Сной₂, 562; БЕР, 5, 685; Банькоўскі, 2, 823). Таго ж паходжання царкоўнаславянізм папрака́ць, параўн. папро́к і папяро́к (гл.), параўн. Фідроўская, Зб. Багародзіцкаму, 145.

Пяскі́ж ’рыба пячкур’ (Мат. Маг.). Гл. піскіж.

Пясля́к (песля́къ) ’стары грыб; старэча’ (Нас.), песля́к ’стары грыб’ (Дабр.), песлячо́к ’дзядок (пра хлопца); слабы, нядужы’ (Нас.). Паводле Мяркулавай (Очерки, 188), утворана ад пес (гл.) па ўзору іншай назвы грыбоў — казля́к (ад казёл) са значэннем ’дрэнны, неядомы грыб’, параўн. рус. пе́сьи гу́бы, сюды ж, магчыма, і славен. pěšak ’стары грыб’. Для значэнняў ’слабы, нядужы’ можна дапусціць утварэнне ад пе́стлівы ’спешчаны, распешчаны’ (Ласт.): пяс(т)ляк, параўн. і польск. pieskliwy, pieśćliwy ’тс’. Нельга выключыць таксама сувязь з серб.-харв. песичаво ’слабое, якое не расце (пра дзіця)’, балг. пе́сец, песи́ца ’хвароба дзяцей, пры якой яны слабеюць і пакрываюцца шэрым пушком’, якія народная этымалогія звязвае з пес (БЕР, 5, 186–187).

Пясня́р ’спявак’ (Некр. і Байк.; мазыр., ГЧ), ’спявак; паэт’ (ТСБМ, Гарэц.), песьня́р ’спявак’ (Бяльк.), укр. пісня́р ’тс’, польск. pieśniarz ’тс’, в.-луж. pěsnjer ’шансанье’, славен. pesmár ’пеўчы’. Утворана ад пе́сня (гл.) па тыпу гусля́р, магчыма, арэальная інавацыя для перадачы франц. chansonnier (Банькоўскі, 2, 567).

Пясо́га ’брудная ільснівая пляма на каўнеры ці адваротах адзення’ (Касп.). Звязана з піся́г ’пацёк, рага’ (гл.), параўн. пісо́га (pisóha) ’вузкая і прадаўгаватая чорная пляма’ (Варл.), піцо́га ’пісяг’ (Жд.).