Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Пяля́сы (пеля́сый) ’паласаты, з белымі па цёмнаму або чорнаму полю ці чорнымі па светламу полю палосамі’ (Нас.), піля́сый ’тс’ (Бяльк.), сюды ж пелесова́ць ’сцябаць пугай, паласаваць скуру біццём; вытоптваць (пра луг або пасевы)’, пелесо́ваный ’жорстка пакараны’ (Нас.), пялёсіны ’пісягі ад дубцоў’ (Наша Слова, 1992, 12 лют.), параўн. рус. пелёсый ’плямісты (пра жывёл)’, польск. pelasy ’тс’, славен. pelésast ’тс’. Роднаснае ст.-слав. пелѣсъ ’пярэсты, у кропачкі’, чэш. pelesa ’від кузуркі’, славен. pelès ’гатунак вінаграду’ і пад., якія параўноўваюць з літ. pelėsis, мн. л. pelė̃siai, pelėsiaĩ ’плесня’, грэч. πελιδνος, πελιτνός ’цёмны, шэры, бледна-сіні’, гл. Фасмер, 3, 229; Махэк₂, 445; Бязлай, 3, 23; ESJSt, 11, 635. Параўн. перапялёсы, пялёсы (гл.).

П’ян м. і ж. р., п яна ’ап’яненне’ (смарг., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Адад’ектыўныя ўтварэнні, гл. пячы; назоўнік м. р., хутчэй за ўсё, другасны, параўн. м. і ж. р. пьянь ’п’янства’ і іншыя назоўнікі з тэматычным суф. *‑ь: бель, гніль і пад., што тлумачыцца генералізацыяй родавых паказчыкаў у выніку выцяснення н. р. на беларуска-балтыйскім паграніччы. Магчыма дапусціць адваротныя дэрываты ад пʼянка ’ап’яненне’ (шальч., Сл. ПЗБ).

Пяне́ўе ’маладое пер’е, адросткі пер’яў пасля лінькі’ (Жд. 2; кам., ЛА, 1), пяне́ўя ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ; мсцісл., З нар. сл.), пнеўе ’тс’ (ЛА, 1). Зборны назоўнік ад пень (гл.), параўн. пні ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), пену́шкі (піну́шкі) ’пачаткі росту пер’я ў птушак’ (Бяльк.) і пад.

П’я́ніца 1 ’аматар выпіць, алкаголік’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), пʼяні́ца (пьяни́ца) ’тс’ (Нас.); параўн. рус. пья́ница, польск. pijanica, серб.-харв. пѝјаница, балг. пия́ница, ст.-слав. пѩница, пьѣнница. Прасл. *pьjanica, *pijanica, вытворнае ад *pijanъ(jь) (БЕР, 5, 285), гл. п’яны.

П’я́ніца 2 ’спарыння’: пʼя́ніца ў ячмені, у пшаніцы (віл., Сл. ПЗБ). Да п’я́ны (гл.), у тым ліку са значэннем ’адурманьваючы’, параўн. славен. pijan ’тс’; вырабы з мукі, змолатай са збожжа, заражонага спарыннёй, маюць ап’яняючы эфект, параўн. балг. пия́но жи́то ’спарыння’.

П’я́ніца 3 ’расходнік, Sedum L.’ (Кіс.). Да п’яны (гл.); паводле Ластоўскага, расліну Sedum acre ’расходнік едкі’ “ужываюць з гарэлкай ад болі жывата” (Ласт., 799); параўн. фармальна блізкае балг. пияница ’расліна Lolium temulentum’, у аснове назвы прызнак ’адурманьваючы’, як і ў серб.-харв. пијана трава ’тс’, ням. Schwindelkorn ’тс’ і пад.

П’яні́ца ’сіло’: зрабіў пʼяні́цу і пыставіў на сініц (в.-дзв., Шатал.). Да пяць, пну ’распінаць, напінаць, нацягваць’; параўн. рус. дыял. пень ’вяроўка’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьnь ’вяроўка’, параўн. лат. pīne, matu pīne ’каса (валасоў)’ (Мяркулава, Этим. иссл., 6, 16–17).

П’яні́цы ’буякі’ (Сл. ПЗБ), піяніцы ’тс’. Да п’яны (гл.), паводле першасных уяўленняў, названы так з-за ап’яняючых, адурманьваючых уласцівасцяў, параўн. рус. дыял. пьяника, пьяница, пьяная ягода, дурника і пад., хаця ачмурэнне выклікае расліна багун, якая расце разам з буякамі: пʼяніцы ядуць, але ад багуна апʼянееш (астрав., Сл. ПЗБ). Меркаванне Грынавяцкене (LKK, 30, 122) пра ўплыў літ. girtuökles (< girtas ’п’яны’) па лінгвагеаграфічных прычынах (фіксацыя назвы пьяная ягода на поўначы Расіі, гл. Мяркулава, Очерки, 234), хутчэй за ўсё, не мае падстаў.

Пяно́к ’загваздка’ (ЛА, 2). Да пень (гл.) са стратай мяккасці зычным кораня, параўн. пянёк ’невялікі пень, абрубак’, магчыма, пад уплывам кліно́к (ад клін, гл.).

П’янто́с лаянк. ’п’яніца’ (лаг., Жд. 2; слуц., Жыв. НС). Вытворнае ад п’я́ны (гл.) пры дапамозе экспрэсіўнага фарманта ‑(т)ос, параўн. фіґос (ад фі́ґа) у выразе: фіґос пад нос (Воўк-Лев., Татарк., 155).

Пянту́х ’вялікі палец на руцэ’ (швянч., Крывіч, 1926, 12, 106). Відаць, ад пяць, пя́ты (гл.) з экспрэсіўнай назалізацыяй (магчыма, пад уплывам польск. piąty), калі мець на ўвазе спосаб падліку на пальцах шляхам іх загібання, пачынаючы ад мізінца. Да словаўтварэння і семантыкі параўн. наступнае слова.

Пянцю́х (пенцюхъ) ’абрубак дрэва’; перан. ’таўстун’ (Нас.). Да пень (гл.), параўн. рус. пе́нтюх ’няўклюда’ (Праабражэнскі, 2, 36; Фасмер, 3, 232). Гл. таксама пенцюха́йла.

П’янчу́га ’горкі п’яніца’ (ТСБМ; мазыр., Грыгор’еў, пісьмовае паведамл.), сюды ж пʼяню́га ’тс’ (Нас., Ян., Сл. ПЗБ); параўн. рус. разм. пьянчюга, балг. пиянчу́га, пиенчу́га. Утворана ад *pьjanъ, *pijanъ, гл. п’яны, пры дапамозе экспрэсіўнай суфіксацыі ‑уга (‑юга); формы з ‑ч‑ у якасці прамежкавай ступені маглі мець утварэнні на ‑чо, параўн. свінчо < свіння, свінка, а таксама балг. дыял. пиянчо́га (гл. БЕР, 5, 285).